Новы смак жыцця |
Пераклады |
30.05.2015 15:32 |
Таямніца Найсвяцейшай Тройцы з даўніх часоў захапляла тэолагаў. Праўда, многім вернікам усё роўна — у трох асобах Адзіны Бог ці не. Гэта не цікавіць таго, хто імкнецца толькі выконваць свае канкрэтныя рэлігійныя абавязкі. Але ж ад таго, як мы ўяўляем Бога, залежыць таксама і нашае ўяўленне пра чалавека. Тое, як мы разумеем Бога, адбіваецца на нашым разуменні саміх сябе. Таму, калі мы прызнаем Бога ў Тройцы Адзінага, гэта, безумоўна, адбіваецца на нашым уяўленні пра саміх сябе. Прызнаючы Найсвяцейшую Тройцу, мы тым самым прызнаем Бога, які не замыкаецца на сабе, але адкрыты для чалавека, які ўключае чалавека ў кругаварот любові, у адносіны паміж Айцом, Сынам і Святым Духам. Найсвяцейшая Тройца ўяўляе сабою супольнасць, і Яна прымае нас, людзей, у супольнасць любові. У Евангеллі, якое чытаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, гаворыцца толькі пра Айца і Сына. Але ў ім гаворыцца таксама пра любоў Айца. Таямніца Найсвяцейшай Тройцы перададзена ў адным кароткім сказе: «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (гл. Ян 3, 16). Бог не застаецца ў самім сабе, але пасылае ў свет свайго Сына. Прычынаю, па якой Бог аддае свайго Сына, з’яўляецца любоў. Повяззю, што звязвае Бога і гэты свет, з’яўляецца любоў, якая яднае Айца з Сынам. Любоў, якою Айцец любіць Сына, адчувальна дасягае нас, людзей, у Езусе Хрысце. Тут яна становіцца бачнаю. У Ім мы атрымліваем магчымасць спазнаць яе. У Езусе Хрысце мы можам адчуць і зведаць Божую любоў. У слове, якое Ён да нас прамаўляе, нас дасягае любоў Айца. Мэта любові Бога, якая выявілася ў ахвяраванні Ім свайго Сына, — зрабіць так, каб мы не згубіліся, не пацярпелі няўдачу, не загінулі, але мелі жыццё вечнае. Вечнае жыццё — гэта значыць сапраўднае жыццё, не проста выжыванне альбо бяздумнае існаванне, але жыццё, якое сапраўды заслугоўвае такой назвы. Вечнае жыццё — гэта для Яна заўсёды таксама Божае жыццё. Сапраўды, чалавек жыве толькі тады, калі ў ім бруіцца Божае жыццё, калі ён мае кантакт з той унутранай крыніцай, якая б’е ў ім, — з крыніцай Духа Святога. І сапраўднае жыццё заключаецца ў тым, што чалавек, які стаў чужым для сябе самога і не здольным любіць, зноў уваходзіць у кантакт з самім сабою і становіцца здольным да любові. Таямніца Найсвяцейшай Тройцы, як яна асвечана ў Евангеллі паводле Яна, паказвае нам, чым на самой справе з’яўляецца чалавек па сваёй прыродзе і як ён можа знайсці сапраўднае жыццё, жыццё ва ўсёй паўнаце. Жыццё ва ўсёй паўнаце для Яна — гэта заўсёды абагаўлёнае жыццё, жыццё ў любові і з любові. Жыццё, якое заслугоўвае называцца жыццём, чалавек мае толькі тады, калі ён далучаецца да Бога. Без Божага жыцця чалавек бессэнсоўна блукае па гэтай зямлі. Бо ён становіцца чужым у адносінах да самога сябе і да сваёй боскай прыроды, становіцца няздольным да любові. Тут яго спасцігае пагібель. Тут ён губляе самога сябе.
З даўніх часоў у чалавеку жыве туга па тым, каб быць любімым і любіць. Хто не любіць, той адчувае сябе выключаным з жыцця. Але пры ўсім сваім гарачым імкненні да любові чалавек зведвае таксама, якая кволая ягоная любоў. Яго любоў скажаецца з-за прэтэнзій на валоданне каханым, з-за рэўнасці і неапраўданых спадзяванняў. Любоў можа раптам ператварыцца ў нянавісць. Альбо яна знікае, нібы працякае паміж пальцаў. Проста раптам мы больш не адчуваем яе. Ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы чалавечая туга па любові становіцца запатрабаванай. Аднак адказ, які нам даецца, — не прымітыўнае абнадзейванне, што ёсць дастаткова людзей, якім мы падабаемся і якія маюць пяшчотныя пачуцці ў адносінах да нас, альбо што мы абавязкова некалі перажывем вялікае каханне. Свята не абнадзейвае нас таксама простым указаннем на тое, што Бог нас любіць. Гэта — свята Любові, з якою Бог даў нам свайго Сына. У грэчаскім тэксце Евангелля стаіць толькі абсалютнае edoken — Ён даў. У Евангеллі паводле Яна спасланне Духа Святога апісваецца як акт дыхання. Вечарам у пасхальную нядзелю дыхнуў Езус на сваіх вучняў і сказаў ім: «Прыміце Духа Святога» (гл. Ян 20, 22). Езус перадаў ім у сваім дыханні Духа, якім Ён жыў. Гэта не проста нейкі дух, але асабісты Дух Езуса, які быў уласцівы Яму, калі Ён жыў і любіў, калі падыходзіў да людзей, загаворваў з імі і дакранаўся да іх. Гэты Дух бруіцца ў нас, і з ім перацякае ў нас любоў, якая схіліла Айца даць нам Сына, і любоў, якую перадаў Сын нам, людзям, у сваіх словах і ўчынках. Гэта было мэтаю Езуса — напоўніць нас любоўю Бога ў Тройцы Адзінага: «І Я адкрыў ім Тваё імя і буду адкрываць, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, а Я ў іх» (гл. Ян 17, 26). Свята Найсвяцейшай Тройцы абвяшчае нам радаснае пасланне, што Божая любоў жыве не ў далёкім Небе, але ў нашых сэрцах, і што праз гэтую любоў мы злучаныя з Айцом і Сынам. Святы Дух з’яўляецца гэтай любоўю, якая бруіцца ў нас і дае нам удзел у напоўненай любоўю супольнасці Айца і Сына. Такім чынам, у нашых сэрцах існуе не толькі любоў, якую мы адчуваем і якая часам нібы працякае паміж пальцаў. Не толькі любоў, на якую мы згаджаемся альбо якая навальваецца на нас, калі мы закахаемся. У нас існуе любоў іншай якасці — Божая любоў, якая надае нашаму жыццю новы смак. У гэтай любові спаўняюцца нашыя самыя гарачыя прагненні. Мы — не толькі людзі, якія любяць таго ці іншага, альбо якіх любіць той ці іншы. Мы — людзі, якія самі з’яўляюцца любоўю, у якіх жыве, ажно бруіцца, любоў да ўсіх, любоў, дзякуючы якой у нас ёсць сам Бог і якая далучае нас да Бога. Д-р тэалогіі Анзэльм Грун |