Што такое гомасексуалізм: погляд псіхолага |
Пераклады |
07.10.2015 12:02 |
Няма асновы сцвярджаць, што мужчыны і жанчыны з гомасексуальнымі схільнасцямі адрозніваюцца біялагічна ці фізічна ад нармальных людзей. Калі б гомасексуалісты ў дзяцінстве і юнацтве не перажылі на сабе вынікі негатыўных псіхалагічных фактараў, то яны б выраслі нармальнымі, гетэрасексуальнымі мужчынамі і жанчынамі, такімі ж, як і большасць людзей (усяго 2% людзей мае сапраўды гомасексуальныя схільнасці). Такім чынам, гомасексуалізм з’яўляецца вынікам няправільнага эмацыйнага ці асабістага сталення, вынікам псіхалагічных скажэнняў у дзяцінстве і юнацтве. Спачатку патрэбна зразумець сутнасць гэтых эмацыйных скажэнняў, а затым разгледзець фактары, звязаныя з асяроддзем (сям’ёй і равеснікамі), якія прывялі да іх. Удакладнім: у большасці выпадкаў цяга да прадстаўнікоў таго ж полу, якая можа ўзнікнуць у юнацтве падчас палавога сталення і якая мае часовы характар, не прыводзіць да гомасексуалізму. Яна можа з’явіцца на пачатковым этапе палавога сталення, калі сексуальныя інстынкты яшчэ не развітыя і з часам знікаюць. Толькі тады можна казаць пра гомасексуалізм, калі дарослы чалавек па-ранейшаму адчувае моцную ці нават большую цягу да прадстаўнікоў таго ж полу, а рэдка ці ніколі не адчувае яе да прадстаўнікоў супрацьлеглага. Значэнне падлеткавага ўзросту Найбольш важны ўзрост, у якім могуць узнікаць і паступова замацоўвацца гомасексуальныя схільнасці — гэта падлеткавы перыяд. Развіццё цягі да прадстаўнікоў таго ж полу залежыць ад пэўных умоваў, у тым ліку ад кантактаў падлетка з равеснікамі, сябрамі, ад спосабу выхавання і, нарэшце, ад уласнай волі, уласных духоўных і маральных выбараў. Часовая цікавасць да прадстаўнікоў таго ж полу і сексуальныя эксперыменты часта назіраюцца ў перыяд палавога сталення. Звычайна такая цяга праходзіць без следу, і толькі ў абсалютнай меншасці падлеткаў яна застаецца. У жыцці гэтых падлеткаў не наступае чарговая фаза сексуальнага развіцця, якая пачынаецца з адкрыцця таго, што супрацьлеглы пол можа быць аб’ектам эратычнай цягі. Іх гомасексуальныя схільнасці могуць нават узмацніцца з узростам. Чаму? Таму што іх гомасексуальныя схільнасці з’яўляюцца як вынік комплексу непаўнавартаснасці ў пытаннях сексуальнага самавызначэння. Гэтыя маладыя людзі пакутуюць, таму што думаюць, што яны адрозніваюцца ад сваіх сяброў, што яны горшыя ад астатніх у сферы выражэння мужчынскасці ці жаноцкасці. Яны адчуваюць, што не належаць да мужчынскага ці жаночага свету сваіх равеснікаў, не з’яўляюцца яго часткай. Пачуццё адчужэння можа матываваць вялікае няспраўджанае жаданне належаць да групы хлопчыкаў ці дзяўчат, якое, у сваю чаргу, нараджае гомасексуальныя фантазіі. Чым менш упэўнены падлетак у сваёй мужнасці ці жаноцкасці, чым менш прызнаюць яго прадстаўнікі яго ж полу, чым менш у яго сяброў, чым больш ён адзінокі, тым мацней могуць праяўляцца фантазіі ў адносінах да прадстаўнікоў свайго ж полу.
Комплекс непаўнавартаснасці азначае, што ўспрыманне сябе горшым за іншых стала моцным і дамінуючым. Таксама як і іншыя, комплекс сексуальнай непаўнавартаснасці не бярэцца з ніадкуль. У большасці выпадкаў мужчынскі бок дагомасексуальнай асобы хлопчыка недаразвіваецца, таксама, як і жаночая ідэнтычнасць дзяўчынкі. Мужчынскія і жаночыя рысы асобы становяцца ўсё больш важнымі з самага пачатку палавога сталення, калі падлетак пачынае параўноўваць сябе з равеснікамі таго ж полу ў адносінах фізічных і псіхалагічных узораў мужнасці ці жаноцкасці. Адсюль вынікае, што комплекс сексуальнай непаўнавартаснасці мае свой пачатак у падлеткавым узросце. Дзецям і падлеткам складана ставіцца да сябе і свайго жыццёвага вопыту аб’ектыўна, асабліва да раненняў (прыніжэння) сваёй годнасці. Яны адчуваюць сябе прыціснутымі. У юным узросце такі стан звязаны з пачуццём жалю да сябе. Жаль да сябе ў дзяцінстве і падлеткавым узросце можна назваць эгаістычным драматызаваннем, паколькі малады чалавек звычайна адчувае сябе ўнікальным і адзіным у сваіх пакутах, адзінокай ахвярай, нешчаслівым маленькім чалавечкам, пакутнікам. Жаль да сябе адначасова становіцца суцяшэннем сябе таксама, як спачуванне да іншых пакутнікаў можа даць ім палёгку. Праблема жалю да сябе заключаецца ў тым, што яна лёгка перараджаецца ў звычку, паколькі з’яўляецца формай задавальнення самалюбства, якая, з аднаго боку, дапамагае перажыць траўматычныя перажыванні, а з іншага можа стаць хранічнай, моцнай залежнасцю. Туга па гомасексуальнаму каханню Гомасексуальная цяга, якая магла б знікнуць, падтрымліваецца жалем да сябе, які цягнецца шмат гадоў. Гэта хутчэй сумная, прасякнутая трагізмам цяга. Падлетак, самотны ў мужчынскай групе, у адрозненне ад іншых хлопчыкаў і юнакоў, гатовы захапляцца тымі, у каго ёсць усё, чаго яму не хапае: адвага, мужнасць, мужчынская прыгажосць і г. д. Ён ім зайздросціць і можа пачаць фантазіраваць пра тое, што яны яго заўважаць, што ён стане іх адзіным блізкім сябрам. Гэта б значыла, што іншыя мужчыны прызнаюць яго сваім, што ён належыць да іх групы. Але гэта толькі мары, якія ўзмацняюць яго пачуццё непаўнавартаснасці. Такімі фантазіямі корміцца яго эгаістычны жаль да самога сябе і блакуюцца яго магчымыя здаровыя спробы ўдзельнічаць у актыўным рэальным жыцці равеснікаў. Тут можа ўзнікнуць значымы сексуальны элемент. У перыяд палавога сталення захапленне сапраўднымі або ўяўнымі кумірамі свайго полу, іх паводзінамі ці фізічнай прыгажосцю блізкае да закаханасці і можа лёгка набыць эратычную афарбоўку. Чым больш дзіця адчувае сябе самотным і няшчасным, тым мацней яго фантазіі і тым з большай ахвотай ён хаваецца ад акаляючай рэчаіснасці ў сваіх марах. Але, на жаль, гэта не кампенсуе яму яго цяжкае становішча ў групе хлопчыкаў і юнакоў. Хутчэй наадварот, прывязвае яго да немужчынскіх пачуццяў і драматычных, нездаволеных жаданняў. Сямейныя фактары Комплекс непаўнавартаснасці ў пытаннях мужнасці і жаноцкасці часта ўзнікае як рэакцыя на пэўныя ўмовы ў сям’і і групе аднагодкаў. У працэсе выхавання пераважнай большасці гомасексуалістаў-мужчын у псіхалагічных адносінах важную ролю адыграла маці, бацька ж практычна адсутнічаў ці нават іграў адмоўную ролю. Існуюць розныя варыянты гэтай асноўнай схемы. Маці магла праяўляць празмерны клопат, занадта трывожыцца і хвалявацца за дзіця, які быў для яе ўсім светам, амаль боствам. Маці панавала ў жыцці дзіцяці, усё дазваляла ці, наадварот, усё забараняла. Бацька быў слабы, няўпэўнены ў сабе (мадэль слабой мужчынскай ролі) ці не цікавіўся сынам, ставіўся да яго крытычна, а часам адмаўляўся ад яго. У выніку хлопчык быў занадта прывязаны да маці і практычна не звязаны з бацькам. У нармальнай сітуацыі хлопчык павінен разумець і адчуваць, што ён з’яўляецца часткай бацькоўскага свету ў большай ступені, чым свету маці, і гэта павінна нараджаць у ім мужчынскую ўпэўненасць у сабе. Большасць хлопчыкаў, якія ў будучыні станавіліся гомасексуалістамі, не мелі ў сабе такой упэўненасці, многія адчувалі сябе падобнымі хутчэй на маці, стараліся быць падобнымі на яе ў большай ступені, чым на тату. Многія маці гомасексуалістаў занадта моцна прывязвалі да сябе сваіх сыноў – з-за ўласнай слабасці, абмежаванасці, адсутнасці душэўнай раўнавагі, з-за сужэнскіх праблем, з-за таго, што сын быў асобай з абмежаванымі магчымасцямі, і па некаторых іншых прычынах. Многія бацькі, у сваю чаргу, аказваліся дрэннымі па прычыне позняга ці пазашлюбнага бацькоўства ці таму, што пакідалі клопат пра хлопчыка сваёй жонцы, або былі вельмі занятымі, а таксама па шматлікіх іншых прычынах. Такія варыянты бацькоўскага ўплыву прыводзяць да таго, што мужнасць хлопчыка і яго ўпэўненасць у сабе (як мужчыны) не развіваюцца да канца. Яго асоба часта характарызуецца такімі рысамі, як нязбытнае імкненне быць адважным, нясмеласць, слабасць, празмерная залежнасць ад іншых людзей, жаль да самога сябе, дзіцячыя звычкі, празмерна жаноцкія паводзіны. З-за гэтага ён не можа справіцца з равеснікамі і аказваецца па-за групай («адзінокі воўк»). Да таго ж матулін сынок ці занадта баязлівы хлопчык становіцца прадметам кпінаў і здзекаў з боку сваіх аднагодкаў. Гэтыя фактары адказваюць за большасць выпадкаў, калі юнак адчувае ў сабе недахоп мужчынскасці, і таму не да канца належаць свету хлопчыкаў і мужчын, інакш кажучы – за спецыфічны комплекс сексуальнай непаўнавартаснасці, узгаданы вышэй. Вельмі часта ў дзяўчынкі, у якой у выніку развіваюцца лесбійскія схільнасці, няма добрых, даверлівых зносін з маці – а менавіта маці стымулюе ў дзяўчынкі развіццё жаночай натуры, інстынктаў, упэўненасці ў сабе. Часам бацька адыгрываў вельмі важную ролю ў выхаванні дзяўчынкі, а маці была псіхалагічна на другім плане. У іншых выпадках бацька недаацэньваў жаночы пол, мала цікавіўся дзяўчынкай, больш займаўся выхаваннем сыноў. Гэта прыводзіць да таго, што дзяўчынка цалкам пераймае звычкі і захапленні хлопчыкаў (дзякуючы чаму яна адчувае сябе паўнавартаснай); больш за тое, гэта схіляе яе да заніжанай самаацэнкі, адчування, што яна не такая, як іншыя дзяўчынкі, што яна «несапраўдная дзяўчынка». Вельмі часта да жаночай няўпэўненасці дадаецца яшчэ і «комплекс пудзіла». Яна адчувае сябе непрывабнай, менш прыгожай за іншых ці празмерна падобнай на хлопчыка. Адсутнасць жаночай упэўненасці ў сабе вядзе да таго, што дзяўчынка адмаўляецца ад сваёй жаноцкасці, гэтаксама як людзі адмаўляюцца ад роляў і паводзін, якія выклікаюць у іх балючае пачуццё ўласнай непаўнавартаснасці. У падлеткавым узросце дзяўчынка, якая ў выніку можа стаць лесбіянкай, адчувае сябе самотнай, не такой, як іншыя дзяўчынкі, і часта не ўмее з імі пасябраваць; яна пачынае марыць пра ідэальных сябровак, крыху старэйшых за яе, якія нагадваюць ёй маці, і аб пачуццёвых адносінах з эратычным падтэкстам. Рысы гомасексуальнай асобы Галоўныя рысы гомасексуальных схільнасцяў можна коратка апісаць у некалькіх звязаных паміж сабой пунктах:
З медыцынскага пункту гледжання, гомасексуалізм – адзін з відаў сексуальнага неўрозу. Кажучы аб’ектыўна, людзі, у якіх ёсць такія схільнасці, патрабуюць канструктыўнай дапамогі, і тыя, хто жадае яе атрымаць, павінны мець магчымасць яе знайсці. Таму нельга ставіцца абыякава да пакут гомасексуалістаў, неабходна дапамагчы ім пачаць барацьбу за нармальнае жыццё, і чым раней, тым лепш. Д-р Герард ван ден Ардвег (Галандыя) З артыкула Ардвег Г., Что такое гомосексуализм?//Любите друг друга. №1 (17), 2014. Пераклад Марыны Валасар |