Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чым з'яўляецца сапраўдная вера?
Пераклады
03.12.2015 10:34

Усе мы кажам, што верым, аднак не заўсёды ўсведамляем да канца, чым сапраўды з'яўляецца нашая вера. На самым павярхоўным узроўні мы можам разгубіцца і пераблытаць веру з рэлігіяй, з пошукам не Бога, а супакою і стабільнасці, або з задавальненнем нейкіх сваіх эгаістычных унутраных жаданняў, схаваных у падсвядомасці.

Актыўнасць нашага духоўнага жыцця залежыць ад годнасці і недахопаў нашай веры.

Верыць – думаць, як Бог

Вера – гэта ўдзел у думцы Бога, гэта звышнатуральны розум, які робіць нас здольнымі разважаць так, як разважае Бог – і пра сябе, і пра ўсё, з чым мы сутыкаемся ў жыцці. Таму верыць – гэта значыць узгадняць сваю думку з думкай Бога і з Яго думкай згаджацца.

Мэта нашай веры заключаецца ў тым, каб мы думалі, як Хрыстyс, каб мы дазволілі Яму, жывучы ў нас пасродкам веры, выкарыстоўваць нас, думаць у нас, жыць у нас.

Вера змяняе наш вобраз мыслення, вучыць нас заўсёды ставіць Бога на першае месца, старацца арыентаваць на Яго ўсё нашае жыццё, тлумачыць свет у Яго Боскім святле. Тады ўсе нашыя суджэнні, ацэнкі, жаданні і надзеі будуць асветлены святлом веры. Так адбываюцца зносіны ў веры, якія могуць дасягнуць сваёй паўнаты толькі ў любові.

Навакольны свет – гэта быццам звернуты да нас голас. Калі нашая вера слабая, то гэты голас адцягвае нас, адводзіць ад Бога, прыцягвае нашую ўвагу да сябе. Па меры ўзрастання нашай веры адбываецца адваротны працэс. Тады знешні свет пачынае казаць нам пра Бога, звяртае да Яго нашую ўвагу, прыцягвае да Яго, становіцца знакам Яго прысутнасці, дапамагае ўсталяваць з Ім кантакт, становіцца для нас месцам сустрэчы з Ім.

Вера робіць нас здольнымі пераадольваць ілюзіі, дапамагае за другаснымі прычынамі разгледзець першапрычыну. Яна дазваляе ўбачыць, што ўсё, што адбываецца вакол, здзяйсняецца не сілай чалавека.

Дзякуючы веры мы можам адкрываць у стварэнні сляды Бога, бачыць у з’явах і падзеях праяўленне Божай волі, бачыць кожную падзею як «праходжанне» Бога.

Кожнае імгненне нашага жыцця прасякнута Прысутнасцю Бога. Таму жыць верай – значыць умець заўважаць Прысутнасць, якая любіць і пастаянна адорвае нас.

Кожнае імгненне з’яўляецца евангельскім талентам, таму што з’яўляецца Прысутнасцю, якая да чагосьці нас заклікае. З кожнай хвілінай, незалежна ад таго, радасная яна ці горкая, Бог звязвае сваё благаслаўленне.

Вера як адданне сябе Хрысту

У суб’ектыўным сэнсе вера – гэта не толькі ўдзел у жыцці Бога, гэта таксама і экзістэнцыйнае адданне сябе Хрысту як адзінаму Богу і адзінай любові.

Выбар Хрыста найвышэйшай каштоўнасцю магчымы толькі тады, калі мы будзем згодныя на тое, каб Ён сам сфармаваў нас.

Адданне сябе Хрысту не будзе магчымым без адрыву ад таго, што нас можа знявольваць.

Убачыць, якія віды мамоны з’яўляюцца ў тваім жыцці, які вобраз яна набывае, табе дапаможа аналіз тваёй малітвы. Пазнаючы, пра што часцей за ўсё ты думаеш падчас малітвы, ты ўбачыш, што для цябе з’яўляецца скарбам.

«Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша» (Мц 6, 21). Твая разгубленасць дазваляе табе ўбачыць, наколькі ты прывязаны да мамоны. Калі гэтая прывязанасць вялікая, то не здзіўляйся, што табе цяжка сканцэнтравацца падчас Ружанца, адарацыі ці святой Імшы.

Бачным сімптомам прывязанасці з’яўляецца таксама твой смутак у сітуацыях, калі Бог штосьці ў цябе забірае. А Ён будзе адымаць у цябе тое, чым ты зняволены, значыць усё тое, што з’яўляецца тваім самым вялікім ворагам, з-за чаго тваё сэрца несвабоднае для Бога. Толькі калі мы будзем згаджацца на такія сітуацыі і спакойна прымаць іх, будзем станавіцца ўсё больш вольнымі.

Як вучань Хрыста ты пакліканы да малітвы, прычым да малітвы сузіральнай, але для таго, каб твая малітва калі-небудзь стала сузіраннем, неабходна, каб тваё сэрца было вольным. Вось чаму Хрыстус так змагаецца за свабоду твайго сэрца пры дапамозе розных падзей, цяжкасцяў і жыццёвых нягод. Ён чакае, што ты будзеш імкнуцца ачысціць сваё сэрца ад прывязанасцяў.

Верыць – значыць бачыць і разумець сэнс свайго жыцця згодна  з евангельскай перспектывай: Бог важней за ўсё. Менавіта вера стварае ўнутры нас пустую прастору, прызначаную для Бога.

Вера без апор

Вера – гэта ўдзел у жыцці Бога, адданне сябе Яму як адзінаму Богу, пошук апоры выключна ў Ім.

Чалавек арыентаваны на пошукі пачуцця бяспекі, на пошук апоры, а гэта значыць, што ён арыентаваны на тое, каб мець нейкую сістэму падстраховак, каб на кагосьці разлічваць, каб на штосьці або кагосьці спадзявацца.

Пачуццё бяспекі – гэта асноўнае, самае элементарнае патрабаванне чалавечай псіхікі. Яго адсутнасць у нейкай небяспечнай сітуацыі, ці калі нас пазбаўляюць адной з апор, нараджае страх.

Для таго, каб у сваёй веры мы абапіраліся на Хрыста і ва ўсім спадзяваліся на Яго, мы павінны прызнаць, што толькі Ён з’яўляецца нашай праўдзівай гарантыяй бяспекі.

Верыць – значыць не абапірацца ні на што, акрамя Бога. Мы не можам абапірацца ні на адзін з Яго дароў – толькі на Яго самога, на Яго бясконцую сілу і бязмежную любоў.

Бог можа нас пазбаўляць сістэм падстраховак, але мы можам рабіць гэта і самі. Тады адбываецца нашае актыўнае ачышчэнне ад зняволенняў. Так адбывалася ў выпадку евангельскай удавы, якая сама сябе пазбаўляла ўсяго.

Ствараючы сістэму чалавечых апор, ты не дазваляеш веры ўзрастаць. Твая вера паглыбіцца толькі тады, калі ты згодзішся, каб Бог стаў для цябе адзінай апорай і адзінай гарантыяй бяспекі.

Заклікам да такога паглыблення нашай веры, каб Бог стаў для нас адзінай апорай, з’яўляецца просьба малітвы «Ойча наш»: «Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння». Тут бачны намёк на сітуацыю, якая мела месца ў пустыні падчас зыходу Выбранага народа ў Ерузалем.

Менавіта ў перыяды пустыні з чалавека выходзіць тое, што сядзіць у ім вельмі глыбока: эгаізм, недавер, жаданне ствараць для сябе свае ўласныя сістэмы падстраховак.

Сталасць веры – гэта гатоўнасць аддаць Богу ўсё, што Ён нам дае, гэта поўнае даручэнне сябе Яму.

Нам ні да чаго не варта прывязвацца, нават да духоўных дароў, нават да святой Камуніі.

Існуе толькі адна рэальнасць, да якой нам можна прывязвацца і ў выніку якой няма прысвойвання – воля Божая. Усё, акрамя волі Божай, ёсць дар і сродак для дасягнення мэты, але не мэта. Калі мы прысвойваем Божы дар, то Бог або знішчае яго, або – выпрабоўваючы нас пакутай – паказвае нам, што самі па сабе мы нічога не маем, што мы бездапаможныя і гэта Ён адорвае нас усім.

Таму няма іншага шляху да супакою, чым шлях, на якім чалавек цалкам спадзяецца на Божую волю, а значыць, на Яго любоў.

Паводле кнігі кс. Тадэвуша Дайчэра «Разважанні пра веру»

Пераклад Марыны Валасар

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.