Ці пускаць дзіця на гучную забаву ў пост? |
Пераклады |
17.02.2016 00:00 |
Маю дачку ўжо даўно запрасіла на дзень нараджэння аднагрупніца з
дзіцячага садка. Я пагадзілася, таму што забылася, што гэта ўжо будзе
пост. І хоць у пост можна святкаваць дзень нараджэння, але не ведаю, што
рабіць, таму што там будзе клоўн. А дачка ўжо дні лічыць, у адказ на маё
«магчыма, не пойдзеш» плача. Ці лічыцца такое святкаванне для дзіцяці гучнай забавай? Наколькі строга дзіця павінна ад гэтага ўстрымлівацца? На пытанне адказвае доктар маральнай тэалогіі кс. Віктар Сівец. Менавіта ў вашым выпадку няма маральных перашкодаў адносна ўдзелу вашага дзіцяці ў святкаванні дня нараджэння. Ва ўзросце вашага дзіцяці гульня займае значнае месца, дапамагае развіццю яго індывідуальнасці, таму было б недарэчна на час посту абмяжоўваць дзіця ў нечым, што інтэгруе яго як асобу. Пазней, калі дзіця будзе падрастаць, пойдзе да першай споведзі, прыступіць да першай Камуніі, пачне ўдзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі, будзе ўсё больш уваходзіць у жыццё Касцёла – яно стане асобай, якой трэба будзе выконваць касцёльныя запаведзі. Вашае пытанне адносіцца да чацвёртай касцёльнай запаведзі, якое гучыць так: «Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах». Сцвярджэнне «захоўваць пост» азначае «авалодваць нашымі схільнасцямі і набываць свабоду сэрца» (ККК 2043). Практычным сродкам, які вядзе да авалодання схільнасцямі, з'яўляецца ўстрыманне ў кожную пятніцу і падчас Вялікага посту ад удзелу ў гучных забавах. Гэта толькі сродак, які павінен захаваць нам час для дынамічнай працы над сабой, каб атрымліваць свабоду сэрца, г.зн. сапраўдную хрысціянскую вольнасць. З вышэйсказанага можна зрабіць такую педагагічную выснову: у пары з псіхафізічным развіццём дзіцяці павінна ісці духоўна-маральнае развіццё. Паступова, калі дзіця пачынае разумець свае грахі і адкрывае заганы і слабасці, яно вучыцца захоўваць пост, каб атрымліваць свабоду сэрца. У гэты момант бацькі адыгрываюць далёка не апошнюю ролю. Такім чынам, па меры ўваходжання ў дарослае жыццё і паглыбляецца мера посту. Паводле CREDO, |