Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці асудзіў Касцёл сучаснасць?
Рубрыка Ватыканскага радыё
30.04.2012 10:04

2000 год — год Вялікага юбілею хрысціянства. 3 верасня на плошчы св. Пятра ў Рыме адбывалася вялікая падзея — кананізацыя двух Пантыфікаў. Адзін з іх застаўся ў гісторыі як прагрэсіст і ініцыятар вялікіх перамен, а іншы, як кансерватар. Першы — Ян ХХІІІ, другі — Пій ІХ. Гэтыя Папы далі пачатак правядзенню двух Ватыканскіх Сабораў — Ян ХХІІІ — другога, а Пій ІХ – першага. Калі, згодна з абрадам кананізацыі, на фасадзе базылікі св. Пятра быў адкрыты партрэт Пія ІХ, прысутныя на ўрачыстасці вернікі вельмі стрымана выражалі сваю радасць, а калі адкрывалася выява Яна ХХІІІ, «добрага Папы», загучалі доўгія апладысменты. Гаворачы аб такой рэакцыі грамадства на кананізацыю Пія ІХ, нямецкі журналіст Андрэас Інгліш, пісаў, што ён быў «адным з самых неадназначных Пантыфікаў ... які змагаўся з дэмакратыяй, свабодай думкі і слова і не паважаў іншыя рэлігіі».

У віну Пію ІХ часта ставяць «асуджэнне сучаснасці» ў выданым ім у 1864 г. дакуменце пад назвай «Sillabo» — спісу памылковых ідэй і з’яваў новага часу, сярод якіх: лібералізм, атэізм, камунізм, сацыялізм, рэлятывізм. Акрамя таго, дакумент асуджаў «грамадзянскія шлюбы» і адлучаў ад Касцёла лідэраў італьянскага нацыянальнага Адраджэння. Што кіравала Папам у прыняці такога рашэння, што ён асудзіў на самой справе і ці лічыў ён сучаснасць памылкай? Аб гэтым мы пагаворым у сённяшняй праграме.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Па-першае, варта ўзгадаць аб гістрычным кантэксце, у якім жыў Пій ІХ. У яго час Касцёл знаходзіўся перад вельмі вялікай пагрозай. Карыстаючыся метафарай нямецкага гісторыка Міхаэля Хэзэмана, можна сказаць, што тады «лодка св. Пятра патрапіла на такія вялікія хвалі, якія, як ніколі ў гісторыі, пагражалі яе затапленню».

Канец XVIII ст. даў пачатак развіццю ідэй французскай рэвалюцыі. Цікава, што першапачаткова гэтыя ідэі былі добра прыняты ў Касцёле. Многія біскупы і святары разумелі цяжкую эканамічную сітуацыю, у якой знаходзілася асноўная маса насельніцтва, і таму 5 жніўня 1789 г. дабраахвотна адмовіліся ад сваіх феадальных правоў на карысць сялян і грамадзян. Адмену падзелу паміж сацыяльнымі класамі ў Францыі іерархі віталі гімнам «Te Deum». Аднак, хутка дзяржаве-банкроту спатрэбіліся фінансавыя сродкі і было прынята рашэнне аб абагачэнні за кошт маёмасці Касцёла. З паплечніка Касцёл пераўтварыўся ў ворага. Аб наступствах пераследу канца XVIII cт. многім вядома: былі закрыты кляштары і святыні, адменены грыгарыянскі каляндар, змяняліся назвы гарадоў, замест хрысціянства ўводзіўся «культ розуму», святары абвяшчаліся дзяржаўнымі працаўнікамі, а хто адмаўляўся парваць сувязь з Папам адпраўляўся на гільяціну. Толькі за 1789 г. у Францыі было забіта 22 938 святароў і законнікаў.

У 1798 г. Францыя аб’явіла вайну Папскай дзяржаве і акупавала Рым. Пій VI памёр у палоне. Пасля кароткага перамір’я ў 1808 г. войскі Напалеона зноў акупавалі Рым і ўзялі ў палон Пантыфіка. Толькі пасля Венскага кангрэса Аўстрыя і Францыя аб’явілі сябе абаронцамі Папы і размясцілі свае войскі на тэрыторыі Папскай дзяржавы. Незалежнасць Касцёла сутыкнулася з самай небяспечнай пагрозай у гісторыі.

У такіх умовах на пасад св. Пятра быў абраны Пій ІХ. Яго лічылі вельмі ліберальным і лагодным кандыдытам. Папа абвясціў амністыю для ўсіх палітычных вязняў, якія знаходзіліся ў Рыме, прыняў Канстытуцыю Папскай дзяржавы і дазволіў арганізаваць Грамадзянскую раду. Па чацвергах ён пачаў сустракацца з вернікамі падчас агульнай аўдыенцыі.

Цікава, што дзеячы нацыяльнага італьянскага Адраджэння жадалі бачыць у ім кіраўніка свайго руху. Аднак Папа адмовіўся пасля таго, як убачыў, што нацыяналістычны рух пачынае набываць радыкальныя формы. Ён не хацеў паўтараць памылку, якую дапусцілі раней французскія біскупы — прывесці да ўлады сапраўдных ворагаў Касцёла. Многія дзеячы нацыянальнага італьянскага Адраджэння былі членамі масонскіх ложаў і аб гэтым было вядома яшчэ тады. Таму, ведаючы аб іх сапраўдных імкненнях, Папа адмовіўся іх падтрымліваць.

У 1861 г. кароль Віктар Эммануіл, быў абвешчаны каралём Італіі. Папе было прапанавана дабраахвотна далучыць Рым да новай дзяржавы. Ён адмовіўся, але праз 10 гадоў, калі французскія і аўстрыйскія войскі перасталі ахоўваць Пантыфіка, італьянская армія захапіла Вечны горад сілай.

У такіх умовах Пій ІХ і апублікаваў свой знакаміты дакумент «Sillabo» — спіс галоўных памылак сучаснага свету. Крытыкі ўбачылі ў ім выклік, які Папа кінуў цывілізаванаму свету: маўляў, Рымскі Пантыфік выступіў супраць любых форм прагрэсу «супраць гарачай вады, газа і чыгункі», як з іроніяй адзначаў нямецкі гісторык Вальтэр Брандмюллер.

Аднак, на самой справе Папа па-прароцку ўбачыў небяспеку, якую нясуць у сябе новыя ідэі. Яго дакумент не меў дагматычнага характару – ён толькі звяртаў увагу на тое, што можа прынесці шкоду чалавецтву. Папа падкрэсліваў, што Касцёл не павінен падпарадкоўвацца палітыкам і духу часу, яго місія заключаецца ў абароне вечных каштоўнасцяў. Пій ІХ указаў на небяспеку, якую нясе ў сабе сляпае вера ў навуку, што панавала ў ХІХ ст. Асудзіўшы камунізм, нацыяналізм і лібералізм, Пій ІХ імкнуўся абмежаваць палітычны таталітарызм і грамадскі нігілізм.

Ад гэтых з’яваў свет пакутаваў на працягу ХХ ст. і працягвае цярпець сёння: не варта забываць, як рамантыкаў-нацыяналістаў ХІХ ст. змянілі Гітлер і Мусаліні, барцоў за сацыяльную несправядлівасць змяніў Сталін, а вера ва ўсемагутнасць навукі працягвае абражаць чалавечую годнасць, прыводзіць тысячы людзей да духоўнай адзіноты і спрыяе нясучым смерць адкрыццям. Такім чынам, ідэі Пія ІХ можна назваць па-сапраўднаму прароцкімі, бо ўсе «ізмы», якія ён асудзіў ў ХІХ ст., ў ХХ ст. сталі ў наступстве прычынай самых жудасных катастроф.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.