«100 пытанняў — 100 адказаў». Як быў падзелены Паўсюдны Касцёл? |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
18.07.2012 10:51 | ||||||||
Адным з самых балючых пытанняў у гісторыі Касцёла з’яўляецца раскол на ўсходніх і заходніх хрысціян. Яго наступствы, звязаныя з узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю дыялога і любові, якая павінна існаваць паміж вызнаўцамі Хрыста, на працягу амаль тысячы гадоў перашкаджалі плённа сведчыць аб евангельскім пасланні.
Але сёння, калі назіраецца ўмацаванне экуменічнага дыялога, варта ўзгадаць і пераасэнсаваць тое, што паклала пачатак расколу. Гэта дапаможа нам убачыць, што сапраўдныя прычыны падзелу заключаліся менавіта ў недахопе павагі і любові адзін да аднаго, асабістых амбіцыях і няздольнасці весці дыялог. Аб тым, якім чынам адбыўся падзел у Паўсюдным Касцёле, мы пагаворым зараз. Пасля расколу імперыі Карла Вялікага на тры часткі папа Мікалай І прыклаў усе намаганні для таго, каб захаваць адзіным Касцёл і ўмацаць уласную ўладу. Ён, грунтуючыся на некаторых дакументах (няхай часткова, а часам нават і цалкам фальсіфікаваных), пакінуў за сабой права вырашаць усе самыя важныя пытанні на тэрыторыі былой імперыі. Паводле Пантыфіка, усе дзяржаўныя законы, якія супярэчылі кананічнаму праву, абвяшчаліся пазбаўленымі сілы, а тым, хто не паважаў рашэнні Святога Айца, пагражала самае высокае пакаранне — адлучэнне ад Касцёла і пазбаўленне магчымасці збаўлення. Зусім іншая сітуацыя панавала ва Усходняй частцы імперыі. Імператар Леў ІІІ абвясціў барацьбу супраць шанавання выяваў Езуса, Марыі і святых. Насуперак пратэстам Патрырха, імператар самавольна абвясціў барацьбу з абразамі. Супрацьстаянне паміж патрыярхамі і імператарамі ў выніку прывяла да таго, што апошнія пачалі самі прызначаць кіраўнікоў Царквы. Адным з такіх прызначаных іерархаў стаў Патрыярх Фоцій — былы палітык, вайсковец, выкладчык і навуковец. Ён, з дапамогай свецкага манарха, за пяць дзён прайшоў усе неабходныя ступені царкоўнай кар’еры ад паслушніка да дыякана, ад святара да епіскапа і нарэшце да Патрыярха, каб замяніць на гэтай высокай пасадзе няўгоднага імператару Патрыярха Ігнація. Калі Папа даведаўся аб такім адкрытым умяшальніцтве свецкага імператара ў справы Царквы, ён напоўніўся гневам. Мікалай І назваў зрынутага Патрыярха Ігнація сваім сябрам і сапраўдным хрысціянінам, адзіным сапраўдным кіраўніком Царквы на Усходзе, і адлучыў ад Касцёла Фоція. Апошні, у сваю чаргу, абапіраючыся на імператара, склікаў Сабор у Канстанцінопалі і адлучыў ад Царквы Папу. Так адбыўся першы падзел — першая схізма ў Касцёле. Хоць гэтая схізма тычылася толькі двух асобаў, яна пакінула глыбокую рану на адзінстве ўсіх хрысціян. Адрозненні паміж хрысціянамі на Усходзе і на Захадзе існавалі ўжо ў тыя часы: у літургіі выкарыстоўваліся розныя мовы (грэчаская і лацінская), адрозніваліся культура і абрады. Але сапраўдны падзел наступіў з-за аднаго лацінскага слова — «Filioque». Дыскусія развярнулася вакол Сімвалу веры. Версія, якая была прынята на Саборы ў Канстанцінопалі ў 387 г., гучала так: «Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які з Айца паходзіць, і якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала...» Але яшчэ з VI ст. на Захадзе быў распаўсюджаны варыянт, у якім казалася, што Святы Дух паходзіць і ад Айца, і ад Сына (па лацінску «Filioque»). Тэолагі тлумачылі гэта так: калі Айцец і Сын — «адзінасутныя», то Дух Святы павінен паходзіць ад абодвух. Яны прыводзілі ў прыклад св. Аўгустына, які казаў, што Дух Святы — гэта любоў паміж Айцом і Сынам, які стаў чалавекам, і такім чынам паходзіць «ад Айца і Сына». Калі папа Мікалай І выступіў прыхільнікам такой версіі Сімвалу веры, адлучаны ад Касцёла Фоцій выкарыстаў гэта, каб абвінаваціць Пантыфіка ў ерасі і ў выніку паўторна адлучыць яго ад Царквы. Праз некаторы час Фоцій быў пазбаўлены пасады Патрыярха, а папа Мікалай І памёр. Паміж наступнымі кіраўнікамі Касцёла і Царквы існавалі спробы прымірэння, аднак менавіта пытанне аб «Filioque» перашкаджала гэта зрабіць. Усходнія тэолагі адмаўляліся прымаць рашэнне Папы аб наданні «афіцыйнага статусу» гэтаму слову і спасылаліся на рашэнні Фоція аб яго ерэтычнасці. У 1043 г. узнікла новая спрэчка — на гэты раз наконт прыгатавання эўхарыстычнага хлеба. На Захадзе выкарыстоўваўся няквашаны хлеб, які спажывалі перад Пасхай яўрэі, а на Усходзе — звычайны квашаны хлеб. Канстанцінопальскі Патрыярх абвінаваціў Касцёл у тым, што ён з’яўляецца «яўрэйскім», і такім чынам паглыбіў супрацьстаянне. Акрамя таго, Патрыярх адмовіўся называць Рымскага Пантыфіка Папам, як гэтага патрабавала традыцыя, але называў яго толькі «братам». У адказ папа Леў ІХ накіраваў у Канстанцінопаль сваіх пасланнікаў, якія павінны былі перадаць Патрыярху і імператару ліст з заклікам аб павазе да кіраўніка Рымскага Касцёла. Гэтую дэлегацыю ўзначальваў вельмі ганарлівы і часам нястрыманы ў эмоцыях кардынал Умбэрта Сільвакандзіда. Калі пачалася спрэчка паміж мясцовымі епіскапамі і членамі папскай дэлегацыі, кардынал не стрымаўся, абразіў і адлучыў ад Касцёла сваіх апанентаў на чале з Патрыярхам. У буле аб адлучэнні, якую ён зачытаў, уся візантыйская Царква называлася «крыніцай ерасі» — такім чынам экскамуніка тычылася не толькі асобных людзей, але і ўсіх вернікаў. Цікава, што ў той час, калі дэлегацыя прыбыла ў Канстанцінопаль, папа Леў IX памёр, а Святы Пасад заставаўся вакантным на працягу цэлага года. Такім чынам, члены дэлегацыі дзейнічалі без дазволу Пантыфіка. Аднак, нягледзячы на гэта, на доўгі час засталася глыбокая рана і супрацьстаянне паміж хрысціянамі на Усходзе і на Захадзе. Можна зрабіць выснову, што прычынамі падзелаў у Паўсюдным Касцёле з’яўляліся перш за ўсё чалавечыя слабасці і няздольнасць да дыялога і павагі да іншых пунктаў гледжання. Пераасэнсаванне падзелу пачалося пасля заканчэння Другога Ватыканскага Сабору ў 1965 г. Тады папа Павел VI і Патрыярх Афенагор адмянілі ўзаемныя экскамунікі і далі пачатак актыўнаму збліжэнню паміж Касцёлам і Царквой, якое працягваецца сёння.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |