Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці магчыма «прымірэнне» паміж Касцёлам і эвалюцыянізмам?
Рубрыка Ватыканскага радыё
05.12.2012 14:18

Вельмі распаўсюджана меркаванне, што вера і навука — гэта рэчы абсалютна не сумяшчальныя і супрацьлеглыя адна адной. Такія сцвярджэнні, між іншым, абапіраюцца на крытыцы першых старонак Бібліі.

 Адкрыць у новым акне Download (5Мб)

Апаненты веруючых людзей кажуць: «Вы што сапраўды верыце, што свет і чалавека стварыў Бог за 6 дзён. І ўсё гэта адбылося каля 5 тысяч гадоў таму? А як жа шматлікія палеанталагічныя, марфалагічныя, біяхімічныя і іншыя доказы тэорыі эвалюцыі?» Якім чынам можна «прымірыць» гэтыя дзве пазіцыі, мы паразмаўляем у нашай сённяшняй праграме.

Па-першае, варта адзначыць, што разуменне Святога Пісання як навуковай ісціны не характэрна для католікаў. Такая пазіцыя ўласцівая, напрыклад, некаторым сектам. Яны ўспрымаюць Святое Пісанне даслоўна: калі напісана, што свет быў створаны за 6 дзён — значыць за 6! Калі напісана, што над небасхілам ёсць воды — значыць ёсць! Дарэчы, у старажытнасці людзі так і думалі і такім чынам тлумачылі, напрыклад, паходжанне дажджоў.

Іншай пазіцыі прытрымліваюцца эвалюцыяністы. Яны сцвярджаюць, што ўся касмічная рэальнасць ці некаторыя яе часткі прагрэсіўна развіваюцца з ніжэйшага ўзроўню дзякуючы ўнутраным сілам і законам. Стваральнікам гэтай тэорыі лічыцца Чарльз Дарвін, які абмежаваўся толькі біялагічнай сферай для таго, каб патлумачыць паходжанне ўсіх відаў жывых стварэнняў ад некаторых першапачатковых экзэмпляраў. У філасофскай сферы першым прымяніў прынцыпы эвалюцыі, каб патлумачыць рэальнасць, Герберт Спэнсэр.

Але трэба адзначыць, што эвалюцыянізм мае вельмі моцных праціўнікаў нават у асяроддзі саміх навукоўцаў. Многія з іх сцвярджаюць, што доказы эвалюцыяністаў не дастаткова пераканаўчыя і перш за ўсё не падыходзяць для тлумачэння «феномену чалавека». У XIX ст. яшчэ можна было думаць, што чалавек паходзіць ад малпы, але з таго моманту, як пачаліся даслеванні над ДНК, гэта ўжо несур’ёзна. Ужо шмат разоў было даказана, што ДНК малпы і чалавека адрозніваюцца. Атрымліваецца, што калі малпа стала чалавекам, то згубіла свой генетычны код — але як гэта даказаць? Самі эвалюцыяністы сёння разгублены і маўчаць на гэтую тэму.

Пытанне аб паходжанні чалавека з’яўляецца важным для Каталіцкага Касцёла. Ён не разглядае чалавека ў якасці выпадковага прадукту эвалюцыі. Паводле хрысціянскага навучання, чалавек быў створаны Богам. Тое, якім чынам гэта адбылося, — гэта ўжо пытанне навукі (ці ён быў створаны з зямлі, ці з нейкай іншай матэрыі), і Касцёл вельмі адкрыты на падобны пошук праўды.

На самой справе, эвалюцыянісцкая гіпотэза не супярэчыць Кнізе Быцця. Кніга Быцця не была напісана паводле навуковых крытэрыяў. Гэта не навуковая кніга, але рэлігійная. Яшчэ ў 1909 г. Папская біблійная камісія сцвярджала: «У напісанні першай главы Кнігі Быцця ў Святога Аўтара не было інтэнцыі растлумачыць навуковым чынам унутраную канструкцыю бачных рэчаў і поўны парадак стварэння, але перш за ўсё даць свайму народу папулярнае тлумачэнне, якое адпавядала распаўсюджанай у тыя часы манеры размаўляць і было набліжана да паняццяў і традыцый тых людзей. Таму ў інтэпрэтацыі не трэба шукаць заўсёды і з дакладнасцю прыярытэтнасці навуковай мовы».

Такім чынам, тэорыя Дарвіна можа «прымірыцца» з сакральным тэкстам, але з адной умовай: калі будзе разглядаць чалавека як істоту, надзеленую духоўнай душой, і прызнае, што было прамое ўмяшальніцтва Бога, які стварыў гэтую духоўную душу.

 Адкрыць у новым акне Download (5Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.