Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Якія біблійныя карані мае святарскі цэлібат?
Рубрыка Ватыканскага радыё
29.05.2013 14:39

Як можа чалавек жыць без сям’і і назаўсёды адмовіцца ад сужэнскіх адносін? Такія пытанні, якія датычаць святарскага цэлібату, узнікалі і будуць узнікаць заўсёды. Сённяшняя эпоха не з’яўляецца выключэннем. Чым больш нашы грамадствы становяцца секулярызаванымі, тым больш дысцыпліна цэлібату становіцца ім незразумелай. У Евангеллі паводле Мацвея (Мц 19, 11) Езус папярэджваў, што «не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена».

 Адкрыць у новым акне Download (6Мб)

Многія лічаць цэлібат перажыткам мінулага і ўказваюць на яго неактуальнасць. Маўляў, яго крыніцай былі пэўныя гістарычныя сітуацыі (як, напрыклад, непатызм у Касцёле ў эпоху сярэднявечча), а сёння «людзі пакутуюць». У якасці альтэрнатывы ўзгадваюцца святары Праваслаўнай ці Усходніх Цэркваў, якія могуць ствараць сем’і. У дыскусіях падобнага характару часта падкрэсліваецца, што нават у Святым Пісанні няма канкрэтнага ўказання на тое, што святар абавязаны быць нежанатым.

Так, сапраўды, дысцыпліна цэлібату датычыць толькі каталіцкіх святароў лацінскага абраду, і ў Бібліі няма ўказання на тое, што святар абавязкова павінен быць нежанатым. Цэлібат належыць да сферы касцёльнага права, а не Божага. Тым не менш, гэтая дысцыпліна мае глыбокія евангельскія карані. Пра іх мы пагаворым сёння.

Па-першае, важна адзначыць, што ў першых папскіх дакументах, прысвечаных цэлібату, якія пачалі з’яўляцца ў IV ст., гаворка пра яго не ішла як пра новаўвядзенне, але заўсёды падкрэслівалася сувязь са старажытнай апостальскай традыцыяй. У сваіх дакументах такія Папы як, Дамас І, Сірыцый і Інакенцій І звярталі ўвагу на існаванне цэлібату ў першых хрысціянскіх супольнасцях. Такім чынам, практыка адмаўлення святароў ад сужэнскага жыцця не была «сярэднявечнай выдумкай», але спадарожнічала Касцёлу ад самага пачатку яго існавання.

Першай і галоўнай прычынай цэлібату ў Каталіцкім Касцёле заўсёды было імкненне наследаваць Езуса Хрыста і сваім жыццём сведчыць пра Валадарства Нябеснае. Як вядома, сам Збаўца жыў у цэлібаце. Каталіцкі святар, на падабенства Езуса, добраахвотна вырашае жыць у цялеснай чысціні і цэлібаце з мэтай належаць усім людзям у роўнай меры, без выключэнняў. З моманту прыняцця святарскага пасвячэння ён не належыць камусьці больш, а камусьці менш. Менавіта гэта разумелі многія першыя хрысціянскія святары і імкнуліся рэалізоўваць у жыцці.

Узгадкі аб важнасці цэлібату для святароў можна знайсці на старонках Новага Запавету. Напрыклад, у Евангеллях паводле Мацвея і Лукі ўзгадваюцца словы Езуса пры тых, якія не жэняцца «дзеля Валадарства Нябеснага», гэта значыць дзеля таго, каб цалкам прысвяціць сябе Божым справам і сведчыць пра іх важнасць сваім жыццёвым выбарам.

На карысць цэлібату не аднойчы казаў і апостал Павел. Напрыклад, у Першым Пасланні да Карынцянаў ён пісаў: «Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца жонцы, і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы гэтага свету, як спадабацца мужу. Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць на вас путы, але для таго, каб вы прыстойна і вытрывала служылі Пану». Таксама апостал казаў: хто жэніцца, робіць добра, «але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш».

З гэтага ўрыўку бачна, што прычынай добраахвотнага адмаўлення ад сужэнскага жыцця з’яўляецца жаданне цалкам прысвяціць сваё жыццё «клопату пра справы Пана». У сувязі з гэтым Апостал Народаў папярэджваў, што жанаты клапоціцца ў першую чаргу пра справы гэтага свету. Адначасова св. Павел ніколі не прыніжаў значэння сужэнства. І цэлібат, у якім жыў ён сам, і пакліканне да сямейнага жыцця апостал называў «дарамі», якія кожны атрымлівае ад Бога.

Трэба адзначыць, што першапачаткова святарскі цэлібат у Касцёле быў добраахвотнай справай, але з цягам часу адбывалася яго паступовае замацаванне ў касцёльным праве. Яно канчаткова наступіла ў XI ст. У нашу эпоху Касцёл працягвае лічыць святарскі цэлібат вялікім багаццем. Аб яго важнасці казалі благаслаўлёны Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Існаванне святарскага цэлібату сведчыць аб гатоўнасці каталіцкіх святароў, выконваючы місію Хрыста, наследаваць таксама і стыль жыцця Пана.

 Адкрыць у новым акне Download (6Мб)

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.