Адной з тэмаў, якой часта спекулююць аматары сенсацый, з’яўляецца існаванне пазазямных істот, якія нібыта час ад часу наведваюць зямлю і ўступаюць у кантакт з людзьмі. Апавяданні пра існаванне далёкіх касмічных цывілізацый і іншапланецян даўно спадарожнічаюць жыццю чалавека. Яны пачалі масава з’яўляцца напрыканцы ХІХ ст. і прыкладна з 1940-х гг. шырока ўвайшлі ў літаратуру, кіно, тэлебачанне, мастацтва. Часам пра прышэльцаў і «лятаючыя талеркі» гавораць з гумарам, часам правакацыйна, а часам вельмі сур’ёзна. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а што Касцёл думае на гэты конт? Адказаць на яго мы паспрабуем сёння.
(7Мб)
Па-першае, трэба адзначыць, што Касцёл вельмі ўважліва назірае за тым, што адбываецца ў космасе. У Ватыкане існуе спецыяльная касмічная абсерваторыя, а яе моцныя і сучасныя тэлескопы ўстаноўлены не толькі на тэрыторыі Папскага горада, але нават на іншых кантынентах. Яна з’яўляецца адной з самых старажытных у свеце, і тут працуюць навукоўцы высокага сусветнага ўзроўню.
Касцёл упэўнены, што сусвет з’яўляецца выразам любові Бога Стварыцеля, таму пазнанне яго таямніц з’яўляецца важным для кожнага хрысціяніна. Чым больш чалавек пазнае свет, тым больш можа захапляцца веліччу Таго, хто ўсё гэта стварыў.
Важна падкрэсліць, што супрацоўнікі Ватыканскай абсерваторыі таксама адкрытыя на пошук іншапланетных цывілізацый, а яе кіраўнік, кс. Гай Кансальманга, жартуючы, прызнаўся, што калі б сустрэўся з іншапланецянінам і даведаўся, што ў яго ёсць душа, быў бы шчаслівы ахрысціць яго (канешне, калі б апошні сам яго аб гэтым папрасіў).
Паводле «папскага астранома», пытанне аб існаванні іншапланецян «не з’яўляецца праблемай» для Касцёла і гэтыя дзве рэальнасці цалкам могуць існаваць адначасова. «Ідэя аб тым, што ў космасе могуць існаваць якія-небудзь формы разумнага жыцця, абсалютна не супярэчыць традыцыйнай хрысціянскай думцы», - сказаў ён аднойчы падчас вялікага форума астраномаў, які праходзіў у англійскім Бірмінгеме. Навуковец падкрэсліў, што «Каталіцкі Касцёл прымае ідэю аб тым, што ў космасе могуць існаваць эвалюцыяваныя цывілізацыі». «Мы б іх ахвотна прывіталі», - з гумарам адзначыў даследчык. Праўда, да сённяшняга дня іх слядоў і пераканаўчых доказаў існавання навукоўцамі знойдзена не было.
Трэба адзначыць таксама, што Святое Пісанне нам нічога не кажа пра існаванне жыцця на іншых планетах. На старонках Бібліі апавядаецца пра стварэнне сусвету, зямлі, неба, жывёлаў і раслін, чалавека, але няма ніводнай узгадкі пра тое, што Бог стварыў таксама і іншых істотаў, якіх пасяліў на розных планетах. Тут можна зрабіць толькі адно выключэнне: у Святым Пісанні гаворыцца пра існаванне духоўных анёльскіх істот, якія насяляюць неба і пекла, але іх, канешне, не трэба блытаць з іншапланецянамі.
У некаторых фантастычных кнігах і тэлевізійных праграмах часта сустракаюцца фантастычныя інтэрпрытацыі Бібліі, якія не маюць нічога супольнага з навукай і верай. Вось, напрыклад, урывак з кнігі прарока Эзэхіэля: «і бачыў я, як вялікі вецер ішоў з поўначы, вялікае воблака і клубень полымя, і ззянне вакол яго, а з сярэдзіны нібыта свет вогнішча; (...) было бачна падабенства чатырох жывёлаў, воблік якіх быў як у чалавека; і ў кожнага з іх чатыры твары, і ў кожнага з іх чатыры крылы; а ногі іх прамыя, а ступні іх – як ступні цяляці, і ззялі, як медзь». Гэты фрагмент можа цалкам падысці для сцэны з якога-небудзь фантастычнага фільма. Але тут гаворка ідзе пра аб’яўленне чатырох хэрубімаў, якое прарок Эзэхіэль тлумачыць пазней. Біблійныя апавяданні трэба чытаць у кантэксце ўсяго тэксту, а не вырываць урывак, які спадабаўся, і дапасоўваць да сваёй тэорыі. Такое чытанне Бібліі – прымітыўнае.
З улікам таго, што Святое Пісанне нам не кажа нічога пра іншапланецян, Касцёл таксама нічога канкрэтнага не гаворыць на гэты конт. Яго пазіцыя цалкам нейтральная. Паколькі ў Святым Пісанні няма ўзгадкі пра жыхароў іншых планет, значыць, веды пра іх не граюць важнай ролі ў збаўленні чалавека.
Але, нават калі і існуюць пазазямныя жывыя істоты, то пра гэта павінен сказаць не Касцёл, а навука. Мы ўжо ўбачылі, што, нягледзячы на доўгія пошукі навукоўцамі пазазямных цывілізацый, яны знойдзены так і не былі.
(7Мб)
Аляксандр Панчанка
tt
Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va