Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў – 100 адказаў». Ці прэзерватыў — гэта панацэя ад СНІДу? |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
16.08.2013 15:02 |
Вельмі часта ў бок Каталіцкага Касцёла можна пачуць такое абвінавачванне: маўляў, сваёй забаронай на выкарыстанне прэзерватываў ён пагаршае сітуацыю са СНІДам у свеце. Паўсюдна прынята лічыць, што прэзерватывы ў дадзеным пытанні — сапраўдная панацэя. Гэты стэрэатып шырока падтрымліваецца многімі палітыкамі, буйнымі карпарацыямі, грамадскімі дзеячамі і некамерцыйнымі арганізацыямі. Пазіцыя Касцёла імі разгядаецца як «неадказная», «нерэалістычная» і «неэфектыўная».
Праблема СНІДу асабліва востра стаіць на афрыканскім кантыненце. Тут існуюць краіны, у якіх носьбітамі гэтай хваробы з’яўляецца да 40 працэнтаў насельніцтва. Аднак ў 2009 г. падчас Апостальскага падарожжа ў Анголу і Камерун, Бэнэдыкт XVI казаў: «Нельга перамагчы гэта бедства праз распаўсюджванне прэзерватываў: наадварот, гэтым ствараецца рызыка пагоршыць праблему». Вядома, што словы Святога Айца выклікалі масу пратэстаў. Гучалі абвінавачванні ў несучаснасці і небяспечнасці яго прапаноў, абыякавасці Касцёла да лёсу мільёнаў людзей, якія пакутуюць ад СНІДу ва ўсіх частках свету, перш за ўсё ў Афрыцы. Ці мае гэта крытыка падставы і хто ў ёй зацікаўлены — мы паспрабуем разабрацца ў сённяшняй праграме. Па-першае, варта адзначыць, што Касцёл больш чым неабыякавы да праблемы. Больш за 25 працэнтаў усіх хворых на СНІД атрымліваюць дапамогу менавіта ад Каталіцкага Касцёла. Такой вялікай працы ў дадзенай сферы не здзяйсняе ніводная арганізацыя ў свеце. Менавіта каталіцкія структуры дзейнічаюць «на месцах»: не толькі пішуць пра праблему ў газетах, але знаходзяцца побач з хворымі, падтрымліваюць іх, ажыццяўляюць складаную прафілактычную і адукацыйную працу ў «небяспечных» рэгіёнах. Па-другое, міф пра эфектыўнасць прэзерватываў у прафілактыцы СНІДу не пацвярджаецца навукова. Іх эфектыўнасць складае толькі 60 працэнтаў. Вядома, што прынамсі 40 працэнтаў усіх хворых на СНІД, напрыклад, у Вялікабрытаніі, захварэлі ў выніку сексуальных кантактаў з ужываннем прэзерватыва. Прэзерватыў дае невялікую гарантыю, нават пры захаванні ўсіх правілаў, звязаных з яго выкарыстаннем. Амерыканскія навукоўцы і даследчыкі з Еўрапейскай супольнасці правялі дбайнае даследаванне латэксу — матэрыялу, з якога вырабляюць прэзерватыў. Атрымліваецца, што губчатая структура латэкса ўтрымлівае мікрапорыстыя адтуліны, якія добра бачныя пад мікраскопам. Яны маюць дыяметр у пяць мікрон. На сёння нікому не ўдалося стварыць прэзерватыў, які б не меў гэтых адтулін. Самыя буйныя сперматазоіды маюць дыяметр 3 мікроны, гэта на два мікроны больш, чым самая вузкая адтуліна ў прэзерватыве. Таму цалкам магчыма, што сперматазоід пройдзе праз невялікую адтуліну. Даследаванні, праведзеныя ў Англіі, выявілі прынамсі 14 такіх выпадкаў у год на 100 пар, якія выкарыстоўвалі прэзерватывы. Аб такой жа колькасці заявіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Што тычыцца СНІДу, яго выклікае ВІЧ, які знаходзіцца ў асноўным у сперме, у крыві і похавых выдзяленнях інфіцыраваных. Вядома, што прэзерватывы псуюцца і губляюць сваю абарончую функцыю пры высокай тэмпературы. Такі кантрацэптыў, паляжаўшы на вітрыне пад прамымі промнямі сонца, ужо не можа выкарыстоўвацца. Што казаць пра пастаянную спёку на Чорным кантыненце? Іншая праблема — гэта якасць прэзерватыва. Тыя, якія прайшлі адпаведныя тэсты, каштуюць дорага, прадаюцца толькі ў аптэках і маюць асаблівую адзнаку. Канешне, такія кантрацэптывы не распаўсюджваюцца задарма ў бедных краінах. Пра неэфектыўнасць прафілактыкі СНІДу з дапамогай прэзерватываў кажа і практычны досвед у барацьбе з гэтай хваробай. Так, напрыклад, кампаніі, якія праводзіліся ў многіх афрыканскіх краінах і грунтаваліся на распаўсюджванні прэзерватываў, цалкам праваліліся. Эпідэмія не толькі не спынілася, але і працягвае распаўсюджвацца. Іншая сітуацыя склалася ў афрыканскай Угандзе. Тут, у перыд з 1986 па 1991 гг. удалося паменшыць колькасць захворванняў з 21 працэнта да 6 працэнтаў. Дасягнута гэта было ў першую чаргу дзякуючы рэалізацыі праграмы «ABC», якая атрымала сваю назву ад першых літар англійскіх словаў: «Abstinence — Be Faithful — Condom» (Устрыманасць — вернасць — прэзерватыў). Нягледзячы на тое, што праграма прадугледжвала распаўсюджванне прэзерватываў, пазітыўны вынік быў дасягнуты ў першую чаргу дзякуючы змене сексуальных паводзінаў людзей. Паводле навукоўцаў, за час правядзення кампаніі, на 60 працэнтаў паменшылася колькасць людзей, якія часта змянялі палавога партнёра, а таксама значна павялічылася колькасць моладзі ва ўзросце ад 15 да 19 гадоў, якія ўвогуле ўстрымліваліся ад сексу. Такім чынам сакрэт поспеху быў у вернасці і ўстрыманасці — у тым, пра што кажа Касцёл. У якасці іншага прыкладу можна прывесці Філіпіны. Нягледзячы на тое, што краіна знаходзіцца ў «небяспечным» у пытанні СНІДу рэгіёне, колькасць яго носьбітаў роўная 0,01 працэнта. Рэч у тым, што 85 працэнтаў насельніцтва краіны з’яўляюцца католікамі і пераважна прытрымліваюцца этыкі Каталіцкага Касцёла, заснаванай на ўстрыманасці і вернасці паміж сужонкамі, а не выкарыстанні прэзерватываў. Такім чынам відавочна, што прэзерватывы не вырашаюць праблему СНІДу. Яна з’яўляецца нашмат глыбейшай і ў першую чаргу звязана са зменай культуры, звычаяў, адукацыі. Менавіта пра гэта казаў Бэнэдыкт XVI у Афрыцы. Чаму ж тады яго голас не хочуць чуць многія нашы сучаснікі? Напэўна для многіх устрыманасць і вернасць, гэта ідэалагічнае пытанне — крок назад ад сексуальнай свабоды, «вызваленай» у другой палове ХХ ст. Гэтыя два паняцці звязаны з адказнасцю і глыбокім разуменнем сексуальнасці, якая ў нашу эпоху ператварылася ў пэўнага кшталту наркотык, а не выраз любові. Таксама нельга забывацца, што словы Пантыфіка нясуць эканамічную небяспеку многім фармацэўтычным карпарацыям і прадпрыемствам: за прэзерватывы плацяць, а за ўстрыманне і вернасць — не. І тады можна зразумець, адкуль паходзіць крытыка на Касцёл. Аляксандр Панчанка
|
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.