Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Як Хорхе Берголіа распазнаў сваё пакліканне да святарства? |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
19.09.2013 11:39 |
![]() Тут размова зайшла пра тое, як перамагаць «стомленасць» у душпастрыскім служэнні, якая рана ці позна наступае. Пантыфік параіў часцей станавіцца на калені перад табэрнакулюмам і маліцца, а таксама падтрымліваць блізкія адносіны з іншымі святарамі і біскупам. Акрамя таго, у якасці парады, Папа заклікаў святароў часцей успамінаць пра пачатак свайго служэння: пакліканне, паступленне ў семінарыю, святарскае пасвячэнне. Карыстаючыся нагодай, ён заклікаў памаліцца за яго з нагоды 60-годдзя распазнання паклікання да святарскага служэння, якое Святы Айцец будзе адзначаць 21 верасня. Што адбылося ў той дзень і як Папа зразумеў, што павінен прысвяціць сваё жыццё асабліваму служэнню? Пра гэта мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме. Пра свае асабістыя перажыванні і ўспаміны Францішак расказаў у інтэрв’ю для італьянскай журналісткі Франчэскі Амбраджэцці. Яно выйшла ў 2010 г. асобнай кнігай пад назвай «Езуіт». У ёй будучы Папа расказаў, што ўпершыню адчуў пакліканне да святарства ва ўзросце 17 гадоў. Гэта адбылося 21 верасня і Хорхе Берголіа, як і іншыя маладыя людзі, спяшаўся адзначыць са сваімі сябрамі Дзень студэнта. Будучы добрым практыкуючым католікам, ён вырашыў па дарозе зайсці ў касцёл. Тут ён сустрэў святара, якога не ведаў раней і які зрабіў на яго вялікае ўражанне. Будучы Папа спытаў у яго аб магчымасці паспавядацца. Пазней ён распавёў, што гэта споведзь не была як усе іншыя — гэта была сустрэча, якая ўмацавала яго веру і дазволіла зразумець пакліканне. Пакінуўшы канфесіянал, Хорхэ Берголіа не пайшоў на сустрэчу з сябрамі, а накіраваўся дамоў з цвёрдым перакананнем: ён хацеў і павінен быў стаць святаром. «Са мной здарылася дзіўная рэч падчас споведзі. Я не ведаю, што гэта было дакладна, але гэта змяніла маё жыццё», — падзяліўся ён і дадаў, што падчас споведзі быў вельмі здзіўлены і ўражаны — ён зразумеў, што нехта яго чакаў. «З таго моманту Бог для мяне — гэта той, хто апярэджвае. Ты яго шукаеш, але Ён знаходзіць цябе першым. Ты хочаш Яго сустрэць, але Ён першы выходзіць табе насустрач», — казаў Хорхе Берголіа ўжо будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Ён падкрэсліў, што адказаць на пакліканне яго падштурхнула не ўражанне ад гэтай сустрэчы, але міласэрны спосаб, якім Бог яго клікаў — спосаб, які з гадамі перамяніўся ў крыніцу натхнення для яго служэння — словы «міласэрнасць» і «выбар» сталі яго біскупскім, а пазней папскім дэвізам. Перш чым Хорхе Берголіа паступіў у семінарыю, мінулі чатыры гады. Ён працягваў працаваць у хімічнай лабараторыі, не кажучы нікому пра сваё рашэнне. У гэты час ён захапляўся таксама палітыкай і чытаў некаторыя мясцовыя камуністычныя часопісы, хоць ніколі не быў камуністам. Берголіа расказаў, што ў гэты перыяд навучыўся жыць у адзіноце, а калі дасягнуў 21-гадовага ўзросту, вырашыў паступіць у семінарыю. «Па-праўдзе кажучы, я не меў яснай ідэі, куды ісці. Але ў чым не меў сумніву — дык гэта ў маім пакліканні», — дзяліўся Хорхе Берголіа. Пасля паступлення ў семінарыю Буэнас-Айрэса ён уступіў у ордэн езуітаў. Будучы Папа прызнаўся, што быў уражаны знаходжаннем езуітаў у «першых шэрагах» Касцёла, калі карыстацца вайсковай тэрміналогіяй, а таксама іх паслухмянасцю, дысцыплінай і місійным характарам ордэна. На пачатку ён нават спрабаваў адправіцца на місіі ў Японію, але не атрымаў дазволу з-за слабага здароўя. «Тут ёсць людзі, якія былі б „выратаваны” ад мяне, калі б мне дазволілі паехаць туды», — жартаваў былы арцыбіскуп Буэнас-Аэрэса. Яшчэ да паступлення ў семінарыю Хорхе Берголіа вырашыў расказаць пра сваё рашэнне бацьку. «Я быў упэўнены, што бацька зразумее мяне лепш. Яго маці была асобай надзвычайна рэлігійнай і ён атрымаў у спадчыну ад яе гэту рэлігійнасць і сілу, паяднаную з вялікім болем, звязаным з пакіданнем роднай зямлі. Таму ён прыняў навіну пазітыўна. Маці наадварот — бачыла ў гэтым рашэнні страту», — казаў будучы Папа. Маці Хорхе Берголіа таксама была рэлігійным, практыкуючым чалавекам, але думала, што рашэнне сына занадта паспешнае, таму не падтрымлівала яго. Яна не праводзіла сына ў семінарыю і ніколі не наведвала яго там. Яны сустракаліся, калі ён сам прыязджаў дадому. Толькі падчас атрымання ім святарскага пасвячэння яна ўкленчыла і папрасіла благаслаўлення. Аднойчы маці будучага Папы сказала: «Калі ласка, не забывай, што дзверы дома заўсёды адкрыты і ніхто не будзе супраць, калі ты вырашыш вярнуцца». Хорхе Берголіа адзначаў, што гэта стала для яго добрым урокам, як трэба ставіцца да людзей, якія наважваюцца прыняць важнае ў іх жыцці рашэнне. Праз 60 гадоў пасля тых падзей увага мільёнаў людзей у свеце звернута на чалавека, які сёння займае пасад св. Пятра. Акрамя навучання, якім дзеліцца Пантыфік, павучальным і ўзбагачаючым з’яўляецца таксама і яго жыццёвы досвед. Магчыма знаёмства з ім і лучнасць з Папам з нагоды яго маленькага свята стане таксама ўмацаваннем для тых, хто выбраў падобны шлях у жыцці ці збіраецца стаць на яго. Аляксандр Панчанка паводле «Papa Francesco. Il nuovo Papa si racconta. Conversazione con Francesca Ambrogetti e Sergio Rubin» |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.