Звяртаючыся да вернікаў ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана 6 студзеня 2014 г., Папа Францішак, канешне, нагадаў пра трох мудрацоў з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Хрысту. Між іншым, Пантыфік падкрэсліў, што пра іх выдатна распавёў Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе “Дзяцінства Езуса”. Папа на пенсіі – вялікі тэолаг і інтэлектуал нашага часу – напісаў яе на падставе доўгіх даследванняў і асабістых разважанняў, пакінуўшы вернікам каштоўнейшы скарб мудрасці і ведаў. Сёння мы звернемся да гэтай кнігі, каб адказаць на пытанне: кім былі тры евангельскія “мудрацы” або “каралі з Усходу”.
(8Мб)
Апавядаючы пра іх на старонках Евангелля, св. Мацвей выкарыстоўвае слова “μάγοι” (màgoi), якое перакладаюць па-рознаму: мудрацы, вешчуны, нават чарадзеі. Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што значэнне гэтага грэчаскага слова настолькі шырокае, што можа насіць як пазітыўнае значэнне, так і глыбока негатыўнае.
Тэрмінам “μάγοι” называлі членаў персідскай святарскай касты, якія ў эліністычнай культуры лічыліся прадстаўнікамі “сапраўднай рэлігіі”. Іх рэлігійныя погляды былі блізка звязаны з філасофіяй, таму многія грэчаскія філосафы прадстаўляліся іх паслядоўнікамі. Напрыклад, пра філасофскія працы такіх “мудрацоў” казаў Арыстоцель.
Словам “μάγοι” называлі таксама чарадзеяў, якія валодалі звышнатуральнымі ведамі і здольнасцямі. Яно ўжывалася ў адносінах да ілжэпрарокаў і спакушальнікаў. Напрыклад, у Дзеях Апосталаў гэтым тэрмінам называецца чарадзей па імені Бар-Езус, пра якога апостал Павел сказаў: “сын д’ябла, поўны ўсякага подступу і зладзейства, вораг усякай праўды”.
Паводле Бэнэдыкта XVI, такое шырокае значэнне слова, якім св. Мацвей акрэслівае мудрацоў з Усходу, кажа пра даволі шырокае разуменне рэлігіі ў тую эпоху. З аднаго боку рэлігійнасць магла быць шляхам да сапраўдных ведаў, шляхам да Езуса Хрыста. А з іншага, калі не адкрывалася на Яго і нават выступала супраць Адзінага Бога, магла стаць шатанскай і дэструктыўнай.
У Новым Запавеце мы сустракаем “мудрацоў” абодвух тыпаў: у апавяданні св. Мацвея рэлігійная і філасофская мудрасць з’яўляецца сілай, якая ставіць людзей на шлях, што вядзе да Хрыста. У Дзеях Апосталаў, аднак, мы знаходзім і іншы кшталт мудрацоў, якіх правільней называць чарадзеямі. Яны супрацьпастаўлялі ўласную моц пасланню Езуса Хрыста і такім чынам станавіліся на бок сатаны.
Для мудрацоў з Евангелля, паводле св. Мацвея, відавочна падыходзіць – прынамсі ў агульным сэнсе – першае з пералічаных вышэй значэнняў. Нават калі яны не належалі дакладна да персідскага святарства і былі толькі носьбітамі рэлігійных і філасофскіх ведаў, якія развіваліся і існавалі ў гэтых асяроддзях.
Аўстрыйскі астраном Ферары Д’Акіепа даказаў, што ў Вавілоне – некалі цэнтры астраноміі, які ў эпоху Езуса знаходзіўся ў стадыі заняпаду, – яшчэ працягвала існаваць маленькая група астраномаў. Пакінутыя імі тэракотавыя сталы, пакрытыя клінапіснымі пісьмёнамі з астранамічнымі разлікамі, з’яўляюцца надзейным доказам гэтага, лічыць аўстрыйскі навуковец. Паводле Д’Акіепы, астраномамі быў вылічаны момант злучэння Юпітэра і Сатурна ў задыякальным знаку Рыбы. Гэты касмічны феномен павінен быў мець месца ў 7-6 г. да н.э. – часе, які сёння лічыцца найбольш верагоднай датай нараджэння Хрыста.
Цікава адзначыць, што Юпітэр атаясамліваўся з галоўным вавілонскім бажком Мардукам, а Сатурн – быў касмічным сімвалам юдэйскага народа.
Такім чынам, цалкам магчыма, што тры мудрацы былі астраномамі. Але Бэнэдыкт XVI заўважыў, што не ўсім, хто быў здольны пралічыць злучэнне планет і ўбачыць гэта, магла прыйсці думка пра нараджэнне караля Юдэйскага і не для ўсіх гэта мела вялікае значэнне. Каб зорка, якая ўзнікла ў выніку злучэння, магла стаць для іх пасланнем, павінна было існаваць прадказанне. І яно існавала. З твораў многіх летапісцаў, ад Таціта да Святонія, вядома, што ў тую эпоху часта казалі пра пачатак панавання Юдэі. Напэўна, гэта дапамагло тром мудрацам зразумець, што ў Юдэі народзіцца боскі Валадар.
Паводле Бэнэдыкта XVI, адправіцца ў далёкае падарожжа маглі людзі, якія мелі глыбокую ўнутраную няўрымслівасць, людзі надзеі, якія шукалі сапраўднай зоркі збаўлення. Таму, напэўна, асобы, пра якіх кажа св. Мацвей, былі не проста астраномамі – яны былі сапраўднымі мудрацамі, якія мелі дынаміку, уласцівую рэлігіі – дынаміку зыходу з саміх сябе ў пошуку праўды і сапраўднага Бога. Іх мудрасць не заканчвалася на ведах, але імкнулася далей. Іх розум вырушыў да сваіх самых высокіх гарызонтаў. Тры мудрацы з’яўляюцца пэўнага кшталту папярэднікамі, прадвеснікамі шукаючых праўды ў кожную эпоху, лічыць Бэнэдыкт XVI.
Традыцыя Касцёла заўсёды чытала апавяданне пра Божае Нараджэнне ў святле фрагменту з кнігі прарока Ісаі: “Вол ведае валадара свайго, а асёл – яслі гаспадара свайго” (Іс 1, 3). Такім чынам, у традыцыйныя святочныя яслі патрапілі вол і асёл. У сваю чаргу апавяданне пра прыход трох мудрацоў звязвалася з 10-м радком 71-га псальма (“каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, каралі Аравіі і Сабы складуць даніну”) і 60-й главой кнігі прарока Ісаі, дзе гаворка ідзе пра народы, якія паклоняцца Месіі. Такім чынам, мудрацы, якія прыбылі з Усходу, сталі называцца таксама каралямі.
Традыцыя прадставіла іх у якасці каралёў трох частак свету: Афрыкі, Азіі і Еўропы. Гэта ўказвае на тое, што для Валадарства Езуса Хрыста не мае розніцы ні раса, ні паходжанне. Таксама з трыма мудрацамі звязваюць тры ўзросты: маладосць, сталасць і старасць. Гэта сведчыць аб тым, што розныя этапы чалавечага жыцця маюць сваё асаблівае значэнне і ўнутранае адзінства ў еднасці з Езусам.
Бэнэдыкт XVI адзначыў, што мудрацы з Усходу сімвалізуюць шлях чалавецтва да Хрыста, яны нібыта ўзначальваюць працэсію, што адбываецца цягам усёй гісторыі. Яны прадстаўляюць не толькі людзей, якія знайшлі дарогу да Хрыста, але і ўнутранае чаканне чалавечай душы, рух рэлігій і чалавечага розуму да Хрыста.
(8Мб)
Аляксандр Панчанка паводле кнігі Бэнэдыкта XVI "Дзяцінства Езуса". (Benedetto XVI, Infanzia di Gesu, LEV, 2012).
tt
Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va