На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Еўропе шырока распаўсюджваецца захапленне ўсходнімі духоўнымі практыкамі. Прычын для гэтага шмат: многія нашы сучаснікі нанова “выбіраюць” для сябе рэлігію пасля часоў атэістычнага пераследу ці перарванасці рэлігійных традыцый у сям’і, іншыя шукаюць гармоніі і спакою ва ўмовах хуткага жыццёвага рытму і духоўнай пустыні. Ёсць і тыя, якіх прываблівае клопат аб здаровым целе ва ўсходняй духоўнасці, а таксама тыя, хто звяртаецца да яе, шукаючы невядомага, новага і звышнатуральнага.
(7Мб)
Адным з папулярных элементаў усходняй духоўнасці ў Еўропе з’яўляецца ёга. У буйных гарадах адкрываецца ўсё больш і больш цэнтраў па яе вывучэнні і практыкаванні. Папулярнасць ёгі адносіцца таксама і да Беларусі. Каб пераканацца ў дадзеным сцвярджэнні, дастаткова проста звярнуцца да інтэрнэт-пашукавікоў.
Сярод некаторых хрысціян існуе перакананне, што канцэнтрацыя ўвагі, якой навучае ёга, дапамагае ў малітве. Акрамя таго, яна робіць больш добрымі, спакойнымі, разважлівымі. Чаму ж не сумяшчаць ёгу і веру ў Хрыста?
У дадзеным кантэксце важна ўсведамляць, што ўсе фізічныя практыкі ёгі былі распрацаваны спецыяльна для адпаведнай духоўнай мэты, якая цалкам адрозніваецца ад мэты хрысціянскай медытацыі – уступіць у дыялог з Хрыстом, Богам і Айцом.
Канешне, нельга казаць, што ўсе метады канцэнтрацыі, характэрныя для ёгі, з’яўляюцца выключна шкоднымі. Яе некаторыя элементы практыкуюцца хрысціянамі з азіяцкіх краін – дзе ёга з’яўляецца часткай культуры. Зусім інакш выглядае сітуацыя з жыхарамі заходняга свету.
Некаторыя хрысціяне, якія практыкавалі калісьці ёгу, сведчылі, што гэты досвед часам дапамагаў ім быць больш спакойнымі і ўважлівымі на малітве. Тут гаворка ідзе пра людзей асабліва падрыхтаваных з тэалагічнага і духоўнага пункту гледжання, псіхічна здаровых і здольных прымаць з метадаў ёгі тое пазітыўнае, што ў іх ёсць, адначасова бачачы небяспекі і перашкоды.
А небяспекі і перашкоды сапраўды існуюць. Напрыклад, пры выкарыстанні метадаў ёгі хрысціянін удзяляе большую ўвагу ўласнай канцэнтрацыі, а не дыялогу з Богам. Тэхнікі ёгі становяцца самамэтай і перастаюць быць простым сродкам, які дапамагае зрабіць малітву больш глыбокай. Чалавек канцэнтруецца на самім сабе, на ўласнай асобе, на ўласным целе. Ён пачынае атрымліваць асалоду ад уласных фізічных і ментальных здольнасцяў, ад выканання практыкаванняў. Такім чынам, дыялог з Богам адыходзіць на другі план.
Такі вернік лічыць, што нібыта паспяховасць у выкананні дадзеных практык адпавядае ўзрастанню ў малітоўным духу, а ўнутраны спакой і глыбокая канцэнтрацыя атаясамліваецца ў яго свядомасці са звышнатуральным асвятленнем, якога хрысціяне дасягаюць у малітве. Такім чынам, чалавек думае, што моліцца лепш, таму што лепш кантралюе ўласныя думкі і пачуцці і менш турбуецца.
Аднак важна памятаць, што каштоўнасць хрысціянскай малітвы не залежыць ні ад канцэнтрацыі, ні ад увагі, ні ад адсутнасці перашкодаў, але ад веры і любові. Чым большая вера, любоў да Пана і жаданне Бога – тым больш глыбокая і плённая малітва.
Святы Тамаш з Аквіна нават адзначаў, што ў малітве “ўвага”, канешне, важная, але адначасова яна не з’яўляецца неабходнай на працягу ўсёй малітвы. Паводле “Анёльскага доктара”, дастаткова інтэнцыі, з якой асоба звяртаецца да малітвы. “Неабходна сказаць, што моліцца ў духу і праўдзе той, хто пачынае маліцца дзякуючы імпульсу Святога Духа, нават калі потым розум блукае з-за пэўнай слабасці, а не мэтанакіравана”, - пісаў ён.
Іншымі словамі, страта ўвагі не перашкаджае глыбокай малітве, калі не з’яўляецца мэтанакіраванай, калі малітва нараджаецца і падтрымліваецца праз жывую веру і гарачую любоў. Вера і любоў – гэта дары Святога Духа, і ніякая тэхніка не дапаможа іх атрымаць у большай меры, нават калі гэтаму ў пэўнай ступені спрыяюць некаторыя чалавечыя ўчынкі.
Іншы аспект, на які неабходна звярнуць увагу, - гэта факт, што ва ўсходняй традыцыі тэхнікі медытацыі ёгі з’яўляюцца “неабходнымі” для дасягнення пэўных духоўных мэтаў, што немагчыма без працяглага і пастаяннага выканання тэхнік і практыкаванняў.
У хрысціянстве, аднак, метады і тэхнікі медытацыі і малітвы з’яўляюцца карыснымі і неабходнымі на першым этапе, каб дапамагчы навучыцца падтрымліваць малітву. Самі па сабе яны не з’яўляюцца абсалютна неабходнымі, таму што Бог можа прамаўляць да хрысціяніна і хрысціянін можа ўвайсці ў кантакт з Богам без дапамогі нейкай асаблівай тэхнікі
У хрысціянстве чым больш умацоўваюцца малітоўны дух і адзінства з Богам, тым больш простымі і глыбокімі становяцца метады і тэхнікі малітвы, або ўвогуле цалкам знікаюць. Малітва губляе характар штучнасці і складанасці і становіцца любячай увагай і шануючым пакланеннем Богу.
Хрысціянская містыка – звышнатуральная і з’яўляецца дарам Бога. Гэта значыць, што чалавек сам і без удзелу Бога не можа выклікаць у сабе Яго дзейнасці ці перашкодзіць ёй. У хрысціянстве няма ніякай тэхнікі, здольнай выклікаць містычнае адзінства з Панам. У гэтым заключаецца галоўнае адрозненне паміж хрысціянскімі метадамі малітвы і ўсходнімі медытатыўнымі практыкамі. У ёзе чалавек збаўляецца сам і ўласнымі сіламі, а ў хрысціянстве ён збаўлены Богам і Яго ласкай.
(7Мб)
Аляксандр Панчанка
tt
Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va