Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў – 100 адказаў». Турынская плашчаніца: рэліквія ці падробка?
Рубрыка Ватыканскага радыё
24.03.2014 12:46

Адной з самых таямнічых, але адначасова найбольш навукова даследаваных хрысціянскіх рэліквій з’яўляецца Турынская плашчаніца – льняная тканіна, у якую, магчыма, было загорнута цела Езуса Хрыста пасля Яго мукі і смерці. Навукоўцы, гісторыкі і вернікі да гэтага часу не могуць знайсці дакладнага адказу на пытанні: гэта сапраўды тая самая пахавальная тканіна ці толькі яе сярэднявечная падробка? Лічыць Турынскую плашчаніцу адной з самых галоўных хрысціянскіх рэліквій ці проста сакральнай выявай, хоць і незвычайнай і выключнай?

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

Увага навукоўцаў да Турынскай плашчаніцы з’явілася напрыканцы ХІХ ст., калі адзін італьянскі фатограф-аматар зрабіў некалькі яе здымкаў. Ён заўважыў незвычайную рэч: выява на плашчаніцы нагадвала фотанегатыў, які пры магчымай “праяўцы” мог пераўтварыцца ў пазітыў. Феноменам зацікавіліся навукоўцы. Пачалі праводзіцца даследванні, якія працягваюцца да сённяшняга дня і адкрываюць усё новыя і новыя таямніцы рэліквіі. Трэба адзначыць, што вывучэннем Турынскай плашчаніцай займаюцца прадстаўнікі больш чым 30 розных навук.

Увага даследчыкаў асабліва актывізавалася на працягу апошніх дзесяцігоддзяў ХХ ст., калі плашчаніца пачала выстаўляца для публічнага ўшанавання. Пакланіцца ўнікальнай рэліквіі ў турынскую катэдру прыходзіла па некалькі мільёнаў чалавек. Гэтую цікавасць нават не паменшылі апублікаваныя ў 1988 г. вынікі радыёвугляводнага аналізу фрагментаў плашчаніцы, праведзеныя ў лабараторыях Оксфардскага, Тусонскага і Цюрыхскага ўніверсітэтаў. Паводле гэтага аднаго з самых грунтоўных аналізаў, з’яўленне рэліквіі датуецца перыядам паміж 1260-1390 гг. Аднак і гэты вынік не з’яўляецца апошнім словам навукі. Ён быў падвергнуты сур’ёзнай крытыцы, і многія сапраўдныя даследчыкі плашчаніцы працягваюць мець сумнівы адносна яго дакладнасці.

Дыскусію аб прыродзе плашчаніцы эмацыйна ўскладняе яе рэлігійнае значэнне. Бо калі таямнічая выява на ёй – гэта выява Езуса Хрыста, створаная ў выніку невытлумачальнага працэсу, які адбыўся ў Яго грабніцы, тады плашчаніца з’яўляецца самай каштоўнай хрысціянскай рэліквіяй. Таму многія навукоўцы-агностыкі і нехрысціяне, пачынаючы яшчэ з 1902 г., патрабавалі, каб вывучэнне плашчаніцы было пазбаўлена рэлігійнай “прадузятасці”. Яны прапануюць вывучаць рэліквію, захоўваючы дыстанцыю, нібыта гэта пахавальная тканіна, у якую была загорнута адна з гістарычных постацяў.

Аднак складана захаваць супакой паміж тымі, хто хоча любым коштам пацвердзіць несапраўднасць “каталіцкай рэліквіі”, каб разбіць веру ў цуды, і тымі, хто жадае мець навуковы доказ уваскрасення. Вернікі, аднак, добра ведаюць, што сапраўдная вера ў Хрыста не пацвярджаецца ні плашчаніцай, ні ніякімі іншымі аб’ектамі. З іншага боку, трэба заўважыць, што існуе шмат навукоўцаў агностыкаў і яўрэяў, перакананых у тым, што плашчаніца сапраўды з’яўлецца тканінай, у якую было загорнута цела гістарычнай асобы Езуса Хрыста. Але ў той жа час і шмат католікаў, якія скептычна ставяцца да рэліквій і аб’яўленняў і таму праяўляюць абыякавасць, а часам нават варожасць, да феномену плашчаніцы.

Як бачна, існуюць самыя розныя пункты гледжання на прыроду гэтай святыні, таму сказаць нешта пра яе са стопрацэнтнай упэўненасцю немагчыма. Але што збліжае прадстаўнікоў розных плыняў? Перш за ўсё перакананасць у тым, што незалежна ад таго, ці з’яўляецца плашчаніца пахавальнай тканінай І ст., у якую было загорнута цела Хрыста, ці адносіцца да больш позняга перыяду, яна ўяўляе сабой выключны і ўнікальны для сусветнай навукі аб’ект. І нават калі адносіцца да эпохі сярэднявечча, не абавязкова павінна быць фальшыўкай.

Амаль адзінагалосна прызнаецца, што выява на плашчаніцы не была зроблена чалавекам: гэта не малюнак і не выпальванне. Паходжанне выявы застаецца нявызначанай навуковай таямніцай. На сённяшні дзень застаюцца невядомымі такія фізіка-хімічныя механізмы, якія б дазволілі стварыць падобную выяву. Найбольш навукова абгрунтаваная версія кажа пра непранікальны паток радыяцыі, які пакінуў след на матэрыяле, намашчаным алоэ і мірам. Але адкуль ён узяўся - застаецца пытаннем.

Навукова даказана, што ў Турынскую плашчаніцу было загорнута цела чалавека на перыяд ад 30 да 36 гадзін, пра што сведчаць сляды ад амаль 700 малых і вялікіх ранаў, якія засталіся на тканіне.

Існуюць грунтоўныя доказы таго, што плашчаніца не можа быць сярэднявечнай. Шматлікія даследванні пацвярджаюць, што радзімай гэтай тканіны з’яўляецца сіра-палесцінская тэрыторыя, а перыяд яе ўзнікнення – І ст. н.э. Існуюць і іншыя ўказанні: на матэрыяле была знойдзена пыльца раслінаў, характэрных для міжземнаморскага рэгіёну, а таксама сляды ад манет, адчаканеных у 29 г., у эпоху Понція Пілата.

Акрамя таго, у сярэднявеччы былі цалкам невядомымі гістарычныя падрабязнасці пра метады катаванняў і ўкрыжаванняў І ст., адлюстраваныя на плашчаніцы. Магчымая сярэднявечная падробка не магла быць зробленай насуперак усім існуючым у тую эпоху іканаграфічным канонам: напрыклад, з выявай слядоў ад цярновай кароны, якая пакрывала ўсю галаву, слядамі ад пераносу ахвярай катаванняў не ўсяго крыжа, а толькі яго гарызантальнай балкі, слядамі ад укрыжавання на запясцях, а не да далонях.

Той, хто мог рабіць сярэднявечную падробку, меў бы патрэбу ў мікраскопе, каб дапоўніць выяву незаўважнымі для чалавечага зроку элементамі: пыльцой, элементамі гліны і алею для намашчэння памерлых. Гэты “мастак” павінен быў бы ведаць пра розніцу паміж артэрыяльным і вянозным крывацёкам і мець здольнасці і прылады, каб адлюстраваць гэта на плашчаніцы. Нарэшце, ён павінен быў знайсці ахвяру, на цела якой было неабходна нанесці каля 700 ранаў, а затым, пасля яе смерці, прабіць ёй бок. Было неабходна, каб аблічча гэтай ахвяры ў дзясятках рысаў нагадвала аблічча Езуса Хрыста, якім яно прадстаўлялася ў візантыйскай іканаграфіі пачынаючы з IV ст.

Касцёл пакінуў пытанне аб сапраўднасці гэтай рэліквіі навукоўцам, але працягвае ўшаноўваць яе. Паводле Папы Францішка, аблічча з плашчаніцы падобна да твараў людзей, параненых адсутнасцю павагі, войнамі і насіллем. 30 сакавіка 2013 г. Пантыфік заклікаў вернікаў глядзець на плашчаніцу не проста назіраючы, але ўшаноўваючы яе – гледзяць позіркам малітвы і нават больш, дазволіць ёй глядзець на нас. “Дазволім гэтаму позірку, які глядзіць не ў нашы вочы, а ў сэрца, дасягнуць нас. Паслухаем тое, што ён хоча сказаць нам, у маўчанні, пераходзячы праз саму смерць”, - казаў Святы Айцец.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.