Адным з самых цікавых і таямнічых месцаў у Ватыкане з’яўляецца Апостальская бібліятэка. Яна была заснавана па ініцыятыве Папаў Мікалая V і Сікста IV у другой палове XV ст., і на сённяшні дзень тут захоўваецца больш за 1,5 млн. старажытных і сучасных кніг, больш за 8 тыс. інкунабулаў – кніг, выдадзеных у першыя дзесяцігоддзі пасля з’яўлення друкавальнага станку, – сярод якіх каля 65 пергаментных. Акрамя таго, тут захоўваецца каля 150 тыс. манускрыптаў, каля 300 тыс. манет і медалёў і каля 20 тыс. твораў мастацтва.
(8Мб)
Канешне, такое багацце прываблівае цікавасць даследчыкаў і навукоўцаў з усяго свету, і многія жадаюць патрапіць у Ватыканскую бібліятэку, каб рабіць чарговыя адкрыцці ці проста з цікаўнасці пагартаць старажытныя фаліянты, здуваючы пыл з пакрытых цудоўнымі роспісамі вокладак. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: як магчыма атрымаць дазвол на працу ў Ватыканскай бібліятэцы і ці ўвогуле магчыма гэта для чалавека “з вуліцы”?
У правілах карыстання Ватыканскай бібліятэкай гаворыцца, што наведванне гэтай установы дазволена кваліфікаваным даследчыкам і навукоўцам, незалежна ад іх расы, веравызнання, паходжання і культуры. У першую чаргу гэта тычыцца ўніверсітэцкіх выкладчыкаў ці проста людзей, “вядомых сваёй эрудыцыяй або навуковымі публікацыямі”.
Кваліфікаваныя даследчыкі, навукоўцы ці эрудыты для карыстання Ватыканскай бібліятэкай павінны валодаць “належнай падрыхтоўкай, дакументаванай і гарантаванай прызнанымі акадэмічнымі інстытутамі”. Гэта значыць, што асоба, якая жадае патрапіць сюды, павінна ўмець карыстацца старажытнымі і каштоўнейшымі кнігамі і манускрыптамі. Вядома, што кожны неакуратны дотык можа прынесці старажытным дакументам непапраўную шкоду. Неабходнасць знаёмства з тым ці іншым дакументам павінна быць глыбока абгрунтавана і ўзважана.
Асоба, якая жадае наведаць Ватыканскую бібліятэку, павінна ўказаць тэму свайго даследвання і яго кароткае апісанне. Гэта робіцца для таго, каб загадзя ведаць, якія дакументы спатрэбяцца чытачу, і дарэмна “не турбаваць” старажытныя фаліянты.
Менавіта дзеля захавання матэрыялаў Ватыканскай апостальскай бібліятэкі з 2010 г. праводзіцца іх “алічбоўка”. Спецыяльна для гэтай мэты быў створаны фонд “Digita Vaticana”, які шукае спонсараў і партнёраў для старэння электронных копій бібліятэчных скарбаў. Адным з іх стала японская карпарацыя “NTT Data”, якая прадстаўляе паслугі ў сферы высокіх тэхналогій. Першыя алічбаваныя гэтай кампаніяй старажытныя манускрыпты ўжо сёння “выкладзены” ў інтэрнэт. Калі працэс “алічбоўкі” закончыцца, карыстанне каштоўнымі дакументамі нашмат спросціцца і для гэтага не будзе патрэбы адпраўляцца ў Ватыкан. Але да гэтага моманту яшчэ вельмі далёка, бо сканаванне старажытных фаліянтаў – складаны і доўгі працэс.
Што тычыцца доступу студэнтаў да працы ў Ватыканскай бібліятэцы, то ён не практыкуецца. Выключэнні робяцца толькі для аспірантаў, які рыхтуюцца да абароны сваёй дысертацыі, ці студэнтаў-дыпломнікаў, якім неабходна звярнуцца да манускрыптаў ці іншых матэрыялаў, якія захоўваюцца толькі тут і больш ні ў якім іншым месцы. Каб атрымаць такі доступ, неабходна прадставіць у адміністрацыю Ватыканскай бібліятэкі рэкамендацыю і просьбу ад сваёй навучальнай установы. У ёй павінна быць глыбока абгрунтавана, чаму з’явілася патрэба ў звароце да каштоўных дакументаў. Бібліятэка пакідае за сабой права пераканацца ў тым, ці валодае наведвальнік неабходнымі здольнасцямі і кампетэнцыяй у карыстанні каштоўнымі матэрыяламі. Нягледзячы на гэта, шанс патрапіць у гэтае таямнічае і сакральнае для даследчыкаў і кнігалюбаў месца ёсць.
Канешне, так было не заўсёды – калісьці ўвайсці ў Ватыканскую бібліятэку было амаль немагчыма, бо яна была “папскай” у прамым значэнні гэтага слова. Адкрытай для публікі яе зрабіў Папа Леў ХIII у 1892 г. Гэты Пантыфік быў адным з першых, хто пачаў шырока адкрываць Касцёл свету і дзяліцца з ім не толькі духоўным багаццем, але таксама і культурнай спадчынай.
Трэба адзначыць, што напрыканцы ХIХ ст. Ватыканская бібліятэка не была прыстасавана для прыняцця наведавальнікаў. Было неабходна каталагізаваць і сістэматызаваць мільёны дакументаў. Менавіта гэтай працай заняўся прызначаны ў 1895 г. прэфектам Апостальскай бібліятэкі нямецкі езуіт Францыскус Ірлі. З нямецкай педантычнасцю і дакладнасцю ён на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прыводзіў бібліятэчную картатэку ў парадак. Дзякуючы яго вялікай працы супрацоўнікі бібліятэкі да сённяшняга дня маюць магчымасць з лёгкасцю знаходзіць неабходныя даследчыкам кнігі і дакументы. Сёння створаны таксама электронны каталог, з якім можна пазнаёміцца на сайце Ватыканскай Апостальскай бібліятэкі www.vatlib.it
Пасля атрымання дазволу на карыстанне бібліятэкай чытачу ўручаецца спецыяльная картка, якая дазваляе ўваход на тэрыторыю Ватыкана. Апостальская бібліятэка знаходзіцца ў будынку, узведзеным у XVI ст. швейцарскім архітэктарам Даменіко Фантана. Уваход у яго ажыцяўляцца праз Бельведэрскі дворык, недалёка ад Ватыканскіх музеяў. Тут ёсць невялічкі сад і бар, дзе можна адпачыць, паразмаўляць і спажыць пасілак. У чытальных залах бібліятэкі ўсё гэта рабіць забаронена.
Паводле бібліятэчных правілаў, працуючы з дакументамі, неабходна захоўваць цішыню, нельга карыстацца мабільнымі тэлефонамі, фота- або відэакамерамі. Адно з патрабаванняў тычыцца адзення чытачоў, якое павінна быць “адпавядаючым годнасці старажытнай культурнай і навуковай установы”.
Напрыканцы можна адзначыць, што Ватыканская бібліятэка адкрыта з 16 верасня па 15 ліпеня. Жнівень тут – гэта час адпачынку. Для аспірантаў апошні дзень працы ў бібліятэцы 15 чэрвеня, а для студэнтаў-дыпломнікаў – 31 мая. Бібліятэка адкрыта з панядзелка па пятніцу, з 8.45 да 17.15.
Абагульняючы, можна адзначыць, што патрапіць у Ватыканскую бібліятэку могуць даследчыкі і навукоўцы, вядомыя сваімі навуковымі адкрыццямі, універсітэцкія выкладчыкі, аспіранты і студэнты-дыпломнікі, якія прадставяць дакументы аб неабходнасці выкарыстання матэрыялаў бібліятэкі. Для атрымання карткі, якая дазваляе карыстанне бібліятэкай, трэба прадставіць пашпарт, дакумент аб навуковай дзейнасці ці пасадзе і рэкамендацыю ад ВНУ або выкладчыка ў выпадку аспірантаў і студэнтаў-дыпломнікаў.
(8Мб)
Аляксандр Панчанка
tt
Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va