«100 пытанняў — 100 адказаў». Крыжовыя паходы |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
26.11.2014 10:39 | ||||||||
Пачынаючы ад Вальтэра, крыжовыя паходы сталі сапраўднай «чорнай легендай», напоўненай падманам і вымысламі. Гэтая легенда расказвае аб тым, што крыжовыя паходы былі рэлігійнай вайной, якую хрысціяне абвясцілі мусульманам. Вызнаўцы Хрыста ў ёй прадстаўлены як рэлігійныя фанатыкі і фундаменталісты, а рэлігія для іх была толькі алібі, неабходнае для апраўдання захопу новых земляў і багаццяў. «Чорная легенда» была прыдумана для таго, каб прымусіць католікаў сароміцца свайго мінулага. Даведацца, ці так было на самой справе, я прапаную сёння.
Зразумець сэнс крыжовых паходаў нялёгка, бо мінула шмат стагоддзяў і свет вельмі змяніўся. Змянілася таксама ментальнасць чалавека. Cярэднявечны чалавек думаў іншымі катэгорыямі, адрознымі ад цяперашніх. Для яго крыжовыя паходы не былі толькі вайсковымі экспедыцыямі, але перш за ўсё пілігрымкамі — узброеннымі пілігрымкамі. Ваенны паход быў неабходны, каб вызваліць Святую Зямлю ад турэцкай акупацыі. Гэтая акупацыя зрабіла немагчымым тое, што было прывычным для ўсяго хрысціянскага сярэднявечча: пілігрымкі ў Святую Зямлю, наведванне месцаў, у якіх жыў Езус Хрыстус. Такім чынам, галоўнай матывацыяй для шматлікіх мужчын і жанчын, дарослых і маладых, нават дзяцей, каралёў і сялян, якія пакідалі ўсё дзеля вызвалення Святой Зямлі, была рэлігійная матывацыя. Цікава будзе даведацца, што сярод удзельнікаў V крыжовага паходу быў св. Францішак Асізскі. Аб ім мы прызвычаіліся чуць вельмі «салодкія» гісторыі. Але таксама і ён быў прыхільнікам вызвалення Святой Зямлі. Святому Францішку нават давялося паразмаўляць з турэцкім султанам Малі-аль-Калімам. На пытанне, ці не супярэчаць паходы Евангеллю, Францішак адказаў: «Евангелле кажа: калі тваё вока спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе. Гэтым Езус хацеў нас навучыць таму, што калі нават наш бліжні імкнецца аддаліць нас ад веры і любові нашага Бога — яго неабходна адкінуць. Таму хрысціяне дзейнічаюць паводле справядлівасці, калі змагаюцца з вамі, бо вы абражаеце імя Хрыста і спрыяеце таму, што многія аддаляюцца ад веры». Такі быў адказ св. Францішка. Акупацыя Іерусаліма туркамі-сельджукамі ставіла пад пагрозу рэлігійную памяць вызнаўцаў Хрыста. Калі пад пагрозай былі месцы, звязаныя з жыццём Езуса Хрыста, пад пагрозай была ўся вера. Так думаў сярэднявечны чалавек. Сёння вельмі складана зразумець такі стыль мыслення. Бо нават мы, вернікі, прызвычаіліся клапаціцца ў першую чаргу аб матэрыяльных рэчах ці ўласным здароўі. Сучасныя войны вядуцца з іншых прычын: яны вядуцца за нафту, эканамічныя ці тэрытарыяльныя выгады. У сярэднявеччы ў цэнтры жыцця людзей была вера. За яе нават не шкадавалі жыцця. Аб гэтым мы яшчэ будзе размаўляць больш падрабязна. Але вернемся зноў да нашай тэмы. Хрысціяне Святой Зямлі вельмі пакутавалі ад турэцкага прыгнёту. Нават візантыйскі імператар Аляксей І, забыўшы пра схізму, папрасіў Папу аб дапамозе супраць захопнікаў. Таму другой прычынай крыжовых паходаў быў клопат аб хрысціянскай супольнасці ў Святой Зямлі, а таксама ўздоўж усходніх межаў Еўропы. Абарона хрысціян з’яўляецца таксама адным з галоўных элементаў крыжовых паходаў. Гэта не азначае, што падчас крыжовых паходаў для іх удзельнікаў не існавала іншых прычын: палітычных ці эканамічных. Аднак тым, што аб’яднала і ўзняло ўсю Еўропу на вызваленне Святой Зямлі, была вера. Калі гаварыць пра палітычныя факты, то варта памятаць, што ідэя далучэння Іерусаліма да заходняй цывілізацыі ніколі не належала Папу ці біскупам. Паводле тагачасных законаў, Святы горад належаў візантыйскаму імператару — імператару Канстанцінопаля. Захоп Іерусаліма, які адбыўся ў выніку І крыжовага паходу, не быў ініцыяваны Папам. Папа хацеў толькі яго вызвалення. Яшчэ адзін аспект, на які неабходна звярнуць увагу, тычыцца ІІІ крыжовага паходу, якім кіравалі англійскі кароль Рычард Ільвінае Сэрца і кароль Францыі Філіп ІІ Аўгуст. У гэтым паходзе ўдзельнічаў таксама імператар Фрыдрых Барбароса, аднак не як найвышэйшы камандзір, а як звычайны салдат, бо быў адлучаны Папам ад Касцёла. Ён памёр, утануўшы ў рацэ По. За веру, для таго, каб атрымаць індульгенцыю, імператар быў вымушаны змагацца як звычайны салдат. Але звернемся да іншага аргументу: калі мы гаворым аб крыжовых паходах, у першую чаргу размова ідзе аб насіллі і забойствах, якія здзяйсняліся. Часта ўзгадваецца аб яўрэйскіх пагромах і знішчэнні арабскіх пасяленняў. На жаль, сапраўды мелі месца трагічныя факты. Але ні Папа, ні Касцёл не былі іх ініцыятарамі і ніколі іх не падтрымлівалі. Забойствы мірнага насельніцтва здзяйснялі салдаты, якія дзейнічалі па-за мэтамі крыжовых паходаў. Вядомы шматлікія факты, калі біскупы бралі насельніцтва пад сваю апеку і асуджалі гвалт. Амаль усе крыжовыя паходы акрамя першага былі безвыніковымі, і ў 1300 г. папа Баніфацый VIII замяніў поўную індульгенцыю на пілігрымку ў Рым, адмовіўшыся ад ідэі вызваліць Іерусалім. Так скончылася эпоха крыжовых паходаў. Канешне, тое, што было сказана аб крыжовых паходах — гэта няшмат, але я хачу падкрэсліць, што зараз мы маем неабходныя факты і веды, каб адказаць на прапаганду, якая імкнецца абвінаваціць Касцёл у тым, што ён падняў народы Еўропы на вызваленне Гробу Пана.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |