«100 пытанняў — 100 адказаў». Цень інквізіцыі |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
09.12.2014 13:51 | ||||||||
Напэўна, кожны з нас не раз чуў такія словы: «Касцёл з дапамогай інквізіцыі закатаваў да смерці тысячы нявінных людзей». І часта мы не ведаем, што і адказаць на гэта. Але пачнем па парадку. Ці сапраўды інквізіцыя была тым, што аб ёй думае большасць нашых сучаснікаў? Некаторыя аспекты, звязаныя з ёй, мы паспрабуем высветліць сёння.
Касцёр Што першае прыходзіць нам на думку, калі мы прамаўляем слова «інквізіцыя»? Канешне, касцёр — смерць на кастры. Напэўна, многія так і думаюць, што амаль кожны, хто патрапіў у рукі інквізіцыі, сканчваў жыццё ў полымі на адной з гарадскіх сярэднявечных плошчаў. Такое меркаванне з’яўляецца распаўсюджаным, бо яму нас вучаць у школе, папулярызуюць праз кіно ці іншыя віды мастацтва. Але паглядзім, што на гэты конт кажуць дакументы. Перш за ўсё варта ўдакладніць, што смерць для ерэтыкоў праз спальванне на кастры была ўстаноўлена свецкім правам, а не кананічным. У кананічным праве няма і ніколі не было пакарання праз спальванне. Пакаранні, якія былі прадугледжаны касцёльным правам, — гэта малітвы, пост, пілігрымкі ці адлучэнне ад Касцёла. Цікава адзначыць, што пакаранне смерцю за ерась было ўведзена ў ХІІІ ст. імператарам Фрыдрыхам ІІ Швабскім, бацькам знакамітага Фрыдрыха Барбаросы. Ерэтыкі ім былі аб’яўлены ворагамі Свяшчэннай Рымскай імперыі, бо пагражалі яе адзінству і маналітнасці. Такім чынам, калі касцёльны трыбунал ці інквізіцыя прызнавала, што той ці іншы чалавек з’яўляўся ерэтыком, яго караў смерцю свецкі суд, але не касцёльны. Касцёльны суд прызначаў ерэтыку толькі пакуту: напрыклад, пэўныя малітвы, пост ці абавязваў здзейсніць пілігрымку ў Святую Зямлю. Такім чынам, функцыя касцёльнага суду заключалася ў тым, каб высветліць, ці з’яўляецца чалавек ерэтыком, і калі так, прызначыць яму за гэта пакуту. Далей на гэтай падставе судзіць пачынаў суд свецкі. Дакументы, які дайшлі да нашага часу, сведчаць, што касцёльныя суды былі даволі лаяльнымі і часта не жадалі аддаваць чалавека, які прызнаваўся ў ерасі, свецкім уладам. Напрыклад, дацкі гісторык Густаў Хэнінгсэн прааналізаваў дзейнасць іспанскай інквізіцыі за тры стагоддзі з XVI па XVIII. Адзначу, што іспанская інквізіцыя найбольш вядома сваёй жорсткасцю. Прааналізаваўшы каля 44 тысяч выпадкаў, ён высветліў, што толькі каля 1% ерэтыкоў былі асуджаны. Гэтыя даныя падцвердзіў іншы вядомы амерыканскі гісторык Эдвард Петэрс. Такім чынам, мы бачым, што гісторыкамі была створана легенда аб тым, што амаль кожны ерэтык сканчваў жыццё на кастры. Катаванні Другі аргумент, які часта ўзгадваецца, калі размова ідзе аб інквізіцыі, — гэта катаванні. Дакументы кажуць, што, на жаль, сапраўды катаванні выкарыстоўваліся інквізітарамі для таго, каб прымусіць ерэтыкоў прызнацца ў ерасі. 15 мая 1252 г. папа Інакенцій IV выдаў булу пад назвай «Ad extirpanda», у якой ёсць такія словы: «Граданачальнік абавязаны праз катаванні прымусіць ерэтыка паспавядацца і прызнаць сваю віну». Але гэта не ўсё. Далей напісана, што «катаванні не павінны прывесці да згубы якога-небудзь з членаў ці паставіць жыццё чалавека пад пагрозу». Акрамя таго, прадугледжавалася, што катаванне не магло працягвацца больш за 15 хвілін і магло ўжывацца толькі адзін раз. Агаворвалася, што споведзь у ерасі вінаваты павінен быў паўтарыць праз два дні пасля свайго першага прызнання, дасягнутага з дапамогай катаванняў. Варта дадаць, што катаванні разглядаліся як выключная мера, ужыванне якой дапускалася, калі іншыя сродкі не дзейнічалі. Акрамя таго, ініцыятыва распачацця катаванняў не магла паходзіць толькі ад інквізітара — была неабходна згода біскупа. Часта здаралася так, што паміж інквізітарам і біскупам не было згоды на гэты конт. Нам вядомы некаторыя статыстычныя даныя наконт ужывання катаванняў. Напрыклад, на працягу 1309–1323 гг. у Тулузе разглядалася 636 судовых спраў, і катаванні выкарыстоўваліся толькі аднойчы. У Валертэле у перыяд з 1478 па 1530 гг. адбылося 2345 працэсаў, і катаванні ўжываліся 12 разоў. Аб метадах катаванняў таксама былі складзены шматлікія легенды. Многім нацыскім ці нквдэшным «спецыялістам» інквізітары маглі паказацца проста дылетантамі. Законныя гарантыі Нарэшце, звернемся да яшчэ аднаго аргументу. Многім можа падавацца, што інквізітары былі ўсемагутнымі суддзямі, для якіх не існавала ніякіх перашкод і кантролю. Гэта не так. Папы Інакенцій IV і Аляксандр IV загадалі правінцыялам і генералам дамініканскага і францішканскага ордэнаў кантраляваць і наказваць тых інквізітараў, жорсткасць якіх выклікала народныя пратэсты. Папа Клемент V на Венскім Саборы 1311 г. адлучыў ад Касцёла інквізітара за злоўжыванні. Біскупы і ўсе, хто дапамагаў яму, мелі абавязак інфармаваць аб злоўжываннях інквізітараў. Вядомы выпадкі, калі інквізітары самі траплялі за краты за сваю жорсткасць. Таксама варта сказаць, што той, хто абвінавачваўся, меў пэўныя гарантыі, якія былі прадугледжаны законам: супраць яго не мог сведчыць яго вораг, за працэсам сачылі свецкія адвакаты і інш. Акрамя таго, існавалі многія «змякчальныя» абставіны для асуджаных: яны маглі быць вызвалены, каб клапаціцца аб хворых бацьках ці проста з прычыны моцнай веры сваіх блізкіх. Самым вялікім турэмным тэрмінам, на які мог быць асуджаны ерэтык, быў 8-гадовы. Напрыклад, пажыццёвае зняволенне прыдумалі ў часы Французскай рэвалюцыі — антыхрысціянскай і антыкаталіцкай. Ну і напрыканцы трэба сказаць аб яшчэ адной легендзе: аб тым, што ўсе ерэтыкі нібыта былі міралюбівымі вальнадумцамі. Гэта не так. Часта яны з’яўляліся сапраўднай пагрозай для жыццёвага ўкладу і сацыяльнага парадку грамадства. Сярэднявечны чалавек, які вельмі клапаціўся аб вечным збаўленні, бачыў у ерэтыку пагрозу, ад якой трэба было абараняцца з дапамогай інквізіцыі. Акрамя таго, часта ерэтыкі прымалі ўдзел у адкрытых антырэлігійных войнах і паўстаннях: узгадайце, напрыклад, аб паўстанні катараў на поўдні Францыі. Гэта толькі некаторыя аспекты, звязаныя з інквізіцыяй, якія мы паспелі закрануць, але, думаю, іх дастаткова, кааб ясней убачыць, чым была інквізіцыя на самой справе і якой яе прадстаўляе антыхрысціянская міфалогія.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |