«100 пытанняў — 100 адказаў». Французская рэвалюцыя — піянер генацыду? |
Рубрыка Ватыканскага радыё | ||||||||
17.04.2015 11:02 | ||||||||
Ахвярамі генацыду сталі біскупы, святары, законнікі і законніцы, а таксама дзясяткі тысяч простых вернікаў. Іх адзіным «злачынствам» была адданасць каталіцкай веры. Забытым сімвалам генацыду вернікаў у перыяд Французскай рэвалюцыі стала трагедыя ў рэгіёне Вандэя. Ён знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Францыі. У гэтым рэгіёне яшчэ і зараз жывуць нашчадкі старажытных кельтаў — народа, вернага хрысціянскай веры і каталіцкім традыцыям. Жыхары гэтага рэгіёна былі аднымі з нямногіх, хто не падтрымаў бязбожную рэвалюцыю і заплаціў за гэта коштам уласнага жыцця. Аб трагедыі ў Вандэі пойдзе гаворка ў нашай сённяшняй праграме. Я нездарма выбраў моцнае слова «генацыд» для акрэслення таго, што здарылася ў 1793–1796 гг. у Вандэі. На працягу доўгага часу злачынствы, учыненыя ў Вандэі, добра хаваліся. Многія архіўныя дакументы былі знішчаны. Аднак, нягледзячы на гэта, некаторыя французскія гісторыкі змаглі адшукаць унікальныя сведчанні, якія адкрылі праўду. Сярод іх Рэйнальд Сэхер, які ў 1989 г. апублікаваў кнігу «Вандэйскі генацыд». У ёй аўтар сабраў сведчанні і дакументы, якія ўсё ж захаваліся, аб жахах масавых забойстваў у Вандэі. Дык што ж здарылася ў гэтым каталіцкім рэгіёне рэвалюцыйнай Францыі? Канфлікт пачаўся з таго, што вандэйцы адмовіліся папоўніць рэкрутамі рэспубліканскую армію і паднялі паўстанне супраць новых французскіх уладаў. Пасля некалькіх баёў сялянская «каталіцкая армія» была разбіта, аднак «сябры чалавецтва» з Парыжа палічылі недастатковым простага пакарання непакорных вандэйцаў. Яны распрацавалі спецыяльны план татальнага знішчэння насельніцтва рэгіёна, якое не адпавядала агульнапрынятаму стандарту «сучаснага чалавека». У загадзе генерала Турро адзначалася: «Усе вёскі, лясы і палі павінны быць спалены». Звярталася асаблівая ўвага на неабходнасць забойства жанчын — «рэпрадуктыўнай крыніцы» народа, які не прыняў Дэкларацыю правоў чалавека. Рэспубліканскім войскам было дазволена выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для хуткага «вырашэння пытання». На думку французскіх рэвалюцыянераў, «гільяціна працавала вельмі павольна», а «расстрэл патрабаваў выкарыстання куляў і пораху», таму было прынята рашэнне пабудаваць спецыяльныя лодкі, напаўняць іх людзьмі, вывозіць тых на сярэдзіну ракі, а затым тапіць. Такія казні праводзіліся штодзённа. Рэвалюцыянеры іх называлі «патрыятычным хростам». Дзікая фантазія палачоў не абмяжоўвалася гэтым. Сведкі падзеяў распавядалі аб так званым «рэспубліканскім шлюбе», які ўдзялялі новыя ўлады: аголеных хлопцаў і дзяўчат, моцна звязаных вяроўкамі, тапілі ў рэках. Такое пакаранне ўжывалася таксама ў дачыненні да тысяч святароў, законніц і тых, якія належалі да адной сям’і. У справаздачах рэспубліканцаў былі сведчанні аб 5 тысячах такіх забойстваў. Кіраўнік рэвалюцыйнага камітэта горада Нант Жан Батыст Карэр ганарыўся тым, што асабіста ўтапіў 2,8 тысяч чалавек, сярод якіх толькі ў адну ноч ад 400 да 500 непаўналетніх. Іншым спосабам расправы з вандэйцамі былі «пякельныя калоны» — шэсць пушачных палкоў, пастаўленых у рад, якія з 17 студзеня 1794 г. на працягу амаль чатырох месяцаў рухаліся наперад і знішчалі ўсё на сваім шляху. Адзін са сведкаў, якія ішлі за гэтай калонай, пісаў: «Уся дарога была пакрыта целамі забітых, некаторыя целы тут ляжалі на працягу трох-чатырох дзён». Дзякуючы таму, што побач знаходзілася шмат лясоў, многія жыхары здолелі выжыць, хаваючыся ў іх. Ноччу яны выходзілі, каб пахаваць загінуўшых і памаліцца разам на ружанцы. Нарэшце, яшчэ адным злачынствам рэвалюцыянераў у Вандэі было выкарыстанне целаў забітых. Са скуры вандэйцаў рабілі рамяні і абутак, а з целаў загінуўшых варылі мыла. Галовы пакараных выстаўляліся на сценах гарадоў, каб наводзіць страх на жыхароў. Генацыд у Вандэі працягваўся амаль паўтара гады. Ён быў дазволены і рэкамендаваны парыжскімі рэвалюцыйнымі ўладамі, якія дзейнічалі паводле дэвізу «Свабода, роўнасць, братэрства альбо смерць». Гістарычныя факты гавораць самі за сябе: на працягу 18 месяцаў на тэрыторыі ў 10 тысяч кв. км было знішчана каля 120 тысяч чалавек, што адпавядала 15% насельніцтва ўсяго рэгіёна. Варта дадаць, што падобныя злачынствы учыняліся ў Ліёне, Тулузе, Бардо, Марсэлі і іншых каталіцкіх рэгіёнах Францыі. Акрамя таго, трэба ўзгадаць аб тых, хто загінуў на гільяціне ў Парыжы. Агульная колькасць ахвяр рэвалюцыі XVIII ст. перавышае мільён чалавек. Менавіта таму многія гісторыкі лічаць масавае забойства католікаў першым генацыдам у гісторыі.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
||||||||
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |