Уключэнне ў супольнасць Касцёла |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
23.02.2015 15:49 |
Адразу хачу заўважыць, што зараз мы не будзем гаварыць аб змене канфесіі
(напрыклад, калі праваслаўны ці пратэстант жадаюць стаць католікамі, бо
гэта пытанне даволі складанае і патрабуе шмат часу), а пагаворым толькі
аб змене абраду. Найперш пагаворым аб сітуацыі неахрышчанага чалавека. Тут ёсць дзве магчымасці — неахрышчаным можа быць дзіця або чалавек дарослы.
Самая простая сітуацыя, калі ў дзіцяці абодва бацькі з’яўляюцца католікамі лацінскага абраду. Тады такое дзіця пасля прыняцця хросту належыць да лацінскага Касцёла. І тут трэба заўважыць, што не мае значэння, дзе дзіця было ахрышчана і хто яго хрысціў. Чаму я пра гэта кажу? Большасць з нас памятае тыя часы, калі хрост чалавека з’яўляўся паважнай праблемай. Далёка не ўсюды і не заўсёды была магчымасць пайсці ў касцёл і там ахрысціць сваё дзіця. І здараліся розныя сітуацыі — калі была магчымасць католікам звярнуцца, напрыклад, да праваслаўнага святара і дзіця было ахрышчана ў праваслаўнай царкве, і дзякуй Богу, што было ахрышчана. Але той факт, што дзіця католікаў было ахрышчана праваслаўным святаром у праваслаўнай царкве, не робіць гэтае дзіця праваслаўным. У бацькоў-католікаў лацінскага абраду дзіця, незалежна ад таго, хто і дзе яго ахрысціў, застаецца католікам лацінскага абраду.
Наступная сітуацыя, калі толькі адзін з бацькоў належыць да лацінскага Касцёла. Напрыклад, бацька з’яўляецца католікам лацінскага абраду, а маці — католікам усходняга абраду. У такой сітуацыі важны аспект — паразуменне бакоў. Але тут я яшчэ раз хачу звярнуць увагу на тое, што гаворка ідзе менавіта аб тым, што бацька і маці належаць да Каталіцкага Касцёла розных абрадаў. Гаворка не ідзе пра змешаныя сужэнствы паміж, напрыклад, праваслаўным і католікам, бо пры заключэнні такога сужэнства ў Каталіцкім Касцёле каталіцкі бок абяцае зрабіць усё магчымае, каб дзеці былі ахрышчаныя і выхаваныя ў каталіцкай веры, а некаталіцкі бок аб гэтай заяве праінфармаваны. Дык вось, у такой сітуацыі, калі толькі адзін з бацькоў належыць да лацінскага Касцёла, то пры іх паразуменні дзіця таксама становіцца членам Касцёла лацінскага абраду. Калі ж такога паразумення няма, то дзіця становіцца членам Касцёла таго абраду, да якога належыць яго бацька.
З сітуацыяй неахрышчанага чалавека, які жадае стаць католікам, мы больш-менш разабраліся. Цяпер пагаворым аб сітуацыі ахрышчанага чалавека, які хоча змяніць свой абрад. Другая сітуацыя — гэта сужэнец, які пры заключэнні сужэнства або ў час яго трывання засведчыць, што жадае перайсці ў Касцёл іншага абраду «ўласнага права» свайго сужэнца; але пасля таго, як сужэнства перастане існаваць, напрыклад, пасля смерці сужонкі, ён можа свабодна вярнуцца ў лацінскі Касцёл. І трэцяя сітуацыя — дзеці тых, хто атрымалі дазвол Апостальскага Пасаду або пры заключэнні сужэнства перайшлі ў іншы Касцёл «уласнага права», не дасягнуўшыя чатырнаццацігадовага ўзросту, а таксама народжаныя ў змешаным сужэнстве дзеці каталіцкага боку, які згодна з прадпісаннямі права перайшоў у Касцёл іншага абраду «ўласнага права», але пасля дасягнення ўказанага ўзросту такія дзеці могуць вярнуцца ў лацінскі Касцёл. Справа ў тым, што ў нас з-за розных абставінаў ёсць пэўная колькасць людзей, якія, пасля выканання адпаведных юрыдычных прадпісанняў, перайшлі з Праваслаўнай Царквы ў Каталіцкі Касцёл, і часцей за ўсё гэтыя людзі ўдзельнічаюць у жыцці парафій Касцёла лацінскага абраду. Але варта ведаць, што пасля такога пераходу з праваслаўя ў каталіцызм яны становяцца католікамі ўсходняга абраду і змяніць свой абрад на лацінскі могуць толькі ў выпадках, аб якіх мы гаварылі раней — або праз згоду Апостальскага Пасаду, або пры заключэнні сакрамэнту сужэнства. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |