Рымскі Пантыфік |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
06.03.2015 12:17 |
Сёння мы пачынаем гаварыць аб іерархічнай структуры Каталіцкага Касцёла. Мы пазнаёмімся з рознымі пасадамі, якія існуюць у Касцёле, з правамі і абавязкамі тых, хто гэтыя пасады займае. Адразу хачу заўважыць, што на тэму кожнай з гэтых пасадаў можна разважаць вельмі шмат з розных пунктаў гледжання — гістарычнага, тэалагічнага і г.д., — але мы гэта будзем рабіць з пункту гледжання кананічнага права. Мы пачынаем разважаць аб найвышэйшай касцёльнай уладзе і пачнём з фігуры Рымскага Пантыфіка – Папы.
Поўны тытул гэтай пасады гучыць так: Біскуп Рыма, вікарый Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Пантыфік Паўсюднага Касцёла, Прымас Італіі, арцыбіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі, кіраўнік горада-дзяржавы Ватыкан, слуга слугаў Божых. 331-ы канон гаворыць, што Біскуп Рымскага Касцёла, якому сам Пан Езус Хрыстус даў гэтую ўладу, з’яўляецца старшынёй Калегіі Біскупаў, намеснікам Хрыста і пастырам усяго Касцёла на зямлі. Таму ён мае найвышэйшую, поўную, непасрэдную і паўсюдную звычайную ўладу ў Касцёле. Кардыналы збіраюцца на канклаў, які павінен адбывацца ў межах дзяржавы Ватыкан, у вызначаных сектарах і будынках, закрытых для неўпаўнаважаных ад моманту распачацця канклаву аж да моманту абвяшчэння новага Папы. Усе кардыналы і іншыя асобы, якія законным чынам прысутнічаюць на тэрыторыі, дзе адбываецца канклаў, павінны захоўваць абсалютную таямніцу пад пагрозай кананічных пакаранняў, і гэтую таямніцу яны павінны таксама захоўваць пасля выбару новага Папы.
Формай выбару Пантыфіка з’яўляецца галасаванне, і для сапраўднага выбару Біскупа Рыма патрабуецца дзве трэці галасоў у адносінах да агульнай лічбы прысутнічаючых выбаршчыкаў. Пасля прыняцця выбару новаабраны Пантыфік, калі ён ужо з’яўляецца біскупам, адразу становіцца Біскупам Рымскага Касцёла, сапраўдным Папам, старшынёй Калегіі Біскупаў, набывае найвышэйшую ўладу ў Касцёле і можа яе свабодна выконваць. Але калі так здарыцца, што новаабраны Пантыфік не мае біскупскага пасвячэння, то адразу павінен яго атрымаць ад кардынала дэкана.
Другі параграф 332 канону апісвае сітуацыю, сведкамі якой мы былі ў лютым 2013 года, калі Папа Бэнэдыкт XVI аб’явіў аб складанні з сябе паўнамоцтваў Біскупа Рыма. Канон гаворыць, што ў такім выпадку для сапраўднасці патрабуецца, каб такая заява была зроблена Пантыфікам свабодна і была адпаведным чынам абвешчана, але ніхто не павінен гэтай адстаўкі прымаць. Пантыфік проста абвяшчае, што складае з сябе паўнамоцтвы Біскупа Рыма, што і зрабіў Бенэдыкт XVI 11 лютага. Паўнамоцтвы кожнага з гэтых ведамстваў вызначаны ў Aпостальскай канстытуцыі «Pastor Bonus», выдадзенай Папам Янам Паўлам ІІ 28 чэрвеня 1988 года. Папа Францішак таксама пасля свайго абрання склікаў камісію з кардыналаў, якія павінны дапамагаць Пантыфіку ў вырашэнні штодзённых спраў Каталіцкага Касцёла. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |