Калегія Біскупаў |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
01.04.2015 14:29 |
Сёння мы пагаворым аб Калегіі Біскупаў. Праз біскупскае пасвячэнне і іерархічную супольнасць з Рымскім Пантыфікам і іншымі членамі кожны біскуп становіцца членам Калегіі Біскупаў, і гэтая Калегія разам са сваім cтаршынёй — Рымскім Пантыфікам — і ніколі без яго з’яўляецца суб’ектам найвышэйшай улады ў Касцёле. Прыналежнасць да Калегіі Біскупаў патрабуе выканання дзвюх умоваў: па-першае, біскупскае пасвячэнне, і па-другое, іерархічная супольнасць з Папам і іншымі членамі Калегіі. Другая ўмова вельмі важная, бо для таго, каб быць членам Калегіі Біскупаў, недастаткова толькі прыняць біскупскае пасвячэнне, але трэба яшчэ быць у іерархічнай супольнасці з Рымскім Пантыфікам і іншымі членамі Калегіі Біскупаў. Напрыклад, праваслаўныя епіскапы з’яўляюцца сапраўднымі, яны сапраўдным чынам прынялі сакрамэнт епіскапскага пасвячэння, але яны не з’яўляюцца членамі Калегіі Біскупаў, бо не маюць іерархічнай еднасці з Папам і іншымі членамі Калегіі. Калі глядзім на гісторыю Касцёла або спрабуем гаварыць аб яго будучыні, то не здаецца, што такога роду калегіяльныя акты (у вузкім значэнні гэтага слова) стануць звычайным спосабам выканання найвышэйшай улады ў Касцёле. Па сутнасці атрымоўваецца, што Калегія Біскупаў, хаця яна і існуе заўсёды, але толькі час ад часу дзейнічае сапраўды калегіяльна ў поўным значэнні гэтага слова.
Галоўны ўклад біскупа ў Паўсюдны Касцёл рэалізуецца de facto праз яго паслугу ў мясцовым Касцёле, у сваёй дыяцэзіі, з той часткай Божага народу, якая даручана апецы біскупа. Бо мясцовы Касцёл, якім кіруе біскуп, не з’яўляецца нейкай закрытай сістэмай, але з’яўляецца часткай адзінага, святога, каталіцкага і апостальскага Касцёла. І калегіяльнасць біскупаў праўляецца ў тым, яны, кіруючы даручаным ім мясцовым Касцёлам, імкнуцца працаваць калегіяльна для дабра паўсюднага Хрыстовага Касцёла.
Што датычыць удзелу ў Паўсюдным Саборы, то ўсе біскупы, якія з’яўляюцца членамі Калегіі Біскупаў, маюць права і абавязак удзельнічаць у Паўсюдным Саборы. Больш за тое, на Саборы ўсе члены Калегіі Біскупаў маюць рашаючы голас. Але таксама на Паўсюдны Сабор найвышэйшая касцёльная ўлада можа запрасіць іншых асобаў, якія не маюць біскупскага пасвячэння. Тая ж улада павінна дакладна акрэсліць спосаб удзелу гэтых асобаў у працы Паўсюднага Сабору. Напрыклад, у працы апошняга, Другога Ватыканскага Сабору, прымалі ўдзел найвышэйшыя настаяцелі манаскіх інстытутаў і, як яны тады называліся, таварыстваў супольнага жыцця без шлюбаў. Таксама на Сабор былі запрошаны эксперты, якія выконвалі функцыі кансультантаў, асабліва для ўдзелу ў працах розных камісій для апрацоўкі праектаў дакументаў Сабору. Таксама на Сабор былі запрошаны назіральнікі з Цэркваў і царкоўных супольнасцяў, якія не знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |