Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянін і права. Дыяцэзіі
Рубрыка Ватыканскага радыё
07.08.2015 12:02

 У мінулых нашых перадачах мы размаўлялі аб арганізацыі касцёльнага жыцця на найвышэйшым узроўні – гаварылі пра Папу Рымскага, кардыналаў, папскіх легатаў, пра саборы і сіноды, — тое, што датычыць арганізацыі Паўсюднага Касцёла. Сёння ж мы спусцімся на адну ступеньку ўніз і пачнем гаварыць аб мясцовых Касцёлах, у якіх існуе і з якіх складаецца адзін і адзіны Каталіцкі Касцёл, пагаворым аб структуры мясцовых Касцёлаў, іх арганізацыі і іерархіі. 

Што ж такое мясцовы Касцёл? Часцей за ўсё, гаворачы пра мясцовы Касцёл, мы маем на ўвазе нейкую канкрэтную дыяцэзію. Але не заўсёды. 368-ы канон Кодэкса гаворыць, што, сапраўды, мясцовыя Касцёлы – гэта перад усім дыяцэзіі, але з імі таксама зраўнаныя тэрытарыяльная прэлатура і тэрытарыяльнае абацтва, апостальскі вікарыят і апостальская прэфектура, а таксама на стала арганізаваная апостальская адміністратура. Да гэтага спісу яшчэ трэба дадаць вайсковыя ардынарыяты, якія займаюцца душпастырствам вайскоўцаў і іх сем’яў.

Крытэрыем, чаму гэтыя адзінкі зраўнаныя, не з’яўляецца тое, ці на чале гэтай адміністрацыйнай адзінкі стаіць біскуп або іншая духоўная асоба, якая мае канкрэтную ўладу, а з’яўляецца той факт, што ў такога тыпу структурах, таксама як і ў дыяцэзіях, павінны абавязкова выступаць два элементы – па-першае, павінна існаваць акрэсленая тэрыторыя, і па-другое, гэтая тэрыторыя павінна быць арганізавана для душпастырства вернікаў, якія там пражываюць, таму што гэтыя вернікі з’яўляюцца часткай Божага народа, поўнасцю незалежнай ад якой-небудзь іншай тэрытарыяльнай структуры. Духоўныя асобы, якія стаяць на чале такіх адміністрацыйных адзінак, з’яўляюцца суб’ектамі правоў і абавязкаў ардынарыяў або ардынарыяў месца, а нават у некаторых выпадках дыяцэзіяльных біскупаў, хаця некаторыя з іх не маюць біскупскага пасвячэння.

Зараз пагаворым канкрэтна пра тыя адміністрацыйныя адзінкі, якія з’яўляюцца мясцовымі Касцёламі. Пачнём з дыяцэзіі або, як гаворыцца ва ўсходняй традыцыі, епархіі. 369-ы канон Кодэкса гаворыць, што дыяцэзія – гэта частка Божага народа, давераная пастырскай апецы біскупа ў супрацоўніцтве з прэзбітэрыем, каб яна – гэтая частка Божага народа – трымаючыся свайго пастыра і сабраная ім у Святым Духу праз Евангелле і Эўхарыстыю, утварала мясцовы Касцёл, у якім сапраўды прабывае і дзейнічае адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл Хрыстовы. Гэтыя словы ўзяты непасрэдна з Дэкрэту Другога Ватыканскага Сабору «Christus Dominus».

Як мы бачым, істотнымі элементамі дыяцэзіі з пункту гледжання права з’яўляюцца, па-першае, тое, што дыяцэзія – гэта частка Божага народа – гэта значыць супольнасць вернікаў, і па-другое, гэтая частка Божага народа кіруецца біскупам, які супрацоўнічае са сваім прэзбітэрыем – са святарамі, гэта значыць, што не можа існаваць дыяцэзія без біскупа (за выключэннем таго часу, калі біскупская катэдра з’яўляецца вакантнай), без вернікаў і без святароў.

Наступныя адзінкі, якія з’яўляюцца мясцовымі Касцёламі – гэта тэрытарыяльная прэлатура і тэрытарыяльнае абацтва. Тэрытарыяльная прэлатура або тэрытарыяльнае абацтва – гэта пэўная частка Божага народа, якая знаходзіцца ў пэўных тэрытарыяльных межах, апека над якой з-за спецыяльных абставінаў даручаецца пэўнаму прэлату або абату, каб кіраваў ёй, падобна дыяцэзіяльнаму біскупу, у якасці ўласнага яе пастыра. У ранейшым Кодэксе 1917 года гэтыя адміністрацыйныя адзінкі называліся nullius diocesis – не падлягаючыя ніякай дыяцэзіі. Калі гаворым аб тэрытарыяльных прэлатурах, то на сённяшні дзень іх налічваецца 43.

На чале такой адзінкі стаіць прэлат, які часцей за ўсё традыцыйна з’яўляецца біскупам. Гэтую функцыю нельга блытаць з годнасцю прэлата, якую атрымоўваюць некаторыя святары. Калі гаворым пра тэрытарыяльныя абацтвы – то часцей за ўсё гэта тэрыторыі вакол нейкага кляштара, і абат гэтага кляштара, які звычайна не з’яўляецца біскупам, мае не толькі ўладу над сваімі падданымі, але таксама мае ўладу як дыяцэзіяльны біскуп на пэўнай тэрыторыі, якая не належыць ні да якой дыяцэзіі. Сёння існуе 11 тэрытарыяльных абацтваў, але ў 1976 годзе Папа Павел VI пастанавіў, каб у будучыні не засноўваць такіх абацтваў.

Наступная тэрытарыяльная адзінка – гэта апостальскі вікарыят і апостальская прэфектура. Апостальскі вікарыят або апостальская прэфектура – гэта пэўная частка Божага народа, якая з-за пэўных абставінаў яшчэ не заснавана ў якасці дыяцэзіі і якая даручаецца пастырскай апецы апостальскага вікарыя або апостальскага прэфекта, каб яны кіравалі ёй ад імя Вярхоўнага Пантыфіка.

Звычайна такія адміністрацыйныя адзінкі паўстаюць на місіянерскіх тэрыторыях. І апостальскі вікарый, і апостальскі прэфект выконваюць сваю ўладу не незалежна, як у выпадку з тэрытарыяльнымі прэлатамі і абатамі, але ад імя Вярхоўнага Пантыфіка. Розніца паміж апостальскім вікарыем і прэфектам палягае на тым, што апостальскі вікарый звычайна з’яўляецца біскупам, а апостальскі прэфект ім не з’яўляецца. Пэўныя абставіны, аб якіх гаворыць тэкст канона, з-за якіх засноўваецца замест дыяцэзіі апостальскі вікарыят або прэфектура – гэта часцей за ўсё немагчымасць арганізацыі на тых тэрыторыях касцёльнай іерархіі.

Большасць апостальскіх прэфектур (29 з 40 існуючых) знаходзяцца ў Кітаі, дзе з 1949 года Апостальскі Пасад не мае магчымасць рэарганізацыі касцёльных структур.

І апошняя адміністрацыйная адзінка, аб якой гаворыць 368-ы канон – гэта арганізаваная на стала апостальская адміністратура. Апостальская адміністратура – гэта пэўная частка Божага народа, якая з-за спецыяльных і вельмі паважных прычын не засноўваецца Рымскім Пантыфікам у якасці дыяцэзіі, пастырская апека над ёй даручаецца Апостальскаму адміністратару, які кіруе ёй ад імя Вярхоўнага Пантыфіка. Гэтыя спецыяльныя і вельмі паважныя прычыны могуць мець дысцыплінарны характар або могуць быць абумоўлены зменай межаў паміж дзяржавамі, а таксама цяжкасцямі, якія ствараюць урады пэўных краін.

Наогул правілам з’яўляецца тое, што частка Божага народа, якая складае дыяцэзію або іншы мясцовы Касцёл, ахоплівае ўсіх вернікаў, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі, аднак там, дзе гэта будзе карысна, на той самай тэрыторыі могуць засноўвацца мясцовыя Касцёлы, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго абрадам вернікаў або іншым падобным крытэрыем.

Часцей за ўсё – гэта ўжо ўзгаданыя сёння вайсковыя ардынарыяты, якія займаюцца душпастырствам вайскоўцаў і іх сем’яў, нядаўна створаныя персанальныя ардынарыяты для англіканаў, якія хочуць стаць паўнапраўнымі членамі Каталіцкага Касцёла, персанальныя прэлатуры і групы католікаў усходняга абраду, для якіх можна стварыць дыяцэзію таксама на тэрыторыі дыяцэзій лацінскага абраду.

Ствараць мясцовыя Касцёлы мае права толькі найвышэйшая касцёльная ўлада – Кангрэгацыя па справах Біскупаў, і на місіянерскіх тэрыторыях – Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў. Кожная дыяцэзія або іншы мясцовы Касцёл павінен быць падзелены на часткі або парафіі, а для лепшага сумеснага функцыянавання некалькі суседніх парафій могуць злучацца ў дэканаты.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.