Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Па якім прынцыпе выбіраюцца хросныя?
Рубрыка Ватыканскага радыё
15.05.2015 11:23

Падчас нашай сённяшняй сустрэчы прапаную пахіліцца над такой важнай тэмай, як роля хросных бацькоў у жыцці дзіцяці. Часта сем’і не да канца асэнсоўваюць мэту існавання хросных і іх непасрэдныя функцыі і таму несвядома пакідаюць уласных дзяцей без належнай падтрымкі, важнай для духоўнага росту.

Перад хростам, звычайна, пачынаюцца такога кшталту дыскусіі: “Каго абярэм: дзядзьку Пятра або дзядулю Сяргея? А калі потым мой брат пакрыўдзіцца?” Калі надыходзіць момант абрання хроснага для дзіцяці, рызыка “дыпламатычных канфліктаў” становіцца вельмі высокай. Выбраны або выбраная могуць выклікаць крыўду ў тых, хто застаўся праігнараваны, і, каб пазбегнуць гэтага, рашэнне прымаецца ў выніку найскладанейшых разлікаў, пры якіх бяруцца пад увагу шматлікія эканамічныя і сацыяльныя фактары, сімпатыя, узровень сяброўскай або сямейнай блізкасці.

Часта пры гэтым становіцца абсалютна няважным тое, што бачымся мы з патэнцыйным хросным не больш за адзін раз у год – бо ён жыве за сотні кіламетраў ад нашага дома – або што ён ужо дзесяць гадоў не заходзіў у касцёл. Многія бацькі шукаюць хросных для ўласных дзяцей сярод сваякоў і сяброў, нават калі асабістае, сямейнае, сацыяльнае жыццё гэтых асобаў супярэчыць асноўным прынцыпам навучання Касцёла.

Канешне, не ва ўсіх сем’ях рашэнне прымаецца такім павярхоўным чынам, тым не менш усведамленне ролі, якую павінны адыгрываць хросныя ў жыцці дзіцяці, мяркуючы па водгуках многіх святароў і катэхетаў, з’яўляецца не вельмі глыбокім.

Пры выбары хроснага часта духоўныя аспекты застаюцца зусім на ўзбочыне. Таму духоўнае здароўе дзіцяці, спадчына яго каштоўнасцяў давяраецца тым, хто будзе да гэтага адносіцца павярхоўна або нават з пагардай. Часта духоўны рост дзіцяці давяраецца асобам, якія не маюць ні жадання, ні здольнасцяў дапамагаць у гэтым. Такія рашэнні з’яўляюцца цалкам ірацыянальнымі: хто з нас даверыць сваё здароўе ўрачу, які не будзе лячыць, або грошы банку, які будзе іх забіраць? Калі ж гаворка ідзе пра веру нашых дзяцей – самае каштоўнае багацце, ад якога залежыць будучыня, каштоўнасці, унутраны стрыжань асобы – здаецца, людзей цікавіць усё, што заўгодна, але не тое, што на самой справе чакаецца ад хроснага бацькі або маці.

У чым жа заключаюцца функцыя хросных? Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа, што хросны бацька або хросная маці “павінны мець моцную веру і быць здольнымі і гатовымі дапамагчы новаахрышчанаму, дзіцяці або даросламу, на яго шляху ў хрысціянскім жыцці”. Іх місія з’яўляецца па-сапраўднаму касцёльнай функцыяй (officium). Яны пакліканы суправаджаць дзіця, каб ласка, атрыманая падчас хросту, магла развівацца. Разам з натуральнымі бацькамі хросныя павінны быць сапраўднай і моцнай кропкай апоры для даверанага ім дзіцяці і спрыяць яго духоўнаму сталенню.

Паводле Кодэксу кананічнага права, хроснага можа выбраць сам чалавек, які прымае сакрамэнт, яго бацькі або замяняючыя іх асобы. Калі такія адсутнічаюць, гэта можа зрабіць пробашч або чалавек, які будзе ўдзяляць хрост. Уявім такую сітуацыю: дарослы чалавек або сужэнская пара нядаўна прышлі да веры і пачалі ўдзельнічаць у касцёльным жыцці. У сям’і хрысціянская традыцыя перарвалася, як гэта часта здараецца ў нашай краіне, і таму сярод сваякоў і сяброў належных кандыдатаў на ролю хросных знайсці не ўяўляецца магчымым. У такой сітуацыі хросным можа стаць хтосьці з хрысціянскай супольнасці, напрыклад з уласнай парафіі.

Хросны павінен быць прынамсі шаснаццацігадовым, калі толькі дыяцэзіяльны біскуп не ўстанавіў іншы ўзрост і калі пробашч ці выканаўца сакрамэнту не палічыць, што па справядлівай прычыне можна зрабіць выключэнне. Хросны павінен быць католікам, які атрымаў сакрамэнт канфірмацыі і Эўхарыстыі і вядзе жыццё, якое адпавядае веры і абавязку, які ён павінен будзе выконваць. Хросны не можа быць звязаны ніякім кананічным пакараннем, накладзеным або аб’яўленым законным чынам. У святле гэтага, для выканнання ролі хросных не падыходзяць разведзеныя асобы або тыя, хто пражывае ў несакрамэнтальных саюзах. Гэта супярэчыць поўні хрысціянскага сведчання, якое яны павінны будуць даваць як хросныя.

Хросны не можа быць таксама бацькам або маці ахрышчанага. Ён не прадстаўляе ў сваёй асобе сям’ю, але хрысціянскую супольнасць, якая падтрымлівае выхаваўчыя намаганні сям’і.

Такім чынам, сама прырода абавязку хроснага кажа, што пры яго выбары павінны ўлічвацца не крытэрыі сваяцтва, сяброўства, сацыяльнага статусу або сімпатыі, але здольнасць даваць прыклад хрысціянскага жыцця. Важна памятаць, што сэнс і значэнне сакрамэнту хросту нашмат важнейшы і глыбейшы за знешнія элементы. Хросным неабходна выбраць чалавека, які зможа даць цудоўнае сведчанне веры для дзіцяці, таму важна, каб гэтая асоба рэгулярна ўдзельнічала ў святой Імшы, жыцці парафіі, каб была здольнай дапамагчы свайму ахрышчанаму таксама ўвайсці ў хрысціянскую супольнасць і стаць яе актыўным членам.

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.