Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Быць шчаслівымі ці прынесці сябе ў дар?
Рубрыка Ватыканскага радыё
18.07.2015 11:17

Мы пачалі размову пра такую актуальную тэму, як духоўнасць сужэнскага жыцця. Мы ўбачылі, што святасць з’яўляецца пакліканнем не толькі асобаў, якія прысвячаюць сябе жыццю ў цэлібаце ці абяцаннях цялеснай чысціні, але таксама і тых, хто жыве ў сужэнстве. На першы погляд, яны падаюцца мала сумяшчальнымі. 

Як можна дасягнуць святасці, якая прадугледжвае адмаўленне ад самаго сябе, адрачэнне ад ўласных жаданняў, у сужэнстве, якое многімі ўспрымаецца як магчымасць для спаўнення сваіх самых вялікіх мараў?. 

Мы часта глядзім на сужэнства як на магчымасць атрымаць штосьці ад іншага – у першую чаргу шчасце. “Гэта мужчына маёй мары. Ён зробіць мяне шчаслівай!” - часта кажуць дзяўчыны сваім бацькам ці сяброўкам. Для адных сужэнства звязана з магчымасцю знайсці любоў, пяшчотнасць і пачуццё бяспекі, для другіх – вырашыць пытанне сексуальных патрэбаў. Імкненне да яго можа быць абумоўлена жаданнем набыць пэўны сацыяльны статус, следаваць пэўнай жыццёвай мадэлі, пазбегнуць страху перад адзінотай.

Часта, кіруючыся гэтымі глыбокімі жаданнямі і патрэбамі, людзі імкнуцца выйсці замуж ці ажаніцца любым коштам. Гэта, канешне, атрымліваецца не заўсёды. Больш за тое, асобы, якія няўдала імкнуцца да сужэнства, наракаюць на тое, што іншыя ад іх “уцякаюць”. Яны часта скардзяцца на ўласныя знешнія рысы ці адсутнасць якіх-небудзь асаблівых якасцяў. Але, часцей за ўсё, справа не ў гэтым. Праблема заключаецца ў адносінах да сужэнства – у тым, што яно многімі ўспрымаецца як магчымасць мець іншага чалавека для сябе. Канешне, ніводная асоба не жадае адчуваць сябе інструменталізаванай.

Неабходна задаць сабе пытанне: я шукаю дабра бліжняга ці свайго ўласнага задавальнення з яго дапамогай? У імкненні да сужэнскага жыцця, якое з’яўляецца цалкам натуральным і законным, неабходна спытаць у сябе: што па-сапраўднаму кіруе маім жаданнем? Ці сужонак мне патрэбны выключна ў якасці прылады, якая дапаможа дасягнуць пэўнага жыццёвага ідэалу? Тут могуць быць нават і духоўныя прычыны: ці не гляджу я на бліжняга як на прыкладу, якая дапаможа мне расці ў веры?

 

Існуе рызыка разглядання бліжняга толькі з пункту гледжання таго, што можна атрымаць ад яго. Але важна памятаць, што побач з намі знаходзіцца асоба, якая не можа быць зведзена да ўзроўню прылады. Можа нават здарыцца так, што пошук задавальнення будзе ўзаемна жаданым і тады ўзнікне рызыка ператварэння сужэнства ў суіснаванне двух эгаізмаў.

Гэта пытанне вельмі далікатнае, бо не ўсе, хто шукае ў сужэнстве задавальнення асабістых патрэбаў, робяць гэта выключна шляхам халоднага разліку. Пошук шчасця цалкам законны: быць шчаслівым – гэта мэта кожнага нармальнага чалавека. Канешне, у кожным з нас прысутнічае жаданне дабра бліжняга і свайго ўласнага, але пытанне заключаецца ў тым, чаго я шукаю ў першую чаргу.

Святы Ян Павел ІІ на пачатку сваёй “тэалогіі цела”, аналізуючы біблійнае апавяданне пра стварэнне чалавека, звяртае ўвагу на тое, што стварэнню жанчыны папярэднічала прабыванне мужчыны ў стане адзіноты. Тут чалавек павінен быў асэнсаваць патрэбу ў іншым для ўласнай рэалізацыі. Ён павінен быў адчуць, што нядобра быць самаму. Калі гэта адбылося, Бог стварыў жанчыну, каб, існуючы адно для аднаго, яны разам дасягнулі ўласнай самарэалізацыі як асобы. Гэты біблійны ўрывак паказвае, што чалавек можа ўпоўні рэалізаваць самога сябе як асоба толькі існуючы для іншага. Сужэнства, такім чынам, з’яўляецца магчымасцю для спаўнення гэтага паклікання. Іншы магчымы шлях – прысвячэнне сябе Богу і бліжнім у кансэкраваным жыцці.

Дар самога сябе ў сужэнстве – гэта спаўненне ўласнага паклікання як асобы, і як наступства – спаўненне чалавечага паклікання. Пра гэта кажа і пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Другога Ватыканскага Сабору “Gaudium et spes”: “Чалавек, будучы адзіным на зямлі стварэннем, якога Бог хацеў дзеля яго самога, не можа знайсці самога сябе інакш, як толькі праз шчыры дар самога сябе”.

 

Такім чынам, сужэнства з’яўляецца вялікай магчымасцю для таго, каб здзейсніць гэты дар і так упоўні рэалізавацца ў якасці мужчыны і жанчыны. Жаданне стаць дарам для іншага павінна быць галоўнай матывацыяй на карысць сужэнства. Яна павінна заўсёды ўсведамляцца больш за любую іншую рэч, калі мы жадаем устаць на шлях спаўнення гэтага паклікання.

Сужэнства, якое разумеецца менавіта такім чынам, разам са шматлікімі цяжкасцямі і выпрабаваннямі, прывядзе да задавальнення ўсіх нашых існуючых жаданняў і патрэбаў, на якія мы больш не будзем глядзець у эгаістычным ключы. Яны будуць успрымацца як нешта дадатковае, як дадатак да таго фундаментальнага дару, які мы ўчынілі з саміх сябе для іншага. У гэтым заключаецца сапраўднае шчасце, наша поўная рэалізацыя.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.