Шчаслівае сужэнства. Сужэнства і праца — як знайсці раўнавагу? |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
16.06.2015 15:17 |
Калі сужэнства разумеецца як поўны дар з самога сябе і сапраўднае хрысціянскае пакліканне, то ўсё жыццё сужонкаў павінна асэнсоўвацца і будавацца на аснове гэтага разумення. У такім ключы неабходна разважаць пра розныя аспекты свайго жыцця, у тым ліку пра адносіны паміж прафесійнай дзейнасцю і сужэнствам. У наш час шмат прыносіцца ў ахвяру патрабаванням прафесійнай дзейнасці. Аб працы часта гаворыцца як аб сапраўдным пакліканні! І гэта праўда, таму што многія прафесіі патрабуюць большай адданасці, чым проста прысутнасці на працоўным месцы восем гадзін у дзень. Падумаем, напрыклад, пра працу медыкаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, рэпарцёраў ці палітыкаў. Нездарма кажуць пра ўрачоў ці палітыкаў па пакліканні! І тут варта задумацца: як усталяваць раўнавагу паміж сваёй прафесійнай дзейнасцю і сужэнскімі абавязкамі, асабліва калі праца імкнецца “манапалізаваць” усе іншыя аспекты жыцця? Канешне, гатовага і катэгарычнага адказу на гэтае пытанне няма. Сужонкам важна разам глыбока паразважаць на гэтую тэму. Калі яны разумеюць сужэнства як пакліканне Богам да поўнага дару з самога сябе, яно павінна рэалізоўвацца перш за ўсё ў рамках сям’і. Менавіта гэтага Пан у першую чаргу чакае ад іх. Гэта, канешне, не выключае, што муж і жонка могуць мець іншыя патрабуючыя часу і сіл абавязкі, але яны павінны заўсёды разглядацца ў адносінах да іх першаснага паклікання, якім з’яўляецца сужэнства. У дадзеным кантэксце можна прывесці такую паралель: ці законнік, які мае шмат важных абавязкаў у сваёй супольнасці, можа занядбаць малітоўнае жыццё? Казалі, што, калі сёстры Маці Тэрэзы, стомленыя дапамогай паміраючым на вуліцах Калькуты, адна за другой скардзіліся на эмацыйнае “выгаранне”, яна не памяншала патрабаванняў адносна іх малітоўнага жыцця, але наадварот, дадавала да звычнага графіку адну гадзіну штодзённай адарацыі. Падобна адбываецца і ў сужэнстве: муж і жонка, у сілу свайго паклікання, павінны падпарадкоўваць самыя высокія і важныя абавязкі свайму самаму галоўнаму пакліканню.
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |