Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянін і права. Дапаможныя біскупы
Рубрыка Ватыканскага радыё
27.06.2015 01:01

Сёння мы пагаворым аб дапаможных біскупах і біскупах-каад’ютарах – найбліжэйшых супрацоўніках дыяцэзіяльнага біскупа. Прыгадаю, што біскуп-каад’ютар – гэта такі біскуп, які падчас вакантнасці біскупскай катэдры аўтаматычна становіцца дыяцэзіяльным біскупам. Аб працэдуры прызначэння дапаможных біскупаў мы ўжо гаварылі раней.

Кожны біскуп-каад’ютар і дапаможны біскуп, надзелены Святым Пасадам асаблівымі паўнамоцтвамі, павінны быць прызначаны Генеральнымі вікарыямі дыяцэзіі, калі ж дапаможны біскуп не надзелены спецыяльнымі паўнамоцтвамі ад Святога Пасаду, то дыяцэзіяльны біскуп павінен прызначыць аднаго або ўсіх дапаможных біскупаў Генеральнымі вікарыямі або па меншай меры біскупскімі вікарыямі. Хто такія Генеральныя і біскупскія вікарыі, мы пагаворым пазней, а сёння можна сказаць толькі тое, што яны маюць у дыяцэзіі выканаўчую ўладу, пры гэтым Генеральны вікарый мае яе ва ўсіх сферах жыцця дыяцэзіі, а біскупскі вікарый – толькі ў дакладна вызначаных справах.

Усе біскупы дыяцэзіі служаць аднаму мясцоваму Касцёлу, таму 407-ы канон пастанаўляе, што для большага дабра дыяцэзіі дыяцэзіяльны біскуп, біскуп-каад’ютар і дапаможныя біскупы павінны кансультавацца паміж сабой у асабліва важных пытаннях. Біскуп-каад’ютар і дапаможныя біскупы, якія пакліканы для дапамогі ў клопатах дыяцэзіяльнаму біскупу, павінны выконваць свае абавязкі такім чынам, каб у сваіх дзеяннях і намерах захоўваць з ім згоднасць. Біскуп-каад’ютар і дапаможныя біскупы, калі перад імі не паўстаюць апраўданыя перашкоды, павінны ўсялякі раз, калі гэтага патрабуе дыяцэзіяльны біскуп, здзяйсняць біскупскія і іншыя абавязкі, ускладзеныя на яго, а таксама тыя біскупскія правы і функцыі, якія могуць выконваць біскуп-каад’ютар або дапаможныя біскупы, дыяцэзіяльны біскуп не павінен на пастаянна даручаць іншым асобам. Усе гэтыя патрабаванні з’яўляюцца неабходнымі для кіравання дыяцэзіяй і з’яўляюцца выразам адзінства і супольнасці паміж біскупамі.

Як мы ўжо казалі раней, калі біскупская катэдра аказваецца вакантнай, біскуп-каад’ютар адразу становіцца біскупам той дыяцэзіі, у якую быў прызначаны, калі ён згодна з правам уступіў у валоданне гэтай дыяцэзіяй. Калі ж у дыяцэзіі няма біскупа-каад’ютара (што часцей за ўсё і здараецца, таму што каад’ютары прызначаюцца сёння даволі рэдка), то дапаможны біскуп да таго часу, пакуль новы дыяцэзіяльны біскуп не ўступіць у валоданне дыяцэзіяй, захоўвае ўсю і толькі тую ўладу і паўнамоцтвы, якімі ён карыстаўся як Генеральны або біскупскі вікарый, калі катэдра была занятай; даволі часта ў такіх сітуацыях дапаможны біскуп выбіраецца дыяцэзіяльным адміністратарам дыяцэзіі - гэта значыць тым, хто кіруе дыяцэзіяй падчас вакантнасці біскупскай катэдры. Аб тым, хто і якім чынам выбірае дыяцэзіяльнага адміністратара, мы пагаворым пазней. Калі б так сталася, што дапаможны біскуп не быў выбраны дыяцэзіяльным адміністратарам –– то ён павінен ажыццяўляць сваю ўладу пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльнага адміністратара.

Хаця біскуп-каад’ютар і дапаможныя біскупы і не з’яўляюцца галавой мясцовага Касцёла, але іх праца і прысутнасць у дыяцэзіі вельмі патрэбна, таму на біскупа-каад’ютара і на дапаможнага біскупа, таксама як і на дыяцэзіяльнага біскупа, ускладаецца абавязак пастаянна пражываць у дыяцэзіі; за выключэннем тых выпадкаў, калі гаворка ідзе аб выкананні пэўнага абавязку па-за межамі дыяцэзіі і адпачынку, які не павінен працягвацца больш за адзін месяц, яны могуць пакінуць дыяцэзію толькі на кароткі час.

Калі ж гаворка ідзе аб сыходзе ў адстаўку біскупа-каад’ютара і дапаможных біскупаў, то ў адносінах да іх маюць дачыненне тыя самыя прадпісанні, як і да дыяцэзіяльнага біскупа, гэта значыць, што біскупам, якім споўнілася семдзесят пяць гадоў, прапаноўваецца падаць прашэнне аб адстаўцы з пасады Вярхоўнаму Пантыфіку, які, разгледзеўшы ўсе абставіны, прыме сваё рашэнне. Таксама настойліва прапаноўваецца біскупам, якія з-за хваробы або па іншай паважнай прычыне не могуць належным чынам выконваць свае абавязкі, падаць прашэнне аб адстаўцы, а Канферэнцыя Біскупаў павінна паклапаціцца аб тым, каб біскуп, які выйшаў у адстаўку, меў годнае ўтрыманне, маючы на ўвазе, што ў першую чаргу гэты абавязак ускладваецца на дыяцэзію, у якой ён служыў.

Кс. Дзмітрый Пухальскі

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.