Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Ноч пачуццяў
Рубрыка Ватыканскага радыё
12.08.2015 12:13

Усе вялікія аўтары духоўнай літаратуры прызнавалі, што містычнае жыццё не можа быць не пазначаным выпрабаваннямі, якія з’яўляюцца сапраўднымі этапамі сталення духоўнасці. Часта такія выпрабаванні называюцца “ноччу пачуццяў”.

У такім стане душа не адчувае смаку малітвы і здаецца, што духоўнае жыццё страціла свой запал і прывабнасць. Падобныя станы цудоўна апісаў іспанскі містык св. Ян ад Крыжа. У нашу эпоху пра іх глыбока казала Маці Тэрэза з Калькуты. “Кажуць, што душы ў пекле пакутуюць ад вечных караў з прычыны страты Бога. Яны б з ахвотай прынялі ўсе гэтыя пакуты, калі б мелі прынамсі маленькую надзею на магчымасць быць з Богам. У маёй душы я адчуваю менавіта гэты жудасны боль страты, боль ад таго, што Бог мяне не любіць, што Бог – гэта не Бог, і што Бога на самой справе не існуе (...) Не маю здольнасці ўзнесці душу да Бога. Ніякае святло ці натхненне не ўваходзяць у маю душу. З маіх вуснаў злятаюць словы і я глыбока прагну верыць у іх. О, Нябёсы! Якая пустэча! Ніводная думка пра Неба не ўваходзіць у мой розум, таму што няма надзеі!”

Чаму б падобным выпрабаванням, якія вядуць да сталення любові, не прысутнічаць таксама і ў сужэнскім жыцці? Калі сужэнства з’яўляецца сапраўдным шляхам да святасці, шляхам да дасканалай любові, як яно можа быць захавана ад падобных перыядаў ачышчэння? Было б ненармальна, калі б такой магчымасці не існавала, калі б сужэнскае жыццё не ведала падобнага кшталту выпрабаванняў.

Вельмі рэдка “ноч пачуццяў” наступае на пачатку сужэнскага жыцця. Заручаным і маладым сужонкам, поўным пачуццяў, не застаецца нічога іншага, як толькі карыстацца гэтым цудоўным часам! “Ноч” наступае паступова, праз некалькі гадоў, калі пачуцці пачынаюць гаснуць. Гэта цалкам нармальна, нават на псіхалагічным узроўні.

Тут, аднак, важна не трапіць у пастку атаясамлення любові з пачуццем: маўляў, “больш не адчуваю кахання, і гэта значыць, больш не кахаю!” У дадзеным кантэксце вельмі важная праніклівасць. Часта стан апатыі – гэта наступства прыняцця пэўных звычак, ляноты ў каханні. Мы часта з галавой пагружаемся ў працу, клопат аб дзецях, справы рознага кшталту, забываючы прысвячаць час адносінам з сужонкам. І што тут рабіць? Неабходна любым коштам спрабаваць запаліць нанова старое полымя любові, таго шчаслівага часу першых эмоцый? Канешне, ніхто гэтага не забараняе, асабліва калі апатыя з’яўляецца вынікам нядбайнасці ці ахалоджвання пачуццяў.

Але часам, нягледзячы ні на што, стан апатыі захоўваецца. Гэта значыць, надыйшоў момант ачышчэння любові, якое з’яўляецца выпрабаваннем яе сталасці і разам з тым часам праўды, магчымасцю адкрыць для сябе той факт, што любіць - гэта нашмат больш, чым адчуваць, што любіш. Ян Павел ІІ звяртаў увагу на тое, што ў каханні можа хавацца каханне да самога сябе і пошук прыемных эмоцый, якія ўзнікаюць ад кахання да іншага чалавека У гэтым, канешне, няма нічога кепскага, калі ўключана ў больш высокія формы кахання.

Пры абмежаванні толькі пачуццёвым і эмацыйным узроўнем, аднак, узнікае рызыка застацца на нясталым узроўні кахання і нават, можна сказаць, інфантыльным. Быць закаханым не азначае кахаць у поўным значэнні гэтага слова. Без пераходу на больш высокі ўзровень у адносінах існуе рызыка траплення ў глыбокі эгацэнтрызм.

Калі мы кахаем па-сапраўднаму? Перш за ўсё тады, калі шукаем дабра іншага чалавека і выходзім па-за ўласныя рамкі. Тады каханне становіцца добразычлівасцю. Менавіта такое каханне пераўзыходзіць эмацыйны і пачуццёвы ўзровень і ўключае ў сябе патэнцыял і волю ўсяго чалавека.

Пачуцце можа адчувацца, а каханне як добразычлівасць – жадацца. Жадаючы перш за ўсё дабра іншага, каханне-добразычлівасць можа весці да ахвяравання ўласнай волі іншаму і знаходжання радасці ў гэтым.

Калі дзве асобы ўзаемна ўмацоўваюцца ў каханні-добразычлівасці, паміж імі ўзнікаюць адносіны, якія мы называем “сяброўствам”. Сапраўдныя сябры характарызуюцца супольным жаданнем дабра, нават да такой ступені, што дабро бліжняга становіцца важней за ўласнае. Сужонкі пакліканы жыць такімі адносінамі сяброўства, якое можна назваць сужэнскім сяброўствам. Каханне-добразычлівасць не супярэчыць пачуццёваму каханню, але, наадварот, прымае яго ў сябе, кіруе ім. Радыкальны альтруізм, прысутны ў добразычлівым каханні, з’яўляецца першым этапам на шляху да сталага кахання, да адкрыцця, што каханне, у сваім самым глыбокім вымярэнні, з’яўляецца поўным дарам з самога сябе.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.