Хрысціянін і права. Перашкоды катэдры (І) |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
22.07.2015 00:18 |
Як дзейнічае Касцёл у сітуацыі, калі ў дзеянні біскупскай катэдры ўзнікаюць нейкія перашкоды? Такое пытанне ўзнікае, калі дыяцэзіяльны біскуп поўнасцю пазбаўлены магчымасці ажыццяўляць пастырскія абавязкі ў дыяцэзіі з-за палону, выгнання, высылкі або непрацаздольнасці і пры гэтым нават пісьмова не можа мець зносіны з вернікамі сваёй дыяцэзіі. Як мы бачым, прычыны гэтага могуць быць як знешнія (палон, выгнанне), так і ўнутраныя, так і непрацаздольнасць самога біскупа з-за хваробы, з-за старасці або з-за нейкіх іншых прычын. Кожная такая сітуацыя робіць рухомымі механізмы, якія працуюць такім чынам, каб дыяцэзія, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, працягвала нармальна функцыянаваць. Мы ўжо казалі, што, калі існуе ў дыяцэзіі біскуп-каад’ютар, то кіраванне дыяцэзіяй пераходзіць да яго. Калі біскупа-каад’ютара няма або ён сам мае перашкоду, кіраванне пераходзіць да дапаможнага біскупа, Генеральнага або біскупскага вікарыя або да іншага святара, паводле спісу, які павінен скласці дыяцэзіяльны біскуп пры першай магчымасці пасля ўступлення ў валоданне дыяцэзіяй; гэты спіс, з якім трэба азнаёміць Мітрапаліта, павінен аднаўляцца па меншай меры адзін раз у тры гады і захоўвацца канцлерам у таямніцы. Калі ж няма і такога спісу, то калегія кансультантаў выбірае святара, які будзе кіраваць дыяцэзіяй.
Той, хто прыняў кіраванне дыяцэзіяй, пры першай магчымасці павінен паведаміць Святы Пасад аб перашкодзе катэдры і аб прыняцці ім абавязкаў. Калі здарыцца так, што дыяцэзіяльнаму біскупу будзе забаронена выконваць яго абавязкі з-за касцёльнага пакарання, Мітрапаліт або, калі яго няма або калі гаворка ідзе аб ім, старэйшы прамоцыяй Суфраган, павінен неадкладна звярнуцца да Святога Пасаду, каб той прыняў адпаведныя меры. Разгледзім сітуацыю, калі Апостальскі Пасад пераносіць дыяцэзіяльнага біскупа на новую біскупскую катэдру. У такім выпадку на працягу двух месяцаў пасля атрымання паведамлення аб пераводзе біскуп павінен адбыць у дыяцэзію, куды ён быў пераведзены, і ўступіць у кананічнае валоданне ёй; з дня ўступлення ў валоданне новай дыяцэзіяй пакінутая ім дыяцэзія з’яўляецца вакантнай. З дня атрымання паведамлення аб пераводзе і аж да ўступлення ў кананічнае валоданне новай дыяцэзіяй пераведзены біскуп у старой дыяцэзіі атрымлівае ўладу і абавязкі дыяцэзіяльнага адміністратара, пры гэтым спыняецца ўсялякая ўлада Генеральнага і біскупскага вікарыяў, а таксама біскуп поўнасцю атрымлівае ўзнагароджванне, належнае яму з гэтай пасады. Даволі часта ў такіх сітуацыях Апостальскі Пасад прызначае апостальскага адміністратара для дыяцэзіі, якая становіцца вакантнай, да таго часу, пакуль не будзе прызначаны новы дыяцэзіяльны біскуп. У Беларусі такі прыклад мы мелі ў Віцебскай дыяцэзіі.
Калі ж не быў прызначаны апостальскі адміністратар, то на працягу васьмі дзён ад атрымання паведамлення аб тым, што біскупская катэдра стала вакантнай, калегія кансультантаў павінна выбраць дыяцэзіяльнага адміністратара, які будзе часова кіраваць дыяцэзіяй, а калі на працягу прадпісанага часу дыяцэзіяльны адміністратар, незалежна ад прычыны, не быў выбраны, яго павінен прызначыць Мітрапаліт, а ў той сітуацыі, калі вакантным з’яўляецца сам Касцёл Мітрапаліта, то дыяцэзіяльнага адміністратара павінен прызначыць старэйшы намінацыяй Суфраган. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |