Хрысціянін і права. Дыяцэзіяльная курыя (І) |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
08.11.2015 16:08 |
Сёння мы пачынаем гаварыць аб арганізацыі і працы дыяцэзіяльнай курыі – галоўнага інструмента, які дапамагае біскупу ў кіраванні дыяцэзіяй. 469-ы канон Кодэксу гаворыць, што дыяцэзіяльная курыя - гэта орган, які складваецца з устаноў і асобаў, якія аказваюць дапамогу біскупу ў кіраванні ўсёй дыяцэзіяй, асабліва ў кіраўніцтве пастырскай дзейнасцю, клопаце аб распараджэнні маёмасцю дыяцэзіі, а таксама ў ажыццяўленні судовай улады. Усіх працаўнікоў курыі прызначае дыяцэзіяльны біскуп, і яны перад пачаткам працы ў курыі павінны даць абяцанне верна выконваць свае абавязкі належным чынам, а таксама захоўваць таямніцу ў тых межах і ў тым парадку, як гэта акрэслена правам або дыяцэзіяльным біскупам. Што датычыць абавязковых пасадаў у курыі, то на першым месцы тут стаіць пасада генеральнага вікарыя. 1-ы параграф 475 канону гаворыць, што ў кожнай дыяцэзіі дыяцэзіяльны біскуп павінен прызначыць генеральнага вікарыя, надзеленага звычайнай уладай кіравання, які павінен дапамагаць біскупу ў кіраванні ўсёй дыяцэзіяй. Успомнім, што пасада генеральнага вікарыя нам ужо сустракалася ў нашых разважаннях. Варта яшчэ раз прыпомніць, што генеральны вікарый таксама з’яўляецца ардынарыем у дыяцэзіі і мае права выконваць усю выканаўчую ўладу ў паразуменні з дыяцэзіяльным біскупам. З гэтай пасадай звязана пасада біскупскага вікарыя – гэта ўжо не абавязковая пасада, біскуп па сваім разуменні можа яе ўводзіць або не, але заўсёды, калі гэтага патрабуе належнае кіраванне дыяцэзіяй, дыяцэзіяльны біскуп можа (звяртаю ўвагу – не павінен, а можа) прызначыць аднаго або некалькі біскупскіх вікарыяў, якія або ў акрэсленай частцы дыяцэзіі, або ў пэўных справах, або ў адносінах да вернікаў акрэсленага абраду, або да некаторай групы асобаў маюць тую самую звычайную ўладу, якая згодна з паўсюдным правам належыць генеральнаму вікарыю. Іншымі словамі, біскупскі вікарый – гэта амаль генеральны вікарый, толькі яго паўнамоцтвы распаўсюджваюцца на пэўную сферу – напрыклад, дыяцэзіяльны біскуп можа прызначыць біскупскага вікарыя для Мінска, або для нейкага раёна, і тады на гэтай тэрыторыі біскупскі вікарый мае ўсю выканаўчую ўладу, але па-за межамі гэтай тэрыторыі ён такой улады не мае. Аналагічна, біскупскі вікарый можа быць вызначаны для нейкай катэгорыі спраў або асобаў. Мы ўжо гаварылі аб тым, але сёння варта яшчэ раз сказаць, што калі ў дыяцэзіі ёсць дапаможны біскуп, то ён павінен быць генеральным вікарыем (або па меншай меры біскупскім вікарыем). Наогул існуе правіла, што ў дыяцэзіі павінен быць адзін генеральны вікарый, і калі ёсць патрэба, могуць быць прызначаны некалькі біскупскіх вікарыяў. Але калі існуе паважная патрэба, то дыяцэзіяльны біскуп можа прызначыць некалькі генеральных вікарыяў. Наогул генеральнымі і біскупскімі вікарыямі павінны быць святары (а таксама біскупы), не маладзейшыя за трыццаць гадоў, якія маюць ступень доктара або ліцэнцыята кананічнага права або тэалогіі або, па меншай меры, сапраўды добра ведаюць гэтыя дысцыпліны, адзначаюцца здаровай навукай, сумленнасцю, разважлівасцю і вопытам у вядзенні спраў, але яны не могуць быць роднымі дыяцэзіяльнага біскупа аж да чацвёртай ступені (напрыклад, стрыечны брат дыяцэзіяльнага біскупа, калі ён з’яўляецца святаром, не можа быць прызначаны генеральным або біскупскім вікарыем). Таксама генеральным або біскупскім вікарыем не можа быць прызначаны канонік-пенітэнцыярый (гэта святар, які мае ўладу ад біскупа ўдзяляць адпушчэнне грахоў, з якімі таксама звязаныя касцёльныя пакаранні, але аб гэтым будзем гаварыць пазней). Але, нягледзячы на тое, што генеральны вікарый мае паўнату выканаўчай улады, ён ніколі не павінен дзейнічаць насуперак дыяцэзіяльнаму біскупу, а павінен дапамагаць яму, таму што і дыяцэзіяльны біскуп, і ягоныя вікарыі, генеральныя і біскупскія, павінны выконваць сваю ўладу для дабра даручанага ім Божага народа. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |