Хрысціянін і права. Дыяцэзіяльная курыя (ІІ) |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
17.11.2015 12:15 |
Сёння мы з вамі працягваем гаворку аб арганізацыі і функцыянаванні дыяцэзіяльнай курыі. Мы паразважалі над фігурамі генеральных і біскупскіх вікарыяў, сёння пагаворым аб заданнях іншых працаўнікоў курыі. Вельмі важная фігура ў курыі – гэта канцлер. Галоўным абавязкам і заданнем канцлера з’яўляецца тое, каб усе акты курыі былі складзены законна, а таксама захоўваліся ў курыяльным архіве. Ранейшы кодэкс абавязваў, каб канцлерам курыі быў святар, сёння канкрэтна аб гэтым у кодэксе не гаворыцца, але ў большасці выпадкаў канцлерам біскуп прызначае святара. Толькі дакумент, падпісаны канцлерам, набывае юрыдычную сілу. Канцлеру ў дапамогу можа быць прызначаны віцэканцлер, а таксама іншыя натарыусы. Канцлер, віцэканцлер і натарыусы павінны быць людзьмі бездакорнай рэпутацыі.
Таксама біскуп у курыю можа прызначыць мадэратара – святара, які пад кіраўніцтвам біскупа павінен каардынаваць усе справы курыі, а таксама клапаціцца аб тым, каб усе працаўнікі курыі належным чынам выконвалі свае абавязкі. Вельмі часта мадэратарам курыі прызначаецца адзін з генеральных вікарыяў.
Акрамя такога агульнага дыяцэзіяльнага архіва, у курыі павінен знаходзіцца тайны архіў або, па меншай меры, у звычайным архіве – поўнасцю зачыненая на ключ шафа або сэйф, які немагчыма скрануць з месца і ў якім належыць вельмі беражліва захоўваць дакументы, якія падлягаюць захоўванню ў таямніцы. Раз у год трэба знішчаць дакументы крымінальных спраў, адказчыкі па якіх памерлі, а таксама тых, прысуд па якіх быў вынесены дзесяць гадоў таму, аднак трэба захаваць кароткае апісанне справы з тэкстам канчатковага судовага рашэння. Ключ ад тайнага архіва можа знаходзіцца толькі ў біскупа. Таксама дыяцэзіяльны біскуп павінен паклапаціцца аб тым, каб у дыяцэзіі быў гістарычны архіў, дзе б дакладна і сістэматычна захоўваліся дакументы, якія прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць.
Такім чынам мы ўбачылі, з каго складаецца дыяцэзіяльная курыя, якія пасады там абавязковыя, а якія – не. Але апрача курыі, у дыяцэзіі існуюць таксама іншыя арганізмы, якія дапамагаюць біскупу ў выкананні яго абавязкаў. Сёння пагаворым аб адным з такіх арганізмаў – аб радзе па эканамічных справах і аб функцыі дыяцэзіяльнага эканома.
Акрамя гэтага, у кожнай дыяцэзіі біскуп, выслухаўшы меркаванне калегіі кансультантаў і рады па эканамічных пытаннях, павінен прызначыць эканома, які павінен быць сапраўдным знаўцам эканомікі і вылучацца бездакорнай сумленнасцю. Эканом таксама павінен прызначацца на пяць гадоў, але пасля заканчэння гэтага тэрміну ён можа быць прызначаны на наступныя пяць гадоў; выконваючы свае абавязкі, ён не можа быць выдалены з пасады, хіба што з вельмі паважнай прычыны, якую павінен ацаніць дыяцэзіяльны біскуп, выслухаўшы меркаванне калегіі кансультантаў і рады па эканамічных справах. Эканом павінен паводле каштарысу, акрэсленага радай па эканамічных справах, кіраваць маёмасцю дыяцэзіі, а таксама за кошт сталага даходу дыяцэзіі пакрываць выдаткі, законным чынам зацверджаныя біскупам або іншымі прызначанымі асобамі, а ў канцы года павінен прадставіць радзе па эканамічных справах справаздачу аб даходах і выдатках. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |