Хрысціянін і права. Парафіі |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
05.12.2015 00:34 |
Сёння мы пачынаем гаварыць аб арганізацыі касцёльнага жыцця на самым бліжэйшым да нас узроўні — на парафіяльным. Што ж такое парафія? 1-ы параграф 515-га канону Кодэкса гаворыць, што парафія — гэта акрэсленая супольнасць вернікаў, на стала заснаваная ў мясцовым Касцёле, пастырская апека аб якой пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльнага біскупа даручаецца пробашчу, як яе ўласнаму пастыру. Важныя элементы парафіі — гэта супольнасць вернікаў, заснаванне на стала гэтай супольнасці і пастырская апека пробашча; толькі пры наяўнасці ўсіх трох элементаў можна гаварыць аб парафіі. У мінулы раз мы гаварылі аб функцыях святарскай рады, што існуюць сітуацыі, калі біскуп павінен выслухаць меркаванне гэтай рады; дык вось, згодна з Кодэксам засноўваць, касаваць або пераўтвараць парафіі мае права толькі дыяцэзіяльны біскуп (гэта лагічна), але ён не павінен гэтага рабіць, не выслухаўшы меркавання святарскай рады. Акрамя паняцця парафіі, існуе таксама паняцце квазі-парафіі, якая ўяўляе сабой акрэсленую супольнасць вернікаў у мясцовым Касцёле, даручаную святару як яе ўласнаму пастыру, але якая з-за пэўных абставін не заснавана яшчэ ў якасці парафіі, а там, дзе якія-небудзь супольнасці не могуць быць заснаваны ў якасці парафіі або квазі-парафіі, дыяцэзіяльны біскуп павінен іншым чынам забяспечыць пастырскую апеку аб іх. Часамі існуюць розныя абставіны, часцей за ўсё з прычыны, незалежнай ад Касцёла, калі не можа быць арганізавана нармальная парафія, але людзі не могуць заставацца без пастырскай апекі, менавіта таму Кодэкс прадугледжвае таксама іншыя варыянты арганізацыі жыцця хрысціянскай супольнасці. А таксама можа здарыцца так, як сёння, на жаль, усё часцей сустракаецца ў еўрапейскіх краінах, калі з-за недахопу святароў дыяцэзіяльны біскуп палічыць неабходным даручыць удзел у ажыццяўленні пастырскай апекі аб парафіі дыякану ці іншай асобе, якая не мае прэзбітэрскага пасвячэння, або адразу некалькім асобам, то ён усё ж такі павінен прызначыць святара, які, надзелены ўладай і паўнамоцтвамі пробашча, будзе кіраваць пастырскай апекай. Цяпер пагаворым аб асобе пробашча — таго, каму пад кіраўніцтвам біскупа даручаецца пастырская апека над парафіяй. 519-ы канон гаворыць, што пробашч з’яўляецца ўласным пастырам даручанай яму парафіі, які ажыццяўляе пастырскую апеку аб даручанай яму супольнасці пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльнага біскупа, які пакліканы да ўдзелу ў паслузе Хрыста, каб выконваць для дабра гэтай супольнасці настаўніцкую, асвячальную і каралеўскую місію ў супрацоўніцтве з іншымі святарамі і дыяканамі і пры ўдзеле свецкіх вернкаў, згодна з прадпісаннямі права. Больш канкрэтна пра правы і абавязкі пробашча мы пагаворым крыху пазней, але самае галоўнае, аб чым трэба памятаць, — што менавіта пробашч з’яўляецца ўласным пастырам парафіі. Натуральна, што для таго, каб нехта сапраўдным чынам мог стаць пробашчам, ён павінен мець прэзбітэрскае пасвячэнне, апрача гэтага, павінен адзначацца здаровай навукай і добрымі маральнымі якасцямі, стараннасцю аб душах і іншымі цнотамі, а звыш гэтага — валодаць тымі якасцямі, якія патрабуюцца як паўсюдным, так і мясцовым правам для кіравання парафіяй. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |