Хрысціянін і права. Пробашчы (І) |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
17.12.2015 11:05 |
Сёння мы працягваем гаворку аб арганізацыі парафіяльнага жыцця і аб правах і абавязках пробашча — як уласнага пастыра парафіі, прызначанага біскупам. Парафію дыяцэзіяльны біскуп даручае таму святару, каго, пасля разважання ўсіх абставін, палічыць здатным да ажыццяўлення апекі над дадзенай парафіяй, выключаючы ўсялякія асабістыя перавагі. Наогул, пробашч павінен мець пастырскую апеку толькі аб адной парафіі, і гэта відавочна, аднак сёння, на жаль, даволі часта здараюцца сітуацыі недахопу святароў, таму ў такіх ці нейкіх іншых падобных абставінах апека аб некалькіх суседніх парафіях можа быць даручана аднаму пробашчу. Але гаворка ідзе не аб тым, што аб’ядноўваюцца самі парафіі, а што толькі пробашч з’яўляецца пробашчам адразу ў дзвюх парафіях. Святар становіцца пробашчам не адразу пасля дэкрэту біскупа, а пасля ўступлення ў валоданне парафіяй. Гэты ўрачысты абрад часцей за ўсё адбываецца падчас святой Імшы, на якой прысутнічаюць ардынарый або дэкан, а таксама шматлікія вернікі. Як мы ўжо казалі, пробашч з’яўляецца пастырам парафіі, таму натуральна, што ён павінен ведаць сваіх вернікаў. Таму ён павінен імкнуцца пазнаць вернікаў, даручаных яго апецы, наведваць сем’і (і каляда — душпастырскае наведванне сем’яў у час Божага Нараджэння — з’яўляецца вельмі добрай нагодай для гэтага), па магчымасці павінен удзельнічаць у клопатах вернікаў, асабліва суцяшаючы ў іх смутках, умацоўваць іх у Пану, разважліва папраўляць іх, калі яны зграшылі; хворых, асабліва тых, якія знаходзяцца пры смерці, ён павінен падтрымліваць сапраўднай хрысціянскай любоўю, клапатліва ўмацоўваючы іх сакрамэнтамі і даручаючы іх душы Богу; асаблівую ўвагу павінен удзяляць бедным, прагнучым, адзінокім, выгнаным з айчыны, а таксама тым, хто мае асаблівыя цяжкасці. Акрамя гэтага, яму належыць працаваць дзеля таго, каб сужонкам і бацькам аказвалася дапамога ў выкананні іх абавязкаў, і садзейнічаць узрастанню хрысціянскага жыцця ў сям’і. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |