Хрысціянін і права. Пробашчы (ІІ) |
Рубрыка Ватыканскага радыё |
15.01.2016 00:00 |
Мы працягваем гаворку аб арганізацыі парафіяльнага жыцця і аб правах і абавязках пробашча — як уласнага пастыра парафіі, прызначанага біскупам. З часоў Трыдэнцкага Сабору (XVI ст.) для пробашчаў існуе абавязак рэзідэнцыі — гэта значыць, што пробашч павінен пражываць у парафіяльным доме блізка ад касцёла, і гэта натуральна, бо ў любой сітуацыі чалавек можа непасрэдна звярнуцца да святара, аднак у асобых выпадках пры наяўнасці справядлівай прычыны мясцовы ардынарый можа дазволіць яму пражываць у іншым месцы, асабліва ў агульным доме для некалькіх святароў такім чынам, што будзе забяспечана правільнае і належнае выкананне парафіяльных абавязкаў — напрыклад, у нейкім буйным горадзе ёсць дом, дзе пражываюць некалькі святароў, кожны з якіх — можа, штодзённа, можа, раз на тыдзень — у залежнасці ад абставін, — ездзіць у свае маленькія парафіі. Але пробашч таксама мае час на адпачынак, і 2-і параграф 533-га канону прадпісвае, што пробашчу дазваляецца, карыстаючыся правам на штогадовы адпачынак, знаходзіцца па-за межамі парафіі на працягу месяца без перапынку або з перапынкамі, але ў час адпачынку не залічваюцца тыя дні, калі пробашч раз у год удзельнічае ў рэкалекцыях. У парафіі можа існаваць пастырская рада, якую ўзначальвае пробашч, дзе вернікі разам з тымі, хто ўдзельнічае ў пастырскай апецы ў парафіі з моцы сваёй пасады, аказваюць сваю дапамогу ў падтрымцы пастырскай дзейнасці, але гэтая рада мае права толькі кансультатыўнага голасу і ніколі не можа замяніць пробашча ў кіраванні парафіяй. У адрозненне ад пастырскай рады, якая можа існаваць або не існаваць, у кожнай парафіі павінна існаваць рада па эканамічных пытаннях, у якой вернікі, выбраныя па нормах спецыяльнага права, дапамагаюць пробашчу ў распараджэнні маёмасцю парафіі. Вельмі пажадана, каб у гэтую раду былі ўключаны вернікі з эканамічнай адукацыяй. Калі парафія становіцца вакантнай, а таксама тады, калі пробашчу перашкаджаюць выконваць пастырскае служэнне ў парафіі зняволенне, спасылка або выгнанне, непрацаздольнасць, хвароба або іншыя прычыны, дыяцэзіяльны біскуп павінен як мага хутчэй прызначыць парафіяльнага адміністратара, г.зн. святара, які будзе замяшчаць пробашча. Адміністратар мае тыя самыя абавязкі і карыстаецца тымі самымі правамі, што і пробашч, хіба што біскуп пастановіць інакш. Калі здарыцца так, што парафія становіцца вакантнай, а таксама ў тым выпадку, калі пробашчу нешта перашкаджае ў ажыццяўленні пастырскага служэння, да моманту прызначэння парафіяльнага адміністратара кіраванне парафіяй часова прымае парафіяльны вікарый; калі іх існуе некалькі, то кіраванне пераходзіць да старэйшага намінацыяй, а калі вікарыя няма, то да пробашча, акрэсленага мясцовым правам, часцей за ўсё — да дэкана. |
tt Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va |