На працягу апошніх месяцаў у цэнтры нашай увагі знаходзіцца такая актуальная і важная тэма, як духоўнасць сужэнскага жыцця. Мы паступова адкрываем для сябе, што сваёй асаблівай духоўнасцю могуць жыць не толькі святары, законнікі і законніцы, але і сужонкі.
На жаль, аб ёй напісана і сказана вельмі мала, таму многія людзі, якія спрабуюць спалучыць сужэнскае пакліканне і шлях да святасці, часта вымушаны браць прыклад з асобаў, якія жывуць у цэлібаце або абяцаннях цялеснай чыстасці. Гэта, канешне, парадаксальна. Запоўніць гэты прабел, звязаны з недахопам інфармацыі пра асобную сужэнскую духоўнасць, мы спрабуем у рамках нашай праграмы. Гэтай тэме прысвяціў асобную частку свайго навучання святы Ян Павел ІІ, да дакументаў якога мы звяртаемся і з якіх чэрпаем натхненне.
Падчас агульнай аўдыенцыі 11 жніўня 1982 г. Папа казаў: «Муж і жонка “падпарадкаваны адно аднаму”, знаходзяцца ва ўзаемнай субардынацыі. Супольнасць, або еднасць, якую яны павінны пабудаваць дзякуючы свайму сужэнству, рэалізуюцца праз узаемны дар, але таксама праз узаемнае падпарадкаванне». ![](/2/images/stories/news/2016/01/2016-01-08-sem-01.jpg)
Мы ўжо казалі пра тое, што сужонкі пакліканы разумець свае адносіны ў святле адносін паміж Хрыстом і Касцёлам. Пра гэта цудоўна сказана ў Пасланні да Эфесцаў (Эф 5, 21-33) у якім, між іншым, святы Павел адзначае: «Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Пану», а таксама: «жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім». Часам гэтыя словы памылкова разумеюцца ў якасці прадпісання «хатняй маралі», існуючай, канешне, не на карысць жанчын. Такое бачанне, акрамя таго, што няпоўнае, з’яўляецца яшчэ і памылковым.
На думку Яна Паўла ІІ, аўтар Паслання да Эфесцаў, нават калі і не даслоўна, казаў пра неабходнасць узаемнага падпарадкавання паміж мужам і жонкай, важнага для спаўнення праўды сужэнства ў паўнаце.
На карысць гэтага меркавання Пантыфік прапаноўваў два аргументы. Першы прадстаўлены тым фактам, што жонка павінна падпарадкоўвацца мужу «як Пану Езусу», а не як гаспадару, які навязвае сваё аднабаковае валадаранне. «Выказваючыся так, аўтар (паслання) не хацеў сказаць, што муж з’яўляецца “ўладальнікам” жонкі і што міжасабовая дамова, уласцівая сужэнству, з’яўляецца дамовай, паводле якой муж дамінуе над жонкай. Ён выказвае іншую думку: аб тым, што жонка, у сваіх адносінах з Хрыстом – які для абодвух сужонкаў з’яўляецца адзіным Панам – можа і павінна знаходзіць матывацыю для адносін з мужам, што вынікае з самой сутнасці сужэнства і сям’і», – адзначаў Святы Айцец. ![](/2/images/stories/news/2016/01/2016-01-08-sem-03.jpg)
Для больш глыбокага разумення гэтай думкі неабходна працягнуць чытанне Паслання апостала Паўла, у якім гаворыцца: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго». Любоў Хрыста да Касцёла канкрэтызавалася ў поўным і канчатковым дары самога сябе, кульмінацыяй якога стала ахвяра, здзейсненая на крыжы. Любоў мужа да жонкі, такім чынам, павінна весці да падобнай ахвяры: муж пакліканы ахвяравацца на карысць жонкі, як Хрыстус ахвяраваўся для Касцёла, каб збавіць яго праз адкупленчую ахвяру свайго жыцця.
Коранем узаемнага падпарадкавання паміж сужонкамі з’яўляецца любоў, якая іх яднае і якая выражае ўсю сваю праўду ў поўным дары самога сябе. «Любоў выключае рознага кшталту падпарадкаванні, згодна з якімі жонка магла б стаць слугой ці рабыняй свайго мужа, аб’ектам аднабаковага панавання. Любоў прадугледжвае, каб і муж адначасова быў падпарадкаваны жонцы, і ў гэтым падпарадкаваны самому Хрысту, як і жонка мужу.
Супольнасць ці адзінства, якое яны пакліканы пабудаваць з прычыны свайго сужэнства, спаўняецца праз узаемны дар, які з’яўляецца таксама ўзаемным падпарадкаваннем», – казаў Папа.
Гаворка ідзе пра штодзённы крыж, які сужонкі пакліканы несці разам: няспынна ахвяроўваць уласнымі жаданнямі на карысць іншага, у любові і праз любоў, у любой сітуацыі і любых умовах кажучы: «Няхай станецца не так, як я хачу, але як ты хочаш», з той жа адкрытасцю, з якой Езус звяртаўся да Бога Айца падчас малітвы ў Аліўным садзе. Ахвяраванне ўласнымі жаданнямі, падпарадкаванне з любові – гэта сапраўды шлях да святасці ў пакорнай штодзённасці сужэнскага жыцця. У гэтым схавана таксама крыніца радасці сужонкаў. Той самай радасці, якую меў Езус у сваёй падпарадкаванасці Айцу і пра якую напярэдадні сваёй крыжовай ахвяры казаў: «А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць» (Ян 17, 13). ![](/2/images/stories/news/2016/01/2016-01-08-sem-02.jpg)
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка
|