Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Шчаслівае сужэнства. Крыж неспаўнення дару з сябе
Рубрыка Ватыканскага радыё
19.01.2016 00:00

Калі радасць сужонкаў заключаецца ў паўнаце дару, неабходна таксама прызнаць, што дар ніколі не можа быць поўным і пастаянным. Гэта становіцца прычынай непазбежных пакутаў – сапраўднага крыжа для мужа і жонкі. Існуюць рознага кшталту раны, якія перашкаджаюць гэтаму. 

Гаворка можа ісці пра недахоп выхавання, наступствы эмацыйнага ці сексуальнага насілля, якія робяць складаным дар з сябе. Можна пакутаваць таксама з прычыны слабасцяў, прысутных у іншым.

Існуе вялікая колькасць жыццёвых абставінаў, якія могуць перашкодзіць нашаму дару: цяжкая праца, стомленасць, выкліканая чарговай, вельмі хуткай цяжарнасцю, заклапочанасць выхаваннем дзяцей, дэпрэсія, хваробы... Але перш за ўсё перашкодай з’яўляюцца нашы самыя частыя грахі: эгаізм, лянота, засяроджанасць на сабе, гнеў...

Гэтае жаданне поўнага дару сябе, якое прывяло нас да заключэння сужэнства, часта разбіваецца аб рэальнасць штодзённага жыцця. Здараецца так, што, жадаючы ўпоўні падарыць сябе іншаму, спадзеючыся, што ў адказ атрымаем таксама бязмежны дар з яго боку, мы часта атрымліваем дар частковы, абмежаваны, часам зусім малы. Можа таксама ўзнікнуць адчуванне таго, што наш дар, які быў прынесены без разліку і да канца, без спадзявання на ўзаемнасць, быў «выкарыстаны» ў эгаістычнай манеры, выключна дзеля ўласнай карысці.

Прычынай пакутаў можа стаць цялесны дар, пазбаўлены яго сапраўднай мэты, здрада даверу, павярхоўнасць у разуменні сужэнства, якое мы марылі бачыць самым цудоўным і прыгожым.


Гэтыя пакуты амаль непазбежныя і іх магчыма прыняць толькі злучыўшы з пакутамі ўкрыжаванага Хрыста. Крыж – гэта самы высокі выраз «любові, якую не палюбілі», любові без межаў, якая не атрымала адказу, дару, які не быў прыняты. Сужонкі не могуць пазбегнуць таго, каб не стаць крыніцай пакутаў адно для аднаго: пакутаў, якія ў выпадку іх прыняцця становяцца плённымі і жыццядайнымі.

Дар сябе ў сужэнстве заўсёды з’яўляецца «безумоўным», незалежна ад таго, ці дорыць сябе іншы. У сужэнстве дар заўсёды здзяйсняецца з поўным, узаемным даверам, з надзеяй на тое, што ён будзе прыняты, нават калі ў гэтым немагчыма быць абсалютна ўпэўненым. У такім сэнсе кожны дар любові – гэта стаўка на давер і надзею.

Досвед непазбежнага непрынясення дару абавязвае сужонкаў прызнаць, што сужэнства – акрамя таго, што з’яўляецца месцам імкнення да еднасці і шляхам да яе рэалізацыі, – не можа цалкам задаволіць у нас прагу паўнаты. Мы заўсёды павінны лічыцца з нашымі слабасцямі і абмежаванасцю. Мы можам толькі спадзявацца на тое, каб стаць больш здольнымі да прынясення бескарыслівага дару з самога сябе, нават ніколі не дасягаючы гэтай кропкі цалкам, з прычыны наступстваў першароднага граху, прысутных у нас.

Аднак не трэба апускаць рукі і расчароўвацца – ні ў сабе, ні ў іншым. Кожнае новае дасягненне ў сферы дару будзе нагодай для дзейнасці ласкі, нават пры ўсведамленні таго, што, нягледзячы на намаганні, ніхто не зможа заспакоіць прагу поўнай еднасці, якая жыве ў глыбіні нашага сэрца; таксама як і мы ніколі не зможам заспакоіць прагу, прысутную ў іншым. У гэтым сэнсе сужонкі непазбежна з’яўляюцца «крыжам» адно для аднаго: крыжам, які ў выпадку яго прыняцця становіцца плённым і жыццядайным.

Сужэнства, такім чынам, існуе ў перспектыве іншай надзеі, якой з’яўляецца дар Бога, Адзінага, хто здольны цалкам заспакоіць чаканне і прагу нашага сэрца. Чаканне Яго Валадарства.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.