Католікі беларускай чыгункі пабачылі Папу Францішка, у Гродне прайшлі
памятныя пасвячэнні, касцёл у Плюсах адзначыў 100-годдзе, «Маленькі
рыцар Беззаганнай» прыйшоў у інтэрнэт і іншыя падзеі з жыцця Касцёла ў
Беларусі за мінулы тыдзень.
Сустрэча для хлопцаў адбывалася ў салезіянскай парафіі ў Жупранах, разважанні для дзяўчат
праходзілі ў Мінску. Удзельнікі адмысловых рэкалекцый разважалі над
Божым словам і дзяліліся сваімі разважаннямі, а галоўнае – мелі
магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі супольнасці, якія
ўпоўні дзяліліся радасцю жыцця ў салезіянскім харызмаце.
Асвячэнне адрэстаўраванага алтара Святой Тройцы прайшло ў гродзенскай катэдры ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.
Згаданы алтар знаходзіцца ў святыні з 1727 года. У перыяд з 1960 па 1988 гг. святары не маглі цэлебраваць Імшу ў касцёле, але кожную нядзелю і ў свята вернікі збіраліся вакол гэтага алтара, запальвалі свечкі і маліліся.
Алтар змяшчае фігуры шэрагу апосталаў і святых: св. Яна Евангеліста, св. апостала Яна, свв. апосталаў Пятра і Паўла, св. Ісідора, св. Дамініка, св. Францішка Асізскага, св. Алаізія Ганзагі.
На самым версе ў цэнтры алтара знаходзіцца фігура Езуса Уваскрослага, якая, як мяркуецца, была перанесена ў катэдру са знішчанай савецкай уладай Фары Вітаўта і была створана больш за 300 гадоў таму. Асвячэнне здзейсніў падчас Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Над рэстаўрацыяй працавалі беларускія і польскія майстры.
Каталіцкія чыгуначнікі з Мінска, Гродна, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Пастаў, Парэчча прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі Папы Францішка на плошчы св. Пятра ў Рыме.
Пілігрымка ў Італію была арганізавана пры дапамозе душпастырства чыгуначнікаў на чале з а. Станіславам Станеўскім CSsR, кс. Міхалам Бубенам, кс. Мікалаем Ліпскім.
Ксёндз Міхал Бубен і Алена Янушкевіч з беларускай дэлегацыі падарылі Пантыфіку памятную кнігу пра 150-гадовую гісторыю беларускай чыгункі.
Рэдакцыя часопіса выклала на афіцыйным сайце нумары выдання
за апошнія пяць гадоў. Электронныя версіі часопіса для дзяцей і
падлеткаў можна прагледзець непасрэдна на сайце праз праграму READoz
або спампаваць у PDF-варыянце.
Часопіс «Маленькі рыцар
Беззаганнай» быў створаны ў 1997 годзе як дадатак да часопіса «Ave
Maria». З часам ён ператварыўся ў самастойнае выданне. На старонках
часопіса друкуецца хрысціянская літаратура для дзяцей, змяшчаюцца творы
беларускіх аўтараў, а таксама казкі, вершы і коміксы.
21 лістапада ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe дк. Алегу Яновічу і дыяканскае пасвячэнне Дзянісу Бразінскаму, Андрэю Ганчару і Андрэю Скамарошку.
«Касцёлу патрэбны святары, інакш ён не будзе тым, чым ёсць, а менавіта Касцёлам эўхарыстычным: Касцёлам, які жыве абвяшчэннем радаснай навіны і цэлебраваннем Эўхарыстыі», — адзначыў падчас урачыстасці рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Раман Рачко.
У пілігрымцы мінскіх вернікаў прынялі ўдзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і пробашч мінскай парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк. Арганізоўвалі пілігрымку ўдзельнікі Легіёну Марыі з мінскага Чырвонага касцёла. У той жа дзень у Вострай Браме адбылася малітва з удзелам беларускіх вернікаў у межах Тыдня апекi Маці Божай Вастрабрамскай.
«Я хачу, каб у маёй краіне было больш месца для Бога, -- адзначыў адзін з арганізатараў малітоўнага падарожжа Уладзімір Вайцяховіч. -- Таму мне хочацца ўдзельнічаць у такіх пілігрымках, рабіць усё магчымае і немагчымае, каб нашыя людзі набліжаліся да Бога, каб яны больш ушаноўвалі Панну Марыю і праз гэта ўзрасталі ў любові да Бога, а гэтая любоў пашыралася на іншых».
Плюсы
– невялікая вёска на Віцебшчыне на мяжы з Латвіяй. Парафіяльны касцёл
Найсвяцейшай Тройцы ў Плюсах адзначыў 100-гадовы юбілей. З нагоды
ўрачыстасці 15 парафіян атрымалі з рук біскупа сакрамэнт канфірмацыі.
У
парафіі ў Плюсах на пачатку XX ст. служылі кс. Малахоўскі, кс. Казімір
Сяндоўскі, кс. Пётр Вацякунас, кс. Ігнат Мантвіла, кс. Станіслаў
Мажэйка, кс. Ян Жук, кс. Казімір Радзішэўскі і кс. Францішак Більша.
Музей гісторыі рэлігіі ў горадзе над Нёманам адкрыў адмысловую выстаўку, прысвечаную 25-годдзю Гродзенскай дыяцэзіі. У яе экспазіцыі змешчаны матэрыялы, якія адлюстроўваюць удзел мясцовага Касцёла ў грамадскім і культурным жыцці краіны.
Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Ёсць таксама згадкі пра святкаванне юбілейнага 2000 года хрысціянства, каранацыі цудатворных абразоў Маці Божай, кананізацыі святых, жыццё і дзейнасць якіх былі звязаны з беларускімі землямі.
Услед за моладдзю Гродна мініяцюры духоўных сімвалаў Сусветнага дня моладзі — крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani — прыняла моладзь Ліды. 14 лістапада ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбылася святая Імша за моладзь Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
Шчучын стаў трэцім горадам Гродзенскай дыяцэзіі на шляху перэгрынацыі сімвалаў СДМ. Першымі пачалі падрыхтоўку да сусветнага форуму маладыя людзі Гродна 17 кастрычніка. Тады ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылoся асвячэнне мініяцюр духоўных сімвалаў Сусветнага дня моладзі і ўручэнне іх дэлегацыям парафій горада.
Урачыстая цырымонія атрымання сутаны – духоўнай вопраткі святароў – адбылася ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Па традыцыі сутану ўручаюць студэнтам трэцяга курса. Януш Чарнамораў – адзіны семінарыст на курсе, таму сутану ён атрымліваў у адзіночку.
Колькасць родных, блізкіх і сяброў, якія прыбылі ў гэты дзень павіншаваць і падтрымаць маладога чалавека ў важны для яго дзень, была больш чым пераканаўчай (гл.фота). Ілья Лапато
|