Пілігрымы Іўеўскага дэканата дзеляцца радасцю ад пройдзенага шляху |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
10.07.2012 11:36 |
Адбылася ўжо ХV Пешая пілігрымка ў Тракелі з Іўеўскага дэканата. Пад дэвізам «У пілігрымцы веры да Марыі» з 2 па 7 ліпеня 253 вернікі — моладзь, дзеці, дарослыя з парафій Іўеўшчыны і іншых месцаў (Гродна, Літва, Украіна) — разам са сваімі святарамі ішлі да Тракельскай Божай Маці. Ішлі, каб стаць перад цудоўным абразом на калені і выказаць сваю любоў — шчырую, ачышчаную ад усялякага фальшу выпрабаваннем далёкай пешай дарогі пад спякотаю ліпеньскага сонца. І яшчэ… папрасіць ў ціхай малітве за сваіх родных і дарагіх сэрцу людзей. Зразумела, у дарозе нам было нялёгка, але гэта быў асэнсаваны выбар: гэтай пілігрымкай мы сведчылі сваю любоў да Бога. Мы адчувалі духоўную еднасць сям’і, і заўжды адчувалі сардэчную падтрымку людзей, якіх сустракалі на сваёй дарозе: ад вёскі Сурвілішкі Іўеўскага раёна да вёскі Тракелі суседняга — Воранаўскага. Нас прымалі ў сваіх хатах на начлег, частавалі смачнымі абедамі і вячэрамі, дапамагалі з транспарціроўкай багажу, радаваліся за нас і нават хвалілі за ўдзел у пілігрымцы. Зычлівасць і спагада людзей умацоўвалі ў нас сілу і вытрымку. Чалавек слабы, і нават маленькія выпрабаванні ён схільны лічыць непад’ёмным цяжарам… Але тады і варта ўспомніць пра цярпенні нашага Пана Езуса Хрыста, Яго Маці Марыю — і адразу зразумееш, што цяжкасці падчас пілігрымкі — гэта так, маленькія нязручнасці, якія лёгка можна перанесці… Канечне, ёсць і іншыя, больш сур’ёзныя выпрабаванні ў нашым жыцці, якія магчыма перажыць толькі з сапраўднай верай у заступніцтва і міласэрнасць Бога… Можа, дзеля гэтага і патрэбны маленькія выпрабаванні, накшталт такіх, якія нас чакалі падчас пілігрымкі?… Таксама, як і Крыжовы шлях, падчас якога мы маліліся і па чарзе неслі крыж. А яшчэ кожны з нас нёс у руках «свой» камень — сімвал асабістых цяжкасцей і грахоў. Не, не фізічную — душэўную палёгку мы адчулі, пакінуўшы свае каменні ля крыжа. Душы нашы і думкі, напэўна, сталі святлейшымі падчас гэтай дарогі. Пацвярджэннем таму можа быць і надпіс на адным з камянёў: «100% майго сэрца для Езуса!». Пілігрымка да Маці Божай Тракельскай падаравала нам шмат добрых знаёмстваў, знакавых сустрэч, сярод якіх была сустрэча з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам і біскупам Адэска-Сімферопальскім Браніславам Бернацкім. Супольная малітва з іерархамі застанецца адным з самых яркіх момантаў і ўспамінаў гэтай пілігрымкі, як і ўрачыстая вячэрняя Імша з 6 на 7 ліпеня ў Тракелях, дзе пілігрымы і веруючыя з розных куткоў свету сышліся перад святым абразом Божай Маці Тракельскай, каб у супольнай малітве выказаць хвалу Божай Міласэрнасці і любові. Пілігрымы з іўеўскай парафіі |
Фотарэпартаж |