Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сакрамэнт канфірмацыі ў Суботніках: пашыраць веру словам і дзеяннем
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.04.2013 12:08

21 красавіка, у нядзелю Добрага Пастыра, 82 чалавекі прынялі ў парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках сакрамэнт канфірмацыі. Урачыстую літургію ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі ксёндз Раман Катлімоўскі засяродзіў увагу на постаці Добрага Пастыра — галоўнага героя літургічных чытанняў IV Велікоднай нядзелі. Па словах святара, Добры Пастыр — гэта пераможца над грахом і смерцю. «Уваскрасенне Хрыста паказвае мэту нашага шляху, і да гэтай мэты немагчыма дайсці самому. Таму чалавеку патрэбны дары Духа Святога, дзякуючы якім мы можам адважна называць Бога праўдай, любоўю», — сказаў кс. Катлімоўскі і заахвоціў кандыдатаў да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі дзякаваць за веру, якая дапамагае стаць мудрымі і ўмець рабіць выбар праз натхненне Духа.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў пра значэнне і ролю гэтага сакрамэнту ў жыцці чалавека, адзначыўшы, што роля канфірмацыі ў працэсе развіцця хрысціяніна выключная. Канфірмацыя, па словах іерарха, спрыяе духоўнаму ўзрастанню і паглыбляе ласку хросту, дапамагае глыбей укараніцца ў Божым сыноўстве і памнажае ў чалавеку дары Духа Святога. Гэты сакрамэнт, дадаў біскуп, «удзяляе нам, як сапраўдным сведкам Хрыста, асаблівую моц Духа, каб пашыраць веру словам і дзеяннем, мужна вызнаваць імя Езуса і ніколі не саромецца крыжа».

Гродзенскі ардынарый заахвоціў вернікаў вучыцца прабачаць, любіць Бога і людзей.

На заканчэнне святой Імшы тыя, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, падзякавалі Богу за атрыманыя ў гэтым сакрамэнце хрысціянскай сталасці дары Духа Святога і выказалі гатоўнасць трываць у добрых пастановах і ўзрастаць у веры сваіх продкаў.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме