Адбылося асвячэнне пляцу пад будаўніцтва новага касцёла ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
09.08.2011 11:14 |
«Вялікае ўчыніў мне ўсемагутны» — словы псальму ў гэты дзень гучалі асабліва сімвалічна. Пакуль што за восьмым домам па вуліцы Герасіменкі знаходзіцца кавалак поля, але калісьці тут з’явіцца святыня. З гэтай радаснай думкай прыбылі на ўрачыстасць вернікі парафіі Божага Цела і іншых парафій горада, духоўныя і свецкія асобы, каб раздзяліць радасць гэтай падзеі, якая дае пачатак будаўніцтву новага касцёла ў сталіцы. У гэты дзень звычайнае месца стала незвычайным. «Існуе рэальная патрэба будавання касцёла ў кожным куточку нашай Беларусі, нашай роднай зямлі, асабліва тут, у Завадскім раёне, — адзначае пробашч парафіі а. Сяргей Трысцень OCD. — Ведаем, што гэты раён адзін з найбольш складаных у маральным сэнсе. Таму асаблівым чынам тут патрэбны духоўны аазіс, дзе людзі маглі б знайсці згубленую надзею». Адна з парафіянак нядаўна казала святару: «а калісьці я была восьмая». Сёння парафія налічвае каля 500–600 чалавек. Пры гэтым толькі ў мікрараёне «Ангарская» пражывае каля 60 тысяч чалавек. Цяпер вернікі парафіі збіраюцца на малітву ў раённым ЖЭСе. Таму для зручнасці спачатку на гэтай пляцоўцы будзе ўзведзена часовая капліца, а пасля ўжо распачнецца будаўніцтва касцёла. Урачыстую літургію, падчас якой адбылося асвячэнне зямлі і крыжа на месцы будаўніцтва святыні, узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебраваў — біскуп Антоні Дзям’янка, святары мінскіх парафій, айцы кармэліты з розных парафій Беларусі. Святары менавіта гэтай манаскай супольнасці апякуюцца мінскай парафіяй Божага Цела. Асаблівым падарункам на свята стала прыбыццё славутага ласкамі абраза Маці Божай Шкаплернай з Гудагая. Яе апецы даручыла сябе парафія Божага Цела. «У дзень благаслаўлення зямлі пад будаўніцтва капліцы, названай тваім іменем, а таксама касцёла ў гонар Найсвяцейшага Цела твайго Сына, кленчым перад табою, Кветка Кармэлю. Тулімся сёння да твайго сэрца, што б’ецца для Хрыста, каб знайсці абарону ў тваіх абдымках, якія з матчынай пяшчотай аддаюць нам Езуса ў апеку. Прагнем табе, Маці святога шкаплера, даверыць усю нашу парафію і ўвесь наш мікрараён», — маліліся вернікі. Віншуючы вернікаў не толькі парафіі Божага Цела, але і ўсяго Мінска з гэтай значнай падзеяй, Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў аб адказнасці вернікаў пра далейшы клопат аб будаванні і захаванні святыні. Вельмі добра, па словах арцыпастыра, што побач з гэтай пляцоўкай знаходзіцца лес, бо ён з’яўляецца своеасаблівымі «лёгкімі сталіцы», якія ачышчаюць паветра. Але вельмі важна памятаць пра ачышчэнне духоўнага паветра. Недастаткова ўдасканалення інфраструктуры ў гарадах: без духоўнага развіцця самога чалавека, усё гэта не мае вартасці. А яно палягае ў пазнанні Божага слова і жыцця ім у штодзённасці. «Мы павінны адчыніць дзверы нашых сэрцаў, якія можна адкрыць толькі знутры. Хрыстус няспынна стукае ў іх, але ці мы адчынім Яму?» — адзначае Мітрапаліт. Падчас літургіі некаторым вернікам парафіі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі. Ва ўрачыстасці прыняў удзел прадстаўнік Грэка-каталіцкай Царквы, кіраўнік адміністрацыі Завадскога раёна, кусташ абраза Маці Божай Гудагайскай. Аб заснаванні парафіі Божага Цела ў Мінску было вырашана падчас святкавання ў Касцёле Года Эўхарыстыі (2005 г.). Падпісаў гэтае рашэнне кардынал Казімір Свёнтэк. Выкананне заснавання парафіі было даручана кс. Ігару Лашуку. Пасля тагачасны Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка даручыў апеку парафіяй айцам кармэлітам босых. 18 студзеня 2007 г. парафія Божага Цела ў Мінску была зарэгістравана. Спачатку вернікі збіраліся на малітву ў прыватных памяшканнях, а пасля (з павелічэннем колькасці парафіянаў) — у актавай зале ЖЭСа №74. У 2010 г. быў абраны ўчастак зямлі пад будаўніцтва святыні, а праз год выдзены парафіяльнай супольнасці. Асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва святыні 8 жніўня 2011 г. застанецца памятнай датай у жыцці парафіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі. На сённяшні дзень у Мінску існуюць чатыры касцёлы і чатыры капліцы. Святлана Жылевіч |
Фотарэпартаж |