Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў пілігрымаў у другі дзень іх шляху ў Будслаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
03.07.2012 12:00 |
3 ліпеня свой працоўны дзень Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распачаў з ранішняй літургіі на школьным панадворку ў Вішнёўцы. Тут спыніліся на начлег удзельнікі пілігрымкі з Мінска ў Будслаў. 3 ліпеня Каталіцкі Касцёл узгадвае постаць святога Тамаша. Чаму Тамаша называюць няверным? У дзень Уваскрасення Хрыста, калі Езус аб’явіўся апосталам, Тамаша ў вячэрніку не было. Калі ж даведаўся ад апосталаў аб Хрыстовым уваскрасенні, сказаў, што не паверыць, пакуль не ўбачыць на Яго руках ранаў ад цвікоў і не ўкладзе свайго пальца ў іх і ў прабіты бок. Праз тыдзень Езус ізноў аб’явіўся апосталам, сярод якіх быў і Тамаш. Тады Езус сказаў яму: «Паглядзі на Мяне і ўкладзі свае рукі ў Мае раны, не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш адказаў: «Пан мой і Бог мой». Езус дадаў тады: «Тамаш, ты паверыў, бо ўбачыў, шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў». «Гэтыя словы вельмі важныя, яна адносяцца таксама да нас. Мы не бачылі Езуса жывым з чалавечым целам. Не бачылі яго і мільёны іншых людзей на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства. Не бачылі, але паверылі, і вера дала ім новую надзею, такую, што нават у вельмі складаных сітуацыях яны вытрывалі. Праз сваё нявер’е і пазнейшае вызнанне веры св. Тамаш стаў апекуном навукоўцаў і даследчыкаў. Вядома, што яны найперш хочуць убачыць, дасведчыць, даказаць і толькі потым паверыць. Але калі веру аб’яднаць з навуковымі даследаваннямі, тады вера і навука становяцца двума крыламі, на якіх яны ўзносяцца да пазнання ісціны», — патлумачыў іерарх. У наш час, калі чалавецтва перажывае крызіс веры, мы, хрысціяне, павінны жыць сваёй верай і паказаць яе іншым. «Але каб абвяшчаць Евангелле, трэба самім быць моцнымі ў веры. Умацаванню веры таксама павінна служыць і пілігрымка — своеасаблівыя рэкалекцыі ў дарозе», — дадаў Мітрапаліт. Арцыпастыр пажадаў пілігрымам моцы фізічнай і духоўнай на нялёгкім шляху пілігрымавання ў такую спякоту, якая стаіць у гэты час, каб духоўна адноўленыя маглі паўтарыць словы апекуна сённяшняга дня: «Пан мой і Бог мой» і жылі гэтаю праўдай і да яе вялі іншых. |
Фотарэпартаж |