Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прынялі ўдзел у вялікай вячэрні ў Свята-Духавым кафедральным саборы
Беларуская Праваслаўная Царква
07.01.2013 19:15

7 студзеня, калі вернікі Усходніх Цэркваў, якія жывуць паводле юліянскага календара, святкуюць Божае Нараджэнне, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прынялі ўдзел у вялікай вячэрні ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы.

Набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Разам з іерархам вячэрню служылі архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, епіскап Барысаўскі Веніямін, духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы. На набажэнстве прысутнічалі таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады і праваслаўныя вернікі.

У гэтае вялікае свята Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці выказаў свае віншаванні з Божым Нараджэннем вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы.

«У гэты асабліва ўрачысты дзень я далучаюся да віншаванняў, якія сёння Яго Святасць Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI адрасуе ўсім братам і сёстрам, што належаць да Праваслаўных Цэркваў», — адзначае ў віншаванні Апостальскі Нунцый. Гэтыя віншаванні, выражаныя ў святым цалаванні міры, арцыбіскуп перадае Праваслаўнай Царкве ў Беларусі, Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, архіепіскапам і епіскапам, членам Святога Сіноду, прэзбітэрам, дыяканам, манахам і манахіням, а таксама свецкім вернікам. Прадстаўнік Святога Айца віншуе іх словамі Уладзіміра Салаўёва, які «з асаблівай моцай кажа аб таямніцы Хрыста, выяўленай у Божым Нараджэнні:

Он здесь, теперь — средь суеты случайной,
В потоке мутном жизненныx тревог.
Владеешь ты всерадостною тайной:
Бессильно зло; мы вечны; с нами Бог!
»

«Бог уцелавіўся. Таму мы, хрысціяне, у адказе за зямлю, за гэтую зямлю, за гэтую беларускую зямлю, і гэтая нашая адказнасць вельмі вялікая», — кажа арцыбіскуп у віншаванні, нагадваючы таксама словы папы Яна Паўла ІІ з яго Апостальскага Паслання «Святло Усходу»:

 «Да ўсіх Цэркваў, Усходу і Захаду, даходзіць крык людзей нашага часу, якія шукаюць сэнс свайго жыцця. Гатовыя выслухоўваць ускліканні свету з пакорай і пяшчотнай любоўю, поўнай салідарнасці з тымі, ад каго яны паходзяць, мы пакліканы адкрываць словамі і дзеяннямі, адпаведнымі нашаму часу, тыя бязмерныя багацці, якія нашы Цэрквы захоўваюць у скарбніцах сваіх традыцый. Няхай Дух Святы асветліць наш розум, каб нам сумесна ісці насустрач нашаму сучасніку, які чакае радаснай весткі. Калі на чаканні і пакуты свету мы дадзім прасвятляючы, жыватворны згодны адказ, то сапраўды будзем садзейнічаць больш плённаму абвяшчэнню Евангелля сярод людзей нашага часу».

«Ці не ідзе тут гаворка асаблівым чынам аб гэтай беларускай зямлі, дзе нашы традыцыі суіснуюць на працягу доўгага часу, кожная ўносячы свой уклад у дабрабыт краіны? Калі мы на самой справе будзем разам, захоўваючы вернасць Эмануэлю — Богу-з-намі, наша сведчанне стане каштоўным укладам і ўзбагаціць, нягледзячы на адрозненне, культуру і жыццё гэтай краіны, — заўважае арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў віншаванні. — Такое пажаданне, дарагія браты і сёстры Праваслаўнай Царквы, я адрасую вам ад імя Папы. Гэта з'яўляецца заданнем Каталіцкага Касцёла, якое неабходна няспынна аднаўляць. Хрыстус нарадзіўся! Уславім Яго!»

Поўны тэкст віншаванняў Апостальскага Нунцыя на рускай мове>>>

Падчас вячэрні было зачытана Пасланне Мітрапаліта Філарэта на Раство Хрыстова. «Разумеючы гэтае сапраўды сусветнае значэнне Бога-ўцялеснення, мы ў той жа час адчуваем, што яно звернута да кожнага з нас. Ад валхва, носьбіта ўлады і ведаў, да сціплага пастуха — кожны закліканы пачуць Добрую вестку», — адзначаецца ў пасланні.

Іерарх заклікае вернікаў «пакланіцца Хрысту, каб плады Яго любові адчуваліся ў кожным доме, у кожнай сям’і». Гэтыя плады — «любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць». «Няхай Віфлеемская зорка пакажа кожнаму з нас шлях да сэрцаў нашых родных і калег, нашых суседзяў, сяброў і ворагаў», — дадае Патрыяршы Экзарх.

Пасля Мітрапаліт Філарэт павіншаваў усіх прысутных са святам Божага Нараджэння. Як адзначыў іерарх, «Бог прыняў чалавечую прыроду, стаўшы адным з нас, каб (…) адкрыць нашаму погляду сапраўднае прызначэнне быцця чалавека: з верай і надзеяй жыць добрасумленна ў Хрысце Езусе». Па словах Мітрапаліта, «духоўная чысціня зямнога шляху Сына Божага і вобраз Яго ахвярнага служэння на зямлі дагэтуль з’яўляюцца мацнейшым імпульсам да развіцця чалавечай асобы, духоўна-маральнага і культурнага станаўлення грамадства».

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы пажадаў, каб «радасць аб Богадзіцяці, якое нарадзілася сёння, ніколі не пакідала нашы сэрцы». Іерарх падзякаваў усім вернікам і гасцям, якія наведалі сабор у гэты дзень.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме