Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прынялі ўдзел у калядным вечары ў Хрысціянскім адукацыйным цэнтры імя свв. Мяфодзія і Кірыла |
Іерархі |
12.01.2013 00:18 |
У межах вечара былі ўручаны калядныя прэміі і ўзнагароды Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра. На мерапрыемстве прысутнічаў таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. «Зварот грамадства да ведання рэлігійных каранёў культуры з’яўляецца адной з неабходных умоваў захавання нашай ідэнтычнасці. У адваротным выпадку мы як цывілізацыя проста перастанем быць самімі сабой», — адзначыў у прамове праваслаўны іерарх. Як дадаў Мітрапаліт Філарэт, «спадчына Кірыла і Мяфодзія — гэта скарб усёй Еўропы», і «наша справа — не проста памятаць аб традыцыі, закладзенай святымі братамі, але творча развіваць яе». Патрыяршы Экзарх пажадаў гасцям каляднага вечара «не страчваць у будучым годзе ціхай радасці аб народжаным Збаўцы», каб кожны мог «абвяшчаць свету: „Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!“». Узгадваючы тэму Уцелаўлення Бога, Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваёй прамове адзначыў: «Слова стала плоццю і паставіла свой намёт між намі. Гэта даслоўны пераклад з грэчаскай мовы слоў святога Евангеліста Яна. Такім чынам, мы з’яўляемся намётавым лагерам, і жыццё чалавека — гэта вандроўка ў кірунку вечнасці». Па словах арцыбіскупа, грамадства і людская супольнасць «не з’яўляецца аўтаномнай з’явай, замкнёнай у сабе, якая абмяжоўваецца толькі сваімі ўнутранымі законамі» — «намёт Бога і намёты людзей належаць да аднаго і таго ж лагера, і любоў Бога з’яўляецца неад’емным кампанентам любові чалавека; тое самае датычыцца пакутаў, радасці, жыцця і смерці». Да прысутных звярнуўся і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр адзначыў, што час, які мы перажываем зараз, — «час разважання над таямніцай Уцелаўлення Бога». Іерарх нагадаў пра два важныя юбілеі, якія будуць святкавацца ў гэтым годзе: 1150-годдзе стварэння славянскай пісьменнасці і 1700-годдзе Міланскага эдыкту. Узгадваючы пра постаці святых Мяфодзія і Кірыла, Мітрапаліт заўважыў, што менавіта яны данеслі да людзей Евангелле на зразумелай мове. Выказваючы віншаванні лаўрэатам узнагародаў Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра, Мітрапаліт адзначыў, што яны «ўносяць прысутнасць Бога ў наш свет». Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў падзяку Праваслаўнай Царкве ў нашай краіне за добрае супрацоўніцтва і адкрытасць і ўзгадаў, што ў Інстытуце тэалогіі БДУ выкладаюць, між іншым, таксама каталіцкія святары і вучацца студэнты-католікі. Мітрапаліт пажадаў удзельнікам мерапрыемства, каб «кожны чалавек пазнаў праўду Евангелля, будаваў сваё жыццё на праўдзе, спасціг сапраўднае шчасце і дасягнуў жыцця вечнага». Таксама ў межах каляднага вечара быў прэзентаваны каляндар на 2013 год «Кипр: на перекрестке двух путей» і адбыўся канцэрт у гонар святых Мяфодзія і Кірыла. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |