Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гурт «Подых Духа» рыхтуе новы альбом
Беларусь - Пінская дыяцэзія
05.08.2011 12:24

У 2010 г. удзельнікі гурту Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску «Подых Духа» выпусцілі свой першы альбом, а сёлета ўжо зроблены папярэдні запіс новага. Будучыя святары спяваюць пра жыццё, апавядаюць пра семінарыю і славяць Бога.

Думка аб стварэнні музычнага гурту з’явілася ў семінарыстаў даволі даўно, ў другі год існавання семінарыі. Творчы гурт семінарыі ў Пінску пачынаў сваю музычную дзейнасць на супольных вечарах, падчас якіх навучэнцы спявалі пад акампанемент з некалькімі гітарамі. Гэта заўважыў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк, які і падараваў у 2007 г. маладым музыкантам патрэбныя музычныя інструменты. Так пачаў дзейнічаць гурт з першай назвай «Адраджэнне» — як сімвал адраджэння семінарыі ў Пінску (пасля 62 гадоў з часоў яе закрыцця савецкай уладай) і напаміну пра музычную групу, якая існавала ў перадваеннай семінарыі, пра што ўзгадваў і кардынал Свёнтэк.

З часу свайго заснавання гурт некалькі разоў змяніў і рэпертуар, і склад: многія з яго ўдзельнікаў ужо сталі святарамі. З’явілася і новая назва — «Подых Духа», звязаная з тым, што выступленне гурту — гэта не звычайны канцэрт, а малітва, якою кіруе Дух Святы, Божы Дух. Семінарысты ўпэўнены ў тым, што яны з’яўляюцца прыладаю ў Божай руцэ, і такімі імкнуцца стаць, каб менавіта Дух Святы праз іх дыхнуў сваёю моцай і прысутнасцю. Кожную малітоўную сустрэчу ўдзельнікі гурту распачынаюць са спеву да Духа Святога, а заканчваюць малітвай за любімую Радзіму Беларусь.

Семінарысты шмат выязджаюць на малітоўныя сустрэчы ў парафіі і касцёлы, каб праз спевы і ўласныя сведчанні праслаўляць Бога і апавядаць пра жыццё ў семінарыі. Гурт выступаў у Баранавічах, Лучаі, Паставах, Гудагаі, Мядзелі, Кобрыне, Пінску, Брэсце і іншых гарадах.

Адной з задач і магчымасцей гурту з’яўляецца евангелізацыя: паміж спевамі семінарысты ўводзяць у тэму песняў і абвяшчаюць Евангелле, якое нясе збаўчы дар удзельнікам малітвы.

На семінарыйным сайце (seminary.catholic.by) ёсць магчымасць запампаваць спевы гурта, а таксама кампазіцыі, якія не ўвайшлі ў альбомы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме