Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Над тэмай «Бізнес і Евангелле» разважалі гомельскія бізнесмены
Беларусь - Пінская дыяцэзія
07.09.2011 11:42

Тэме «Бізнес і Евангелле» было прысвечана пасяджэнне дыскусійнага клуба аб’яднання прыватных прадпрымальнікаў «Адзінства», што адбылося ў Гомелі 5 верасня 2011 г. Удзел у ім прыняў пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай кс. Славамір Ласкоўскі.

Падчас дыскусіі святар параіў звяртацца да Святога Пісання за адказамі на ўсе пытанні, але ўдакладніў, што Біблія — гэта не кніга, якая вучыць весці бізнес, але кніга жыцця, якая кажа аб яго маральным баку.

Паводле слоў кс. Славаміра Ласкоўскага, бізнес трэба «саліць», каб ён не сапсаваўся, гэта значыць 10% з прыбытку аддаваць на дабрачыннасць. «І тады ўбачыце, як паспяхова будзе працаваць бізнес», — адзначыў святар. Ксёндз прывёў словы Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб тым, што сучасны эканамічны крызіс узнік менавіта праз прагнасць і эгаізм.

«У цэнтры любога бізнесу, як і ў цэнтры нашага жыцця, павінен быць чалавек, а не грошы», — упэўнены святар.

Цікавіліся бізнесмены і тым, што ж рабіць з нядобрасумленнымі партнёрамі, як рэагаваць на іх учынкі.

«Калі чалавек бясконца злоўжывае тваёй дабрынёй, такія меры, як звальненне, трэба прымаць таксама. Але тут трэба бачыць, адчуваць, ніякіх жалезных правілаў няма. І калі партнёр падвёў — трэба перш з ім пагаварыць, даведацца, чаму ён так зрабіў, сказаць яму праўду. Можа, ён апамятаецца, калі, да прыкладу, думаў, што мае справу з дурнямі, якіх можна абвесці вакол пальца. Зразумее, што яго раскрылі, і, можа, спыніцца. Але ёсць людзі, якія не жадаюць ці не здольныя працаваць, і пра гэта трэба ім сказаць. Кожны чалавек — непаўторны, у кожным выпадку трэба падыходзіць індывідуальна, гэтыя пытанні вырашаюцца з сумленнем», — адказаў святар.  

Таксама ксёндз патлумачыў розніцу паміж дабрачыннасцю і міласцінай і заўважыў, што міласціна — гэта калі левая рука не ведае, што робіць правая, гэта значыць ананімна ахвяраваць камусьці грошы. Міласціна патрэбна, каб змагацца са сваёй сквапнасцю.

«Няхай ваш бізнес прыносіць радасць людзям, а вам — прыбытак, гэта нармальна», — пажадаў кс. Славамір Ласкоўскі.

Напрыканцы сустрэчы адзін з яе ўдзельнікаў Генадзь Кустаў заўважыў, што сустрэча яшчэ раз пацвердзіла: «галоўнае — любоў у душы, тады лягчэй жыць, калі кіруешся любоўю».

Пасля сустрэчы бізнесмены перадалі падарункі дзецям-сіротам, якія ў хуткім часе заселяцца ў вёску-хоспіс для сірот-інвалідаў, што была адкрыта ў маі гг.

Паводле інфармацыі сайта Гомельскай парафіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.