Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на пачатак Вялікага посту 2013 года
Беларусь - Пінская дыяцэзія
12.02.2013 17:08

Паведамленне на польскай мове >>>

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Папяльцовай серадой Касцёл распачынае Вялікі пост — літургічны перыяд, падчас якога вернікі рыхтуюцца да найвялікшай урачыстасці ў літургічным годзе, якою з’яўляецца Уваскрасенне Пана.

На працягу больш за 40 дзён мы будзем услухоўвацца ў навучанне Касцёла, якое дапамагае ў падрыхтоўцы нашых сэрцаў да радасці Змёртвыхпаўстання Пана Езуса, які, як вызнаём, быў «замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані».

Гэтыя сорак дзён — час вялікай духоўнай працы кожнага веруючага ў супольнасці Касцёла. Для дасягнення большай дасканаласці ў веры Касцёл — наша Маці — заахвочвае кожнага з нас да малітвы, посту і міласціны. Пераменім гэтыя ўказанні ў чын, каб ва ўрачыстасць Пасхі, калі будзем вызнаваць пра нашага Збаўцу «на трэці дзень уваскрос», нашая радасць была аўтэнтычнай. Няхай у гэты перыяд наша рука для ўбогага будзе шчодрай, сэрца для патрабуючага матэрыяльнай і духоўнай апекі больш адкрытым, малітва больш працяглай і частай. Крыжовы шлях па пятніцах, Песні жальбы і велікапосныя рэкалекцыі ў парафіі — гэта асаблівыя набажэнствы, адораныя адпустамі для атрымання ад Бога прабачэння караў за ўчыненыя грахі: думкай, мовай, учынкам і занядбаннем.

Сёлетні Вялікі пост узбагачаны каштоўнасцямі Году веры ва ўсім Касцёле, а ў нашай Пінскай дыяцэзіі — таксама 75-годдзем кананізацыі св. Андрэя Баболі.

Падчас напісання гэтага паведамлення Апостальская Нунцыятура ў Беларусі паведаміла нам пра рашэнне Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які 28 лютага гг. перастане спаўняць абавязкі найвышэйшага Пастыра з прычыны ўзросту і стану здароўя. Пра сваё рашэнне, прынятае пасля доўгай малітвы, Святы Айцец паведаміў Калегіі кардыналаў, сабранай 10 лютага гг. у сувязі з кананізацыяй трох асобаў. З публічнага паведамлення вынікае, што кардыналы ў час sede vacante збяруцца на канклаве для абрання новага Папы.

У гэты час будзем дзякаваць Богу за гады служэння Бэнэдыкта XVI на пасадзе кіруючага лодкай Пятра, за дабро, якое дзякуючы яго паслузе здзейснілася ў Касцёле і ў свеце, а таксама будзем маліцца аб патрэбных ласках на далейшае яго жыццё.

Прашу таксама аб малітве, ахвярах, велікапосных адрачэннях, каб пад натхненнем Духа Святога сабраныя на канклаве кардыналы здзейснілі добры выбар новага кіруючага лодкай Пятра.

Няхай гэты час будзе перажыты намі ў святасці.

На час Вялікага посту благаслаўляю вас у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі


Паведамленне неабходна прачытаць ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі ў межах душпастырскіх аб’яў у І Нядзелю Вялікага посту — 17 лютага.

Пінск, 12.02.2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме