Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мёрах прайшоў конкурс калядных спеваў «Зорка Бэтлеема»
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.01.2012 16:01

Перыяд Божага Нараджэння — вельмі цудоўны час. Менавіта на працягу гэтых дзён перажываецца шмат радасці. Святкаванне прыйсця Збаўцы да людзей, прыняцця Ім нашай чалавечай натуры ўзрушвае сэрца кожнага веруючага хрысціяніна. Менавіта ў гэты поўны радасці перыяд, 4 студзеня 2012 г., Мёры, як штогод, сабралі ўдзельнікаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі на конкурс калядных спеваў «Зорка Бэтлеема».

На гэты раз у конкурсе ўдзельнічалі дзесяць груп: з Глыбокага, Мёраў, Шаркаўшчыны, Варапаева, Ахрэмаўцаў, Ёды-Барадзенічы, Удзела, Дзеркаўшчыны, Паставаў і Віцебска.

Удзельнікі былі рознага ўзросту, ад маленькіх дзяцей да студэнцкай моладзі. Конкурсная праграма перапляталася забавамі і прыгожым вясёлым спевам груп. У гэтым годзе адметнасцю была таксама прысутнасць у ліку журы Піта Паўлава (гурт «PETE-PAFF») і асабістага сакратара Апостальскага нунцыя ў Беларусі кс. Вячаслава Пялінка. Падчас выступлення дзяцей пад радаснае «брава» з’явіўся і біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін з цікавымі гасцямі, сярод якіх быў дырэктар пастаральнага цэнтра ў Мінску кс. Эдмунд Друз SChr, які адзначаў якраз дзень свайго нараджэння. Ад імя арганізатараў і ўдзельнікаў «Зоркі Бэтлеема» самая малодшая ўдзельніца конкурсу ўручыла кс. Эдмунду Друзу кветкі і прамовіла шчырыя пажаданні.  

Сам фестываль праходзіў у радаснай атмасферы. Адбылося шмат цікавых выступленняў, з якіх кожнае было па-свойму прыгожым і вясёлым. Вельмі яскравым, як адзначыла журы, у гэтым годзе было выступленне групы моладзі з Глыбокага, якую падрыхтавала с. Таццяна Данч. Моладзь парадавала ўсіх не толькі цудоўным спевам, але і танцамі. Біскуп Уладзіслаў Блін скіраваў да ўдзельнікаў словы шчырай падзякі за тое, што яны ёсць у парафіях, за іх радасць і таленты, якімі дзеляцца з іншымі.

Пасля конкурснай праграмы ўсіх чакаў вельмі прыемны сюрпрыз — канцэрт гурту «PETE-PAFF». Шмат радасці прынеслі спевы гурту, тым больш што ўсе маглі пабачыць сапраўдныя беларускія народныя інструменты і пачуць іх.

На заканчэнне былі ўручаны дыпломы і ўзнагароды. Перад гэтым кс. Вячаслаў Пялінак адзначыў, што менавіта на гэтай сцэне можна было ўбачыць сапраўдных дзяцей — бо ніхто не рабіў, як гэта зараз часта здараецца, з дзесяцігадовай артысткі дваццацігадовую. Прызавыя месцы занялі групы з Глыбокага, Ахрэмаўцаў, Дзеркаўшчыны, Паставаў, Шаркаўшчыны. Спонсарамі прызоў былі біскуп Уладзіслаў Блін, кс. Павел Самсонаў і, як заўсёды, пробашч мёрскай парафіі кс. Кшыштаф Мянкіна.

Што думаюць гледачы ці самі ўдзельнікі аб гэтым конкурсе? Некаторыя з іх далі вельмі цікавыя адказы.

Алесь Дземідовіч (гурт «PETE-PAFF»), Мінск: «Уражанні самыя пазітыўныя. Прысутнічаў на ім першы раз. Адчувалася атмасфера ўзаемнай любові і радасці, якая перадавалася, я думаю, усім. На маю думку, менавіта на гэтай сцэне нараджаюцца новыя таленты, якія могуць з цягам часу стаць сапраўднымі майстрамі. Вельмі добра, што ёсць такія мерапрыемствы».

Вячаслаў Дзямітка, Браслаў: «Я прысутнічаў на гэтым фестывалі ўжо чацвёрты раз. На маю думку, было лепш, чым у мінулым годзе. У гэтым годзе былі цудоўныя запрошаныя госці, што прынесла таксама шмат радасці. Магу сказаць, што час чакання не быў марны!»

Брат Яўген Хаданёнак MIC: «Першы раз на фестываль прыехаў сем год таму, быў тады ўдзельнікам. Зараз гляджу, як ён развіваецца з кожным годам і толькі радуюся. З’яўляюцца новыя твары, і больш дзетак, а гэта сведчыць аб нашай будучыні, аб тым, што Касцёл у нашай дыяцэзіі развіваецца і жыве».

Інна Стрыгаловіч, Варапаева: «Удзельнічаю не першы раз у гэтым фестывалі. Прымаю ўдзел не як у конкурсе, але праслаўляю Бога сваім талентам. Мне вельмі тут падабаецца, бо можна ўбачыць шмат моладзі з розных парафій, пазнаёміцца. Таксама, гледзячы на выступленні іншых, можна ўзяць штосьці новае для сябе».

Так і мінуў яшчэ адзін дзень радаснага перажывання перыяду Божага Нараджэння. Раз’язджаючыся, напэўна, усе думаюць, што прыедуць у наступным годзе і зноў з’яднаюцца не ў конкурсе, а ў радасным праслаўленні нованароджанага Езуса сваімі талентамі.

С. Марына Брылёнак


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў