Урачыстасці Першай святой Камуніі ў Лучаі працягваюцца |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
|
29.05.2012 16:18 |
Бялюткія сукенкі, чыстыя думкі, светлы настрой… 27 мая ў лучайскім касцёле святога Юды Тадэвуша адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі. 16 хлопчыкаў і дзяўчат упершыню прынялі ў свае сэрцы Езуса Эўхарыстычнага.
Да гэтага дня дзеці ішлі два гады. Разам з сястрой Марынай Брылёнак з Варапаева яны вывучалі асновы веры, малітвы, Божыя запаведзі, рыхтаваліся да двух святых сакрамэнтаў — святой споведзі і Эўхарыстыі.
Падчас урачыстасці хваляваліся ўсе: і дзеці, і іх бацькі. Асабліва гэта адчувалася падчас бацькоўскага благаслаўлення. Але найбольш хвалюючым момантам стала прыняцце першай Камуніі.
У правядзенні святой Імшы дзеці прымалі самы актыўны ўдзел — чыталі слова Божае, спявалі псальмы, прыносілі дары да алтара…
Цяпер у дзяцей так званы белы тыдзень — яны штодня ў гэтай жа ўрачыстай белай вопратцы ўдзельнічаюць у святой Імшы. Кожны дзень яны атрымліваюць карысныя для іх духоўнага жыцця рэчы: ружанцы, малітоўнікі, памяткі…
«Вялікі дзякуй усім, хто дапамог дзецям дайсці да гэтай урачыстасці, — адзначыў ксёндз Мікалай Ліпскі. — У першую чаргу бацькам, таму што менавіта яны вучаць дзяцей маліцца і верыць. Сям’я — гэта Хатні Касцёл, дзе распачынаецца шлях да Бога…»
У сваю чаргу, бацькі дзяцей шчыра падзякавалі святару за гэтае вялікае свята. Іна Сняжкова
|
Фотарэпартаж |