Каб помнілі… Дзеці з Віцебшчыны наведалі Катынь |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
19.06.2012 17:35 |
На тэрыторыі любой дзяржавы ёсць месцы смутку і жалю, месцы, на якіх мімаволі задумваешся пра хуткаплыннасць зямнога жыцця, пра чалавечую жорсткасць, скалечаныя лёсы, мукі нявінных людзей. У Беларусі сімвалам масавага знішчэння мірнага насельніцтва стала Хатынь, у Расіі ёсць вёска з назвай, якая адрозніваецца толькі на адну літару, — Катынь. Катынь атрымала сумную славу як месца масавага забойства грамадзянаў Савецкага Саюза і Польшчы ў 30-40-х гадах ХХ стагоддзя. Катынскі лясны масіў стаў сімвалам мучаніцтва. А ў 2000 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзяржаўнага мемарыяльнага комплекса «Катынь» — першага ў Расіі міжнароднага помніка ахвярам палітычнага самавольства сталінскай дзяржавы. Арганізатарамі і інвестарамі будаўніцтва Мемарыяла выступілі Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Савет па захаванні памяці, барацьбы і мучаніцтва Рэспублікі Польшча. 17 чэрвеня мемарыяльны комплекс наведалі дзеці з Віцебскай дыяцэзіі. Спачатку мы аглядзелі пахаванні на расійскай частцы мемарыяла, прайшлі па мосцікам, узведзеным над магіламі забітых. На польскіх могілках пакланіліся магілам з парэшткамі польскіх афіцэраў, маліліся ля алтарнай групы, званілі ў жалобны звон. На заканчэнне азнаёміліся з таварным вагонам, на якім перавозілі рэпрэсаваных, і з экспазіцыяй у павільёне галоўнага ўваходу, выкананым у выглядзе двух магільных курганаў, злучаных паміж сабою шклянымі брамамі, якія сімвалізуюць крохкую мяжу паміж сучаснасцю і светам мінулага, светам жывых і светам памерлых, якія перасцерагаюць нашае і будучыя пакаленні ад падобных ліхадзействаў. 18 кіламетраў да Смаленска праляцелі незаўважна і перад намі паўстала панарама цудоўнага горада. Горада, што патанае ў зеляніне алей і паркаў, здзіўляе веліччу святыняў і магутнасцю муроў і вежаў старажытнага Крамля. Абзорная экскурсія па гораду заняла каля 3 гадзін і, безумоўна, гэтага часу было мала, каб убачыць усе яго славутасці, аднак і тое, што мы ўбачылі, будзе бударажыць нашу памяць доўгі час. Дзмітрый Шах |
Фотарэпартаж |