Духавенства Пастаўшчыны дапамагае школьнікам знайсці сэнс жыцця |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
24.09.2012 15:46 |
У рамках тыдня прафілактыкі выпадкаў суіцыду сярод дзяцей і моладзі ў школах г. Паставы прайшлі сустрэчы вучняў з духавенствам хрысціянскіх супольнасцей. Каталіцкі бок на сустрэчах прадставіў дыякан Даніла Мыслянцавы. Статыстыка паказвае, што Беларусь уваходзіць у лік краін з найбольшай лічбаю самагубстваў, асабліва моладзі і дзяцей. На вырашэнне гэтай нялёгкай праблемы першымі павінны выходзіць не толькі бацькі, блізкія і родныя людзі, але таксама школьныя псіхолагі, настаўнікі. Тыдзень па прафілактыцы суіцыдаў у Паставах зрабіў магчымым сустрэцца вучням сярэдніх навучальных устаноў з дыяканам Данілам Мыслянцавым, які ў сяброўскай атмасферы распавёў пра духоўныя каштоўнасці чалавека, якія надаюць жыццю шматграннасць і мэтанакіраванасць. Як адзначыў дыякан, нават чалавек няверуючы можа жыць паводле такіх каштоўнасцяў, а менавіта праз любоў да бліжняга, дапамогу патрабуючым, самаадданую працу і, перадусім, самапавагу. Быць сапраўдным чалавекам, заўважыў айцец Даніла, гэта значыць памятаць пра тое, што ты непаўторны цуд, які ўчыніў дзеля вечнага шчасця найбольш геніяльны Творца — наш Бог. Ён падрыхтаваў для кожнага чалавека план, добрая рэалізацыя якога вядзе да святасці, да вечнага прабывання ў Небе. Аліна Васевіч |