Агульная аўдыенцыя 26 чэрвеня была апошняй перад летнім перапынкам. Аб гэтым паведаміла Прэфектура папскага дому. У тры першыя нядзелі ліпеня Святы Айцец будзе сустракацца з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» (7 і 21 ліпеня на плошчы св. Пятра, 14 ліпеня ў Кастэль Гандольфа), а 22 ліпеня накіруецца ў Бразілію на Сусветны дзень моладзі.
24 чэрвеня Святы Айцец сустрэўся з прадстаўнікамі «Яўрэйскага камітэта па міжрэлігійных кансультацыях». У ходзе сустрэчы Папа назваў іх «старэйшымі братамі», «дарагімі хрысціянскай традыцыі», і адзначыў, што ў першыя дні Пантыфікату сустракаўся з «выбітнымі постацямі яўрэйскага свету», аднак сённяшняя сустрэча стала першай магчымасцю пабачыцца з афіцыйнай групай прадстаўнікоў супольнасці.
«Ці гатовы мы быць хрысціянамі пастаянна, сведчачы пра гэта словам і справай?» — з такім запісам звярнуўся Святы Айцец Францішак у «Твітэры» 24 чэрвеня.
23 чэрвеня папа Францішак прывітаў дзяцей, якія прыбылі да яго з Міланa, Балонні і Фларэнцыі. «Дзіцячы цягнік» выправіла ў падарожжа Папская рада па культуры, жадаючы такім чынам дапамагчы дзецям з псіха-сацыяльнымі праблемамі знайсці шлях да сябе, іншых і акружаючага свету праз дыялог з прыгажосцю. Каля 300 дзяцей і каля 160 іх апекуноў на працягу падарожжа ўдзельнічалі ў развіваючых майстар-класах, сустрэчах і забавах.
«Калі мы знайшлі ў Езусе сэнс нашага жыцця, мы не можам быць абыякавымі да тых, хто пакутуе і сумуе», — такія словы скіраваў папа Францішак 22 чэрвеня да сваіх чытачоў у «Твітэры».
Любоў да Хрыста, Касцёла і чалавека – тры фундаментальныя рысы, якія характарызуюць Паўла VI, — адзначыў Святы Айцец Францішак падчас сустрэчы з пілігрымамі з італьянскай дыяцэзіі Брэшыа. 22 чэрвеня каля 5 тысяч вернікаў прыбылі ў Рым з родных мясцін Паўла VI, каб адзначыць 50-ю гадавіну яго абрання на Пасад св. Пятра.
21 чэрвеня Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 150 папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія працуюць у розных краінах свету. У сустрэчы з Папам удзельнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
«Хрысціяне гатовы абвяшчаць Евангелле, бо яны не могуць схаваць радасць ад пазнання Хрыста», — з такімі словамі звярнуўся Святы Айцец Францішак 19 чэрвеня да сваіх чытачоў у «Твітэры».
20 чэрвеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 38-й канферэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), якая праходзіць у Рыме. У прамове Пантыфік падкрэсліў, што, нягледзячы на павышэнне аб’емаў вытворчасці прадуктаў харчавання, мільёны людзей працягваюць паміраць ад голаду.
Папа Францішак заклікаў дапамагчы сірыйскаму народу і выразіў заклапочанасць насіллем і небяспекай, якія спадарожнічаюць жыццю хрысціян у Святой Зямлі. 20 чэрвеня Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 86-й сесіі Пленарнай асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO), якая праходзіла ў Рыме.
Падчас агульнай аўдыенцыі 19 чэрвеня папа Францішак нагадаў, што 20 чэрвеня будзе адзначацца Сусветны дзень бежанца. Сёлета ён прысвечаны сем’ям, якія былі вымушаны паспешна пакінуць родную зямлю, згубілі сваю маёмасць і бяспеку, уцякаючы ад насілля, пераследу, цяжкай дыскрымінацыі з прычыны вызнаванай веры, прыналежнасці да пэўнай этнічнай групы ці з палітычных прычын.
17 чэрвеня папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Рымскай дыяцэзіі. Падчас сустрэчы, між іншым, Пантыфік назваў хрост «сапраўднай рэвалюцыяй» і адзначыў, што ў гісторыі было шмат рэвалюцыянераў, але ніхто не змог зрабіць рэвалюцыі падобнай да той, якую прынёс Езус.
Папа Францішак перакананы, што чалавецтва можа эфектыўна супрацьстаяць злачыннасці без выкарыстання смяротнага пакарання. Аб гэтым гаворыцца ў тэлеграме да ўдзельнікаў V Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання, які прайшоў у Мадрыдзе (Іспанія).
У новым запісе ў «Твітэры» 17 чэрвеня папа Францішак звяртае ўвагу на адносіны паміж людзьмі і на тое, што такое хрысціянская любоў. «Ты злуешся на кагосьці? Маліся за гэтага чалавека. Менавіта гэта хрысціянская любоў», — так гучаць словы Святога Айца.
«Няхай Касцёл заўсёды будзе месцам міласэрнасці і надзеі, дзе кожнага вітаюць, любяць і прабачаюць», — такое пажаданне выказаў папа Францішак у сваім новым запісе ў «Твітэры», зробленым 16 чэрвеня.